Наста Паламар. Адвакатам я не буду, не ў нашай краіне

Фронтвумен брутальнага гурта Exist M марыла стаць адвакатам, бо ў кіно паказвалі, як яны змагаюцца са злом. Аднак, трапіўшы на практыку ў беларускі суд у гарачы сакавік 2006-га, была, «мякка кажучы, расчараваная». Цяпер гэта мілая дзяўчына ўдзень працуе юрыстконсультам, а ўвечары спявае гроўлам у метал-гурце, які днямі выпусціў дэбютны альбом пра Волю, Боршч і Pigs' Revolution. Наста Паламар у серыі «Кім я стану, калі вырасту» распавядае, чаму не хоча спяваць па-руску, як марыла вяршыць справядлівасць, і чаму цяжка не распусціць рукі ў краіне, дзе «ўсё па панятках».

Нічога падобнага дагэтуль не чула

У мяне была файная настаўніца англійскай мовы, яна паставіла неяк нам дзве песні і сказала «Зараз вы іх праслухаеце, а потым скажыце, пра што яны». Адна з іх была Aerials гурта System Of A Down. Я тады вельмі ўразілася, бо нічога падобнага дагэтуль не чула.

«Выйшла дзяўчынка гарлапаніць»

Не люблю, калі пра мяне кажуць «Вось выйшла дзяўчынка і пачала гарлапаніць». А гроўл — гэта таксама спеў, гэта адзін са спосабаў вымання гуку. Так што ён таксама мае права на жыццё. 

Захапіць планету

Пасля дзявятага класа з сяброўкай зрабілі гурт. У нас не было глабальнай мэты захапіць планету, зрабіцца супер-зоркамі, гэта было проста дзеля фану. Мы знайшлі двух хлопцаў, якія гралі на інструментах. А паколькі я граць не ўмела, то вырашыла спяваць, вучыцца спяваць жа не трэба. Гэта я тады так думала. З цягам часу я зразумела, што гэта тое, чым я хачу займацца.

«Буду з вамі граць, калі вы мне купіце квіток на канцэрт»

Мы тады гралі панк. Басіста купілі за 20 тыс. Пасля першай рэпетыцыі ён неяк не асабліва захацеў з намі граць, яму болей метал падабаўся, але тут такія дзве чароўныя дзяўчынкі і адмаўляць не хочацца. Ён доўга думаў, а потым сказаў «Я буду з вамі граць, калі вы мне купіце квіток на канцэрт».

Нават не павіталася

Бубнач кажа: «У мяне ёсць знаёмы гітарыст, давайце яго паспрабуем». А мне гэта не падабалася, бо ў мяне былі свае людзі на гэта месца. Але ён настаяў на сваім. І калі той гітарыст прыйшоў, я нават з ім не павіталася. Але ў выніку той хлопец і цяпер з намі.

«Гэта какашка»

Заўжды знойдуцца крытыкі. Я добра стаўлюся да канструктыўнай крытыкі. Але ж знойдуцца людзі, якія скажуць, што гэта «какашка» — проста так, не аргументуючы. У кожнага ж сваё меркаванне.

Не хачу спяваць па-руску

Мы не думалі спяваць на беларускай, таму што гэта модна. Гэта насамрэч цяпер мода пайшла такая. А спяваем, таму што я з Беларусі і я беларуска. Ужо размаўляю па-руску, ладна. Але я беларуска, і спяваць буду па-беларуску. Гэта не нейкі негатыў, я проста не хачу спяваць па-руску і ўсё. Мне падабаецца беларуская мова. «Не забывайце мовы роднай, каб не ўмёрлі». Вось не буду забываць хаця б такім чынам. Я размаўляю па-руску, бо прызвычаілася. Не хачу нікога вінаваціць, як зараз у нас некаторыя робяць. Кажуць, у нас не часта можна пачуць беларускую. А я часта чую, дык можа я не тыя месцы наведваю?! Я за тое, каб мы ўсё ж такі прышлі да таго, каб беларусы размаўлялі па-беларуску, рускія — па-руску, італьянцы — па-італьянску і г.д. 

Замежны рынак і ўсё такое

Я і па-англійску спяваю таксама. І гэта не было маркетынгавым ходам, проста я скончыла школу з англійскай мовай. Гэта цяпер я разумею, што гэта не дрэнна: замежны рынак і ўсё такое. 

Бацькі на мэтал-фэсце

Мая дзейнасць — гэта таксама самавыяўленне. І далёка не самая горшая яго форма. Мама мяне заўсёды падтрымлівала, і тата таксама. І ўвогуле, калі мы ўдзельнічалі ў мэтал-фэсце, яны прысутнічалі і нават галасавалі. Але мама марыць аб тым дні, калі я заспяваю чыстым голасам. 

Двойкі па паводзінах

У школе любіла біялогію і геаграфію вельмі. А яшчэ быў цудоўны прадмет — гісторыя. Гэта быў урок, з якога я сама сыходзіла і арганізоўвала прагулы ўсяго класа. Ну і адпаведна ставілі двойкі па паводзінах. Хаця гісторык пасля майго заканчэння ставіў мяне ў прыклад.

Металёвыя тусоўкі

Молада-зелена, тусавацца хочацца, а ўсе металёвыя тусоўкі ўначы. Непаўнагадовая — трэба быць дома а дванаццатай. Як так? А там жа хлопцы слухаюць металёвую музыку, нам з імі цікава. Таму бывала з міліцыяй шукалі. 

«Хочаш зарабляць — атрымай адукацыю»

Пасля дзявятага класа я вырашыла атрымліваць хутчэй адукацыю. Мне надакучыла сядзець на шыі ў бацькоў. Логіка была вельмі простая: «хочаш зарабляць — атрымай адукацыю», таму што «без бумажки ты какашка», і чым хутчэй я атрымаю адукацыю, тым хутчэй уладкуюся на працу. Я і паступіла ў юрыдычны коледж. 

Вяршыць справядлівасць

Пачалося яшчэ з прагляду фільмаў. Адвакаты, яны вяршылі ўсё, яны змагаліся са злом — і справядлівасць перамагала. Я хацела вяршыць усё гэта. У сакавіку 2006-га я праходзіла практыку ў судзе і зразумела, што гэта не маё. Мякка кажучы, я была расчараваная. І тады я зразумела, што адвакатам я дакладна не буду, не ў нашай краіне. Аднак вырашыла давучыцца.

Зайздрошчу людзям, якія не шкадуюць ні аб секундзе свайго жыцця

Аб атрыманай адукацыі я не шкадую, юрыдычная адукацыя ніколі не будзе замінаць, а вось аб змарнаваных гадах — вельмі. Зайздрошчу людзям, якія не шкадуюць ні аб секундзе свайго жыцця. Калі б у мяне была магчымасць, я б абрала нейкую творчую адукацыю.

Вялікі талент патрабуе вялікай працы

Я займалася працяглы час эстраднымі танцамі, а ў пачатковай школе я наведвала хор. У каледжы давялося абіраць паміж танцамі і вучобай, бо танцы былі на дастаткова прафесійным узроўні. Я доўгі час спрабавала сумяшчаць, былі праблемы, хацелі адлічваць з каледжу. Але вялікі талент патрабуе вялікай працы, таму я кінула танцы. А трэба было слухаць сваё сэрца. 

Мой дзіцёнак

Некаторыя неяк дзіўна ставяцца, маўляў «Вы там дыск запісваеце, а чаму так доўга?» Таму што гэта вялікая праца. Таму што гэта цяжка сумяшчаць з прафесійнай дзейнасцю, якая прыносіць табе прыбытак. А прыходзілася чуць такія крыўдныя рэчы кшталту «Падумаеш! Гэта ў цябе яшчэ дзіцяці няма!» Гэта і ёсць мой дзіцёнак, які вось зараз устае на ногі і за ім трэба нашмат болей даглядаць. Перспектывы я б таксама вельмі хацела. Я б вельмі хацела збіраць стадыёны. І мы да гэтага ідзём, цвёрда, упэўнена.

Самае чыстае і светлае

Я перакананая атэістка. Я вырасла ў сям’і, якая не прытрымлівалася ніякай рэлігіі. Я веру ў сяброўства. Гэта тое, што дае мне сілы. Гэта самае чыстае і светлае, што для мяне ёсць. Хаця гэта таксама вера, напэўна, тады я не чыстая атэістка. 

Першыя грошы

Першыя грошы зарабіла на тым, што касіла газон у суседзей. Цэлых 5 даляраў. 

Вогнішча, трэш-угар і ўсё такое, але ніякага алкаголю

Я вырасла ў сям’і турыстаў. Мае тата і маці пазнаёміліся ў турпаходзе. Таму любоў да вандровак перадалася ад іх. Я закахалася ў Крым з першага позірку. Гэта тое месца, дзе мне хацелася ўзляцець, разбіцца і ўдыхаць усё скурай. Неяк таксама ездзілі ў паход з сябрамі на Прыпяць: вогнішча, трэш-угар і ўсё такое. І заўважце: ніякага алкаголю і забароненых прэпаратаў. Трэба кайфаваць ад самога жыцця, ад прыроды. 

Нават з рыбамі не параўнаеш

Вельмі раздражняе абыякавасць. Цяжка з гэтым мірыцца. Але што зробіш, усе мы розныя. Мала, а хутчэй за ўсё, і поўная адсутнасць у нашых людзей ідэйнасці і нейкай вызначанасці. Мне не падабаецца ў нашым грамадстве, што большасць людзей плыве па плыні. Іх усё задавальняе. Яны як рыбы, не, нават з рыбамі не параўнаеш, вунь ласось і той супраць плыні ідзе. Не люблю слова «існаваць», люблю слова «жыць». Існаваць — гэта для раслін. Форма амёбы мне не па душы.

Цяжка не распусціць рукі

У нас усё настолькі сумна, што не трэба далёка хадзіць, каб знайсці прыклады. Мне дастаткова спусціцца ў метро, зайсці ў транспарт, выйсці на вуліцу. Я ледзьве стрымліваю сябе, каб не ператварыцца ў тое самае, але тое самае мне, вядома ж, не пагражае. І стрымліваць сябе вельмі цяжка, цяжка не распусціць рукі. Мне цяжка, бо я вельмі імпульсіўная і эмацыйная. Але я лічу сябе культурным чалавекам, таму да гэтага даходзіць не вельмі б хацелася. А яны ўсе так і хочуць, проста просяць.

«Чалавек чалавеку воўк»

Раздражняе амёбнасць, злосць. Гэтая  злосць з’явілася апошнія некалькі гадоў. Я ўзгадваю год свайго паступлення. Мы пісалі тэст, сядзелі па адным. І як не дзіўна, людзі спрабавалі дапамагчы суседу. І гэта было натуральна і шчыра. Памятаю, што адзін з тых, хто сачыў за ходам ЦТ, сказаў «Вы што? Чалавек чалавеку воўк! Што ж вы робіце?!» Я тады схапілася за галаву і падумала «Божа мой, які жах». Я была ў шоку, мы ж усе браты і сёстры. На сённяшні дзень ён мае рацыю. Знаходзяцца такія людзі, і іх не мала, калі нейкі чалавек не вельмі прыемнага выгляду, папросіць банальна падказаць, як куды-небудзь прайсці, а людзі нават не спыняцца. Чэрствасць. 

Усё «па панятках»

Я неяк была на фэсце «Рок за бобров» і калі яго параўноўваць з Басовішчам, то робіцца проста смешна. На «Басах» палаткі з алкаголем стаялі проста каля сцэны, тым не менш, я не бачыла п’яных боек ці разборак. А ў нас неяк усё «па панятках». 

Не хапае цеплыні

Панятак «беларус» вельмі складаны. Для большасці людзей, гэта проста геаграфічны панятак, маўляў, я беларус, бо жыву ў Беларусі. Для мяне ў першую чаргу, гэта Радзіма. І мне б хацелася вельмі ганарыцца, і ганарыцца ў першую чаргу тым вяртаннем да вытокаў, вяртаннем да адкрытасці, лагоднасці, гатовасці дапамагчы. Мне падаецца мы гэта неяк губляем. Мне не хапае цеплыні ад наваколля. 

Змагацца за сябе

Я лічу сябе асобай, а там, хто як думае — гэта іх праблемы. Трэба змагацца за сябе.

Іван Шыла. Быў маленькі ды рамантычны, а цяпер я больш цынічны
Віталь Рыжкоў. Мама, адстань ад мяне, я яшчэ пажыву хістаннямі
Алесь Кот-Зайцаў. Чым больш свабодна жывеш, тым больш намаганняў цябе прыціснуць


Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.1245 seconds.