Канцэрт Tonqixod і Sciana
У Мінск з сольным канцэртам едзе берасцейскі гурт Sciana. У вечарыне таксама возьме ўдзел «ар’ергарднае трыё» Tonqixod на чале з Уладзем Лянкевічам. Sciana будзе прэзентаваць EP «Новая хваля», што была нядаўна прэзентаваная ў сеціве. Зараз берасцейцы сканчываюць працу над студыйным альбомам, а таксама здымаюць кліп на адну з песен ды рыхтуюць цікавы дуэт. На сваім рэдкім канцэрце ў Менску ў межах праекту «Жывы Тузін» яны прадставяць праграму з зусім свежых і вядомых твораў, якія цяпер гучаць у новых аранжыроўках. Sciana цяпер спалучае рок-гучанне з электроннай музыкай.
Гурт Tonqixod, што будзе падтрымліваць берасцейцаў, прадставіць публіцы сваю дэбютную праграму. Гурт сабраўся два гады таму, але актыўна стаў выступаць толькі сёлета. Музыкі раяць слухаць іх менавіта ўжывую, бо «наяўныя дэмкі аніяк не перадаюць атмасферы жывога выступу з заўважным імправізацыйным элемэнтам». Лідар праекту Ўладзь Лянкевіч кажа, што граюць яны ў стылі «ар’ергард» і ўдакладняе:
«У складзе нашай каманды тры чалавекі з вялікай разбежкай у густах і прэферэнцыях, што ў выніку выліваецца ў адметнае гучанне каманды. Я не вялікі тэарэтык, але можна сказаць, што ў самым шырокім сэнсе ў нас атрымліваецца арт-рок».

Імпрэза адбудзецца 30 траўня ў Loft cafе (вул.П.Броўкі, 22). Пачатак: 19:00. Квіткі: 80 000. Замовіць столік: +375 29 38 000 10. Даведкі: + 375 29 687 20 93.