Беларускія дыплёмы прызналі Кыргыстан і Таджыкістан

Беларускія дыплёмы аб сярэдняй, сярэдняй спэцыяльнай, вышэйшай адукацыі, а таксама вучоныя ступені кандыдата і доктара навук цяпер прызнаюцца ў Расеі, Казахстане, Кыргызстане і Таджыкістане. Гэта дазволіць ўладкоўвацца на працу паводле нацыянальных дыплёмаў усім грамадзянам краін Эўразэс у Беларусі.

Міністры адукацыі Беларусі, Кыргызстана, Расеі, Казахстана і Таджыкістана падпісалі пагадненьне, паводле якога дыплёмы, выдадзеныя ў любой зь пяці краінаў, узаемна прызнаюцца і даюць права для працягу навучаньня і працы ў дзяржаве кожнага з бакоў. Аб гэтым паведамляе «Российская газета».

Праўда, стандарты адукацыі ў краінах Эўразэс даволі моцна адрозьніваюцца. У Казахстане, да прыкладу, ступені доктара альбо кандыдата навук не прысуджаецца. Пасьля магістратуры можна атрымаць толькі дыплём доктара філязофіі і атэстат асацыяванага прафэсара. Прычым абарона дыплёма доктара магчымая толькі пры падвойным кіраўніцтве — прафэсараў з Казахстану і далёкага замежжа. Дыплямант таксама абавязаны свабодна валодаць ангельскай мовай. А ў Кыргыстане, па словах тамтэйшага міністра адукацыі, «ліквідаваныя практычна ўсе завочныя аддзяленьні ў ВНУ, паколькі яны не адпавядаюць сучасным стандартам адукацыі».

Цяпер у Беларусі не прызнаюцца дыплёмы аб вышэйшай адукацыі, выдадзеныя у большасьці краін Эўропы.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0883 seconds.