З опернага спявака ў «Вурай»

Новая праграма «Вэлытай-вэлытай» прагучала суботнім вечарам у галерэі-бары NEWDAY. Менскі гурт быў заснаваны тры гады таму музыкамі з FratreZ, які ў сваю чаргу нарадзіўся ў сценах Акадэміі музыкі. «Вурай» зрабіўся вядомым як музычна-вандроўны аркестрык, кожны выступ якога нагадвае хутчэй тэатральнае прадстаўленне, чым канцэрт. Нядаўна музыкі з’ездзілі ў экспедыцыю на Палессе і зрабілі цалкам новую праграму, заснаваную на народных песнях.

«Зараз нешта ў нашай музыцы адбываецца, мы самі не ведаем, куды нас нясе. У нас ёсць праграма "Казкі, песенькі і танцы", яна па-дзіцячаму вясёлая. А зараз мы ўжо падраслі трошкі і ў нас новая праграма. Народныя песні —  гэта такі скарб, якога хопіць яшчэ надоўга, яшчэ можна находзіць, з гэтым нешта рабіць, гэта бясконцыя крыніцы. Мы прэзентавалі сёння ўсім новыя песні і не ведалі, як публіка ўспрыме, бо ўсе памятаюць нас такім казачнікамі, якія расказваюць гісторыі пра істот розных», — кажа лідэр гурта Сяржук Гаюн.

Але ж публіка прыняла добра, давялося выходзіць на «біс». Прысутныя танчылі і развучыўшы некаторыя песні, разам з салістам іх праспявалі. Сказаць, што музыкі робяць цікавую музыку, значыць нічога не сказаць. У іх надзвычайныя, месцамі пякельныя, месцамі пяшчотныя матывы ў спалучэнні з віртуознай ігрой на інструментах. Да гэтага можна дадаць яшчэ і шыкоўны вакал, чаго так не стае вялікай частцы беларускіх музыкаў. І не дзіўна, бо большасць удзельнікаў гурта «Вурай» — прафесіяналы, а саліст Сяржук Гаюн у свой час ператварыўся з опернага спявака ў «басаногага валацугу».

«Адчуваў, што не маё, не ад душы. Для мяне, галоўнае, калі спяваеш, каб голас ад душы быў. А там было мэтай перакрычаць аркестр».

На канцэрце музыкі паспрабавалі сумясціць традыцыі і сучаснасць, запрасіўшы аўтэнтычны гурт «Горынь», дзяўчыны з якога пад здзіўленыя погляды людзей, спяваючы песню, пакінулі залю. Там, дзе прысутнічае гурт «Вурай» сумаваць не даводзіцца, будуць і жарты, і падарункі, і танцы. 

«Я бачыў твары людзей на нашых канцэртах, яны дзякуюць. Ну не хапае нам такога нечага вясёлага, усё навокал сур’ёзна, драйв, хардкор, а вось казачкі — гэта нейкая аддушына, можна адчуць сябе дзіцёнкам, пагуляцца ў нешта чароўнае. Да таго ж у нас дужа багатая міфалогія, аднак яе не ведаюць. Усе ведаюць толькі Бабу Ягу, а хто такі Зюзя ці Баламут, не. Але ж нашыя слухачы ўжо знаёмыя з імі», — кажа Сяржук.

Назоў гурта «Вурай» абазначае, са словаў, музыкаў «нейкае чароўнае месца, куды ўсе імкнуцца», гэта такі палескі варыянт слова «вырай». 

Фотарэпартаж з канцэрту  

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0674 seconds.