Студэнт з Азэрбайджану павесіўся ў інтэрнаце БДУ

У Менску ў інтэрнаце Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту № 1 на вуліцы Свярдлова знойдзены павешаным 23-гадовы студэнт з Азэрбайджану. Некаторыя ўласныя рэчы ён загадаў перадаць у дзіцячы дом.


У гэтым інтэрнаце БДУ жыў азэрбайджанскі студэнт. Фота БДУ

Хлопец навучаўся на чацьвёртым курсе гістарычнага факультэта БДУ.

«Труп мужчыны, які вісіць у пятлі, зробленай з электрычнага дроту, быў знойдзены суседам нябожчыка ў пакоі інтэрнату на вул. Свярдлова», — заявіў Інтэрфакс-Захад афіцыйны прадстаўнік упраўленьня Сьледчага камітэту Беларусі па Менску Аляксандр Герасімаў.

Сьледзтва разглядае розныя вэрсіі. Пры гэтым у міліцыі кажуць, што вэрсія аб забойстве маладога чалавека малаверагодная, паколькі пакой быў зачынены на ключ, а сьлядоў узлому не было.

«Сьлядоў гвалту на трупе не выяўлена. Найбольш верагоднай уяўляецца вэрсія самагубства», — паведаміў суразмоўца агенцыі.

«Асабістыя рэчы нябожчыка былі акуратна складзеныя, да іх скотчам прымацаваныя рукапісныя запіскі з загадам, каму і што неабходна перадаць. Адна з пакінутых нататак утрымоўвала тэкст: «Усе астатнія рэчы перадайце ў дзіцячы дом — бедным. Нічога не выкідайце і не зьнішчайце».

За некалькі дзён да сьмерці студэнт гістфаку пісаў у Vkontakte:

«Ведаеце якія адчуваньні ў мяне будуць пасьля атрыманьня дыплёма? „Гаспадар падарыў Доббі шкарпэтку! Доббі вольны!!!“»

Акрамя гэтага, на старонцы ў студэнта нямала допісаў кшталту „Самае лёгкае ў жыцьці — памерці, самае цяжкае — жыць!!!“ Не адзін раз азэрбайджанец прыгадваў у сваіх статусах праблемы ўзаемаадносінаў з жанчынамі.

Паводле прадстаўнікоў сьледзтва, знаёмыя нябожчыка казалі, што студэнт наведваў гульнявыя клюбы і цалкам мог прайграцца. Акрамя гэтага, каля двух гадоў таму ён ужо рабіў спробу самагубства з-за разладу ў стасунках з дзяўчынай, парэзаў сабе вены. Сусед па пакоі адзначыў, што ў апошні час нябожчык знаходзіўся ў прыгнечаным стане, пазьбягаў зносінаў, надоўга заставаўся адзін у пакоі.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0705 seconds.