«Чаму мне абрыдла быць беларускамоўнай»

беларускамоўная

Гэта эсэ — ня выклік грамадзтву, ня спроба прыцягнуць гнеў, гэта эсэ — проста споведзь, шчырая і праўдзівая пра тое, што значыць быць беларускамоўнай у Беларусі.

Рэакцыя пасажыраў

Перайшла я на беларускую мову некалькі гадоў таму, пасьля прыезду ў Менск. Выгадаваўшыся ў расейскамоўнай сям’і, скончыўшы самую звычайную школу, якая ня надта вылучалася нейкім надзвычайным стаўленьнем да беларускай мовы, я паступіла ў менскі ўніверсітэт, які зрэшты таксама асабліва не адзначаўся сваёй любоўю да мовы. Не магу ўзгадаць дакладна той момант, калі я закахалася ў беларускасьць, але памятаю, што прыйшло гэта пасьля прачытаньня адной паэмы беларускага паэта.

Памятаю пераломны момант, калі я ўжо крыху пазнаёміўшыся з беларускамоўным асяродкам, ехала ў аўтобусе, а побач хлопец зь дзяўчынай пра нешта спрачаліся па-беларуску. Памятаю, як мяне тады ахапіла неверагодная зайздрасьць да іх, як я з заміраньнем сэрца слухала іх мову і назірала за рэакцыяй пасажыраў. Ува мне зьявілася тады такое дужае падлеткавае жаданьне вылучацца сярод астатніх, быць непадобнай, што, калі выйшла з аўтобуса, вырашыла назаўсёды перайсьці на беларускую. Празь некаторы час спраўдзіла сваю запаветную мару. Хадзіла ў крамы ды шапікі і са сьмеласьцю прамаўляла: «Скажыце, калі ласка, апошняга нумару гэтага часопіса няма?», а мне ў адказ радаснае беларускае «Няма». І, памятаю, як задаволена, з пачуцьцём уласнай годнасьці ішла далей. Памятаю, як чула такія жаданыя для мяне выгукі «деревенские приехали, даже говорить не научились», «Іш, апазіціянерка какая-та», а ў адказ толькі ўсьміхалася, і як любіла перакладаць беларускія словы прадавачкам ды афіцыянткам.

Простыя словы

Прайшло некалькі год беларускамоўнага жыцьця, запал згас, а ад былога падлеткавага жаданьня не засталося нічога, няма больш прагі быць непадобнай, зьнікла жаданьне выклікаць цікаўнасьць. Цяпер я імкнуся меней размаўляць з тымі, хто патэнцыйна беларускую не разумее, і выкарыстоўваць самыя простыя і зразумелыя для іх словы. Мне ўжо так абрыдла вылучацца і назіраць за рэакцыяй суразмоўцы, якую я магу зь лёгкасьцю прадказаць, толькі зірнуўшы на яго. Мне абрыдлі фразы

«вы, наверное, будущий учитель белорусской литературы», 

«гэта ж бэнээфаўка нейкая», 

«вы мабуць зь дзярэўні прыехалі на сесію».

Мне да сьлёз робіцца крыўдна, калі мяне просяць перакласьці беларускае слова, і мяне цягне на ваніты, калі я бачу зьдзіўленьне на тварах суразмоўцаў. А калі я чую ад самых блізкіх мне людзей «фу какой некрасивый язык, ну что это за слово», ува мне змагаюцца жаданьне трэснуць па іх галаве чым-небудзь і жаданьне замаўчаць назаўжды, больш ніколі зь імі не весьці гутарку. Калі нельга гутарыць па-беларуску, то нельга гутарыць наогул.

Але хандра праходзіць і я зноўку і зноўку пачынаю чытаць лекцыю пра беларускую мову, доўгую, непатрэбную лекцыю, асуджаную з самага пачатку на неразуменьне. Цікаўныя пытаньні кшталту

«Ой! А давно говориш по-белорусски? А как родители? Друзья?»

выклікаюць у мяне адначасова і лютае раздражненьне і няўцямную няёмкасьць, ад якой тэрмінова карціць пазбавіцца. Раней мне падавалася, што трэба сьмела несьці мову ў масы, а не замыкацца ў вузкім коле беларускамоўных людзей, што трэба распаўсюджваць мову, папулярызаваць яе.

Адзіная дыскрымінацыя, якую я калі-небудзь у жыцьці адчувала

Але зараз я разумею, што гэта задача толькі моцных духам людзей, што мне абрыдла быць беларускамоўнай, калі ўсе навокал размаўляюць па-расейску. Гэта самая вялікая дыскрымінацыя, якую я адчувала ў жыцьці, ды ўвогуле гэта адзіная дыскрымінацыя, якую я калі-небудзь у жыцьці адчувала. Людзі памылкова часьцяком зьвяртаюць увагу не на тое, ШТО сказана, а на тое, на якой мове гэта было сказана і зыходзячы з апошняга робяць свае дзівосныя высновы. А мне так хочацца, каб не зьвярталі ўвагу на вонкавую афарбоўку, а слухалі, пра што я кажу ці, прынамсі, разумелі, што кажу.

Кіроўцы маршрутак — гэта напэўна самы трапны прыклад, які зразумеюць усе беларускамоўныя. Калі менскіх кіроўцаў сталічныя змагары за мову ўжо пасьпелі адукаваць, то кіроўцам маршрутак у маленькіх гарадох яшчэ адукоўвацца і адукоўвацца. Ніколі яшчэ ў правінцыйным горадзе не спыняўся кіроўца маршруткі на патрэбным мне месцы, але я кожны раз ізноў з дальняга кутка маршруткі крычу:

«На наступным прыпынку, калі ласка!»

Ізноў ён не спыняецца, ізноў я паўтараю, і тут звычайна ўжо які-небудзь малады спадарожнік уцягваецца і тлумачыць кіроўцу, чаму я раскрычалася, і чаго я ў рэшце рэшт дамагаюся. А крыкнуць па-расейску я ўжо проста не магу, нават не тое, што не хачу, я ўжо проста не магу, бо падсела. Пачаўшы размаўляць на беларускай аднойчы, немагчыма потым адмовіцца ад яе. Не таму што ты ня хочаш, а таму што беларуская мова — гэта наркотык, яна ўжо цябе ніколі ня выпусьціць.

Калі я стаяла тады ў аўтобусе і слухала хлопца зь дзяўчынай, мне здавалася, што беларуская мова — гэта мова пісьменьнікаў, паэтаў, музыкаў, журналістаў, што яны ствараючы свае беларускамоўныя шэдэўры, не расстаюцца з мовай ні ўдзень ні ўначы.

Натуральна, у той час мне, наіўнаму рамантыку, і прыйсьці ў галаву не магло, што ўся беларуская мова многіх такіх талентавітых і яскравых творцаў сканчаецца на апошняй кропцы іхняга артыкулу, паэмы ці аповеду; на апошнім акордзе іхняй песенькі, на апошнім гуку іх радыёперадачы. Што тыя, хто так актыўна прапагандуе беларускую мову ў сваёй творчасці і працы, яе ў жыцьці не выкарыстоўвае і, што больш за ўсё абурае, некаторыя зь іх лічаць гэта цалкам нармальным, маўляў, я і так шмат зрабіў для беларускай мовы. І мне агідна чытаць радыкальна-нацыяналістычныя допісы такіх людзей пра мову, калі я дакладна ведаю, што ні ў цырульні ні ў кавярні яны і слова беларускага ніколі не вымаўлялі. 

Не магу ўявіць, як бы склалася маё жыцьцё, калі б мне, зялёнаму дзіцяці ў ружовых акулярах, тады ў аўтобусе расплюшчылі вочы і распавялі ўсю гэтую горкую праўду, паведамілі пра тое, што беларускамоўных напраўду нашмат меней, чым падаецца на першы погляд. Мне абрыдла адчуваць сябе нейкім змагаром і ламаць стэрэатыпы, якія не зьнікнуць дакуль усе гэтыя творцы не пачнуць выкарыстоўваць родную мову ў штодзённым ужытку. А пакуль беларускамоўныя людзі ўсяго толькі маленькія беленькія кропелькі на змрочнай чорнай тканіне, якія адчайна і безнадзейна спрабуюць перафарбаваць яе ў белы.

А мне абрыдла быць белай кропелькай на чорным, я хачу быць белай кропелькай на белым. Даслаўшы неяк дзелавыя паперы, якія былі цалкам аформленыя на беларускай мове, і атрымаўшы наступны адказ

«Как по мне, документы на белорусском языке не являются признаком хорошего тона. Жду русскоязычную версию».

У мяне на вачох паказаліся сьлёзы. Бо абразілі не маю мову, а мяне, таму што гэта — мая мова. Ня ведаю, якія якасьці характару неабходна прыдбаць, каб не зьвяртаць увагу на моўную дыскрымінацыю ў нашай краіне, мабыць, трэба быць жалезным чалавекам, а можа трэба проста жыць у якім-небудзь вольным паселішчы далёка ад цывілізацыі сярод такіх жа белых кропеляк, як і ты сам.

Ілюстрацыі: Animatarka

 


Стася Тэкоўская 16:04, 22.11.2012 | Дзённікі |




Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.0996 seconds.