На выступ на вуліцы Карла Маркса ў Менску ўжо болей за 60 заявак

З 12 траўня вуліца Карла Марксе ў Менску зноўку стане часткова пешаходнай. На ёй адновяцца выступы вулічных музыкаў, а таксама з’явяцца рамесныя лаўкі і іншая інфраструктура. Фармат троху памяняюць у параўнанні з мінулым годам, але тое не спыняе музыкаў і іншых творцаў: яны падалі ўжо болей за 60 заявак на ўдзел у праекце.


У мінулым годзе на канцэрты беларускіх музыкаў на Карла Маркса маглі завітаць не толькі мінакі, але і аўтазакі. Так здарылася ў час выступу гурта «Рэха» ў чэрвені 2012

Заяўкі на выступ на вуліцы Маркса па выходных вечарах адміністрацыя Ленінскага раёну Менска збірае ў звычайнай старонцы ў сацыяльнай сетцы Vkontakte. Там жа можна пакінуць ідэю для назову першага менскага фестывалю вулічных тэатраў, што мусіць адбыцца ў верасні.

«Гэта першы такі вопыт у горадзе. Спачатку гулянні збіралі зусім не шмат людзей, але ўжо ліпень і жнівень паказаў, што праект запатрабаваны. Вядома, былі пэўныя недахопы ў арганізацыі працы, пры адкрыцці наступнага сезону мы іх улічым», — казала адна з арганізатарак праекту, кіраўніца аддзелу культуры адміністрацыі Ленінскага раёну Аксана Нікіціна.

Гуляць і слухаць музыкаў можна будзе не на ўсёй вуліцы, а толькі ў яе частцы. У мінулым годзе ад руху транспарту пазбаўлялі кавалак Маркса ад Валадарскага да Камсамольскай. І толькі па выходных. Галоўная змена гэтага году — на Маркса не пусцяць «гучных» музыкаў з вялікімі калонкамі. У асноўным на адзінай пешаходнай вуліцы Менска будзе гучаць толькі акустыка, бо жыхары вуліцы скардзіліся на музыку амаль усё папярэдняе лета.

Улады паспрабуюць палепшыць інфраструктуру вуліцы: будзе прадавацца болей тавараў, у тым ліку і хэнд-мэйд. Але будзе і міліцыя.

Надта ж «гучных» музыкаў накіруюць падалей ад цэнтра ў парк «Дрымлэнд». Ён таксама збірае заяўкі на ўдзел сярод музыкаў, што хочуць выступіць пад адкрытым небам. Выступы «Дрымлэндзе» будуць праходзіць з траўня па верасень у межах праекту пешаходнай вуліцы К. Маркса. Парк абяцае прадставіць апаратуру.

Карла Маркса зноўку стане пешаходнай у нядзелю, 12 траўня 2013 году.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0708 seconds.