На фолк-фэст «Камяніца» прыедзе расейскі гурт «Іван Купала»

Адмысловым госцем фолк-фестывалю «Камяніца», які адбудзецца 15 верасня пад Мінскам, будзе расійскі гурт «Іван Купала». На галоўнай сцэне таксама выступяць беларускія калектывы "Ліцвіны", "Юр'я", "Крамбамбуля", FolkRoll і Наста Някрасава.

Гурт "Іван Купала" з хітамі "Кострома" і "Коляда" пры канцы 90-х здзейсніў сапраўдную рэвалюцыю на постсавецкай музычнай сцэне, спалучыўшы электронныя аранжыраванні і карнявы фальклор. Але і пасля гэтага калектыў не стаяў на месцы – гэтым летам выйшаў трэці студыйны альбом "Купалы" пад назвай "Родина".

– У сваёй творчасці мы шмат выкарыстоўваем беларускія народныя песні – менавіта з іх большай часткай складаўся наш другі альбом "Радио Награ" (2002), таму запрашэнне з Мінска нас вельмі цешыць, – распавёў кіраўнік гурта Аляксей Румянцаў. – Новы альбом атрымаўся беларуска-ўкраінскім – мы працавалі з песнямі Палесся, у чым нам вельмі дапамагла вядомая фалькларыстка Зінаіда Мажэйка, якая жыве ў Мінску.

Фестываль у гэтым годзе будзе праходзіць з 12 да 21 гадзіны. На ім упершыню будзе працаваць сцэна аматарскіх калектываў. Гледачоў чакаюць традыцыйныя рамёствы, сярэднявечныя забавы, дэфіле і конкурс нацыянальных строяў, выставы фатографаў і мастакоў. Калі вы жадаеце ўзяць удзел у любым з гэтых напрамкаў, пішыце на адрас kamianicafest@gmail.com.

Месца правядзення – Музей народнай архітэктуры і побыту з пасёлку Азярцо (5 км. за аўтарынак "Малінаўка"), дзе сярод маляўнічых лугоў можна пабачыць сабраныя з усёй Беларусі драўляныя дамы і іншыя пабудовы 18-20 стагоддзяў. Усе грошы за ўваход атрымлівае музей, што дапамагае яму захоўваць экспанаты. Фестываль адбудзецца пры падтрымцы ААТ "Банк БелВЭБ".

Кошт квітка для дарослых складае 25 тыс. руб, для школьнікаў – 12,5 тыс. руб, для дашкольнікаў і гледачоў у нацыянальных строях – вольны. Даведка: (033) 673 83 97.

14:00, 30/08/2012 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0671 seconds.