Vinsent. Галоўнае — пераканаць, каб уласная праўда перамагла

Generation.by працягвае сэрыю інтэрвію з аднагодкамі пра мары дзяцінства, першыя прынцыпы і дасягненьні. Музыкант і актор Vinsent — ў рубрыцы «Кім я стану, калі вырасту».

Хацеў стаць цаглінкай

Я быў вельмі задзірлівы, асабліва ў малым узросьце. Хлопцы на ельніках заўсёды атрымлівалі ад мяне, а потым беглі да бацькоў жаліцца. Чаго толькі не было. Аднойчы падпалілі вялікую двухмэтровую кучу смалы і схаваліся на суседнім даху дому сачыць за тым, як яе пажарнікі тушыць будуць.

Шнары, канешне, ёсьць. Вось гэты я атрымаў пад час гульні ў хакей клюшкай. На жываце вялікі шнар — гэта я так няўдала ляцеў з дрэва аднойчы.

У дзяцінстве я хацеў стаць цаглінкай, мне гэта матуля распавядала. Жаданьне такое было да шасьці год.

Вельмі марыў мець фартэпіяна, але ж памеры пакояў не дазвалялі яму там зьмясьціцца. Таму я не хадзіў у музычную школу, але сыграць па нотах цяпер нешта магу.

Ну зусім жа ненармальна, калі беларус ня ведае сваёй мовы

Зь дзесяці год я пачаў цікавіцца дзяржавай, яе сымбалямі, ня толькі «Закатам над балотам», але ж і сапраўднымі гістарычнымі. Прыкладна ў гэтым узросьце ў мяне зьявіўся кампутар і доступ у інтэрнэт. Менавіта ён, з свабодай якую ён дае, зь цягам часу заахвоціў мяне разьбірацца ў тым, што ў нас адбываецца. Тым больш я хадзіў у школу, у якой усё выкладалася на беларускай мове, таму праблем і цяжкасьцяў, каб пачаць стала размаўляць на беларускай мове, я ня меў. Было б дзіўна іншае: калі б я гэтага не зрабіў. Ну зусім жа ненармальна, калі беларус ня ведае сваёй мовы.

Быць беларусам — гэта перадусім усьведамляць адказнасьць за Беларусь.

У жыцьці ты ў такія моманты адзін, а ў кіно яшчэ чалавек 30 на пляцоўцы

Новае амплуа — гэта класна, цікава. Увесь час знаходзісься ў асяродзьдзі прафэсійных актораў, выдатных асобаў. Набываеш вялікі досьвед і закалку. Даводзілася працаваць па 14 гадзін у суткі.

Граў музыкаў. Мне ў гэтым сэнсе не было цяжка. Але ж ніякая роля ня можа абсалютна адпавядаць табе. Гэта своеасаблівыя ўмовы. Табе іх паставілі: і ты, хочаш ня хочаш, а павінен граць.

У Viva Belarus было такое, што мне даводзілася бегчы амаль без вопраткі, у адной саколцы кілямэтраў пяць. Там будзе такі эпізод, які здымалі зімой, было вельмі халодна, і вось пяць кілямэтраў ты бяжыш, бяжыш, можаш у выніку захварэць, а хварэць нельга, бо назаўтра зноў здымаесься. А калі ты захварэеш, то падвядзеш яшчэ 30 чалавек.

У кіно ўсё як у жыцьці. Толькі там паказваецца незвычайная сытуацыя, на мяжы нармальнасьці. Ты можаш там бегаць голым па вуліцы, мыцца ў лазанцы, але ж у жыцьці ты ў такія моманты адзін, а ў кіно яшчэ чалавек 30 побач на пляцоўцы.

Калі здымаецца чатыры сцэны ў дзень, гэта зьмена настрояў, бо сцэны здымаюцца з розных частак фільма, і бывае вельмі складана выйсьці з аднаго стану, а тут адразу патрэбна прымяраць на сябе іншы, часам абсалютна супрацьлеглы.

Хацеў бы песень добрых напісаць

Музыка мне заўсёды падабалася. Як і ўсе падлеткі захапляўся рознымі субкультурамі. У 14 год напісаў свой першы верш, а потым неяк само сабой пайшло.

Як абіраецца кірунак музыкі, ніхто не адкажа. Усё зьмяняецца. Гэта тое, што адпавядае толькі табе, тваёй энэргетыцы. Стала музыкай я пачаў займацца ў 18 год.

Музыка — гэта арганізацыя, арганізацыя сябе і арганізацыя каманды. Зараз мы працуем з гуртом, нас 4 асобы, і кожную патрэбна арганізаваць, а музыкі, як правіла, людзі не арганізаваныя, трошкі ветраныя. Таму арганізацыя выклікае пэўныя складанасьці.

Часам гэта пераезды вялікія. Нядаўна ехалі ў бусе 20 гадзін, дык ледзь вытрымалі. Таксама фізычна ня вельмі лёгка выступаць. Асабліва калі некалькі канцэртаў запар, калі тры дні, то на трэці вельмі складана трымаць сябе. Але усё з вопытам прыходзіць.

Істотна быць у добрай фізычнай форме. Калі вялікія пераезды, туры, дык стараюся менш ужываць алькаголю, таму што інакш не вытрымаеш.

Вакаліст працуе вэрбальна, акрамя таго, што ён павінен гукі выдаваць, ён яшчэ павінен і з публікай стасавацца. Музыкант жа мае кантакт толькі з інструмэнтам сваім. А фронтмэн, акрамя таго, што выконвае музыку, ён яшчэ і з публікай размаўляе і тут самае галоўнае — не губляць энэргію. А яе, у сваю чаргу, імкнесься ад гэтай самай публікі і чэрпаць. Гэта самае галоўнае.

Якіх вяршыняў? Я хацеў бы … Грэмі хацеў бы) Сабраць слухачоў на «Мінск-арэну» было б сьціпла, напэўна )) Хацеў бы песень добрых напісаць, я ўвесь час у пошуках і не магу ганарыцца сваімі рэчамі.

Пра музыку для маршрутак

Самае дрэннае, калі музыка створаная для таго, каб людзі ехалі ў маршрутцы і не зьвярталі на яе ўвагі, і яна проста была б фонам.

У мастацтве ня можа быць рэгулятараў. Ня ведаю, навошта створана міністэрства культуры. Калі яно трапляе ў сыстэму — гэта ўжо не мастацтва.

У Бога няма інтэрнэту

Бывае дома сядзіш ці па вуліцы ідзеш — і нешта ў галаву прыходзіць. Я ня ведаю, адкуль гэта ідзе. Нейкі абмен энэргетыкай. Спачатку яна прыходзіць да цябе, а потым ты аддаеш яе. Вось учора нешта ішоў-ішоў, і ў галаву прыйшоў радок «У Бога няма інтэрнэту». Ну вось што да чаго? Але ж калі падумаць — у Бога сапраўды няма інтэрнэту. Як ён там без інтэрнэту?

Мастацтва — калі стварыў нешта, напісаў, схапіў думку, а адкуль яна зьявілася — ніхто ня ведае. Але ж бывае так, што ёсьць у цябе вызначаная тэма і ты ў яе межах пішаш. Галоўнае ва ўсім — гэта ідэя. А моўныя сродкі — гэта ня так складана. У мяне заўсёды так: спачатку ідэя, а потым я яе рэалізоўваю пры дапамозе моўных сродкаў. Вось і ўсё. Ну й моўная сродкі, рыфмаваньне — гэта ня так складана. Канцэпцыя — вось што істотна. Словы заўсёды прыходзяць, калі ты зь імі працуеш.

Усё складана

Апошнім часам ня вельмі. Усё складана. Вельмі важна і тое, і тое. Зараз вельмі шмат працы, а ў жыцьці заўсёды патрэбна чымсьці ахвяраваць. Ня хопіць на ўсё. У мяне ж усё нармальна і там, і там. Проста асабістаму жыцьцю менш увагі пакуль што, на дадзены момант. Увогуле гледзячы, што ўкладвае кожны ў паняцьце «асабістае жыцьцё». Для мяне гэта каштоўнасьці сям'і, але на дадзены момант я не гатовы рабіць сям'ю, значыць — займаюся музыкай. Пытаньне само сабой адпадае.

Адной музы цяпер няма. Яны могуць даваць як пазытыўны пасыл, так і нэгатыўны. Былі нейкія стасункі, адносіны, будуць песьні, дзе муза ў нэгатыўным сэнсе. У мяне жыцьцёвыя песьні больш змрочныя, а ўсё што больш пазытыўнае — гэта мастацкая выдумка.

Калі ў мяне ўсё добра, дык мне ў прынцыпе ня хочацца пісаць. Мастацтва павінна заўсёды кранаць нейкую праблему. Але я ня супраць пазытыўнай музыкі, напрыклад рэгі — музыкі сонца, гэта ж таксама класна. Але ж рэгі таксама закранае праблемы агульнай філязофіі: рэлігіі ці ўнутранай свабоды. Музы зьяўляюцца і зьнікаюць на працягу ўсяго жыцьця. Галоўнае — каб творчасьць заставалася.

Я давяраю законам прыроды

Я ніколі не ўпускаю магчымасьці паразмаўляць з былымі зьняволенымі, з жабракамі бывае размаўляю. Гэта ўсё ўскрайкі грамадзтва, і мы павінны ўсё гэта ведаць і разумець іх, каб будаваць аб'ектыўную карціну. Бо ў музыцы, у тэкстах, у творах, у кіно мы карыстаемся вобразамі, асацыяцыямі, якія патрэбна бесьперапынна абнаўляць. Была б магчымасьць, я б усімі пабыў трошкі, каб усё зразумець. Хацеў бы дзень пакіраваць грамадзкім транспартам, мне здаецца, гэта неймаверна складана, асабліва калі першы раз. Мала таго, што ты кіруеш махінай такой, дык яшчэ за тваёй сьпіной столькі людзей.

Калі чалавек становіцца геем ці лесьбіянкай пад уплывам моды, вось гэтага я не разумею. А калі гэта прырода, калі людзі кахаюць, дык чаму я павінен быць супраць? Ну вось проста яны трошкі не такія як усе. Шмат людзей нараджаецца з адхіленьнямі, як з фізычнымі, так і псыхалягічнымі. Калі гэта прыроднае адхіленьне — гэта ня кепска. Кепска, калі чалавек самастойна адхіляецца пад уплывам чагосьці ці кагосьці. У гэтым сьвеце я давяраю законам прыроды, бо ў яе ўсё гарманічна, усё як патрэбна створана.

Я веру ў Эйнштэйна

У лёс ня веру. Чалавеку ня дадзена зразумець, што ёсьць лёс і ці існуе ён увогуле. Калі зьбіла машына на шашы, гэта лёс ці ты проста тупы, што не пачакаў?

Я веру ў вышэйшую сілу, што энэргетыка аднекуль бярэцца. Таму што ўсё ў сьвеце энэргетыка. Веру ў Эйнштэйна, у яго закон захаваньня энэргіі.

Я ня веру ў канец сусьвету, бо столькі ж фільмаў мусяць выйсьці, напрыклад Гары Потэры розныя, мы ж усё павінны пабачыць. Як можа быць канец сьвету, калі мы ня ўбачым новы фільм пра Гары Потэра?

Калі цябе душаць, значыць ты для іх важны

Усе людзі шчасьлівыя ў аднолькавай ступені. Дзесьці жыць больш камфортна, дзесьці менш, але дзе б ты ня быў, вось я па сабе заўважыў, заўсёды ёсьць нейкія праблемы.

Лепшы сродак быць шчасьлівым — гэта настройваць сябе на пазытыў, радавацца, бо жыцьцё кароткае. Вось гэтая ўся руціна, праца, можа жудаснай здавацца, але ж праблемы — гэта таксама цікава. Калі гэта праблема, дакладней, калі табе ствараюць праблему, бо як правіла людзям ствараюць праблемы людзі, то можна падумаць так: ага, калі яны ствараюць табе праблему, калі цябе душаць, значыць ты для іх важны, а гэта добра. І так усьміхнесься, і ўсё —цікава жыць.

Мне ў Беларусі падабаецца жыць, тут столькі праблем. Гэта сапраўды добра, лепш, чым жыць у заможнай Эўропе, дзе добра працуе сыстэма, тая ж дэмакратыя. А тут столькі праблем. Мне здаецца гэта лепш для творцы. Чалавеку перашкаджае быць шчасьлівым ён сам, яго стаўленьне да ўсяго.

Шчасьце ацэньваецца потым. Праходзіць час, і ты можаш сказаць, што гэта былі шчасьлівыя моманты жыцьця. Я задаволены, бо жыву кожным днём. Калі я зрабіў тое, што заплянаваў і ведаю, што зрабіў ўсё для дасягненьня сваёй мары — вось тады я шчасьлівы.

Набыў сабе айфон апошні і ён мне вельмі падабаецца

Я люблю розныя новыя тэхнічныя гаджэты. Мяне можа зрабіць шчасьлівым, напрыклад, новы аб'ектыў на фотаапарат ці новы тэлефон — гэта ўсё прыемна. Я задаволены сваім тэлефонам, я вельмі шчасьлівы. Набыў сабе айфон апошні і ён мне вельмі падабаецца, я сур'ёзна. Можа з аднаго боку гэта глупства, але ж мне класна, там усё ёсьць для працы, для жыцьця, таму я вельмі рады. Калі ў мяне зьяўляюцца грошы, я заўсёды імкнуся нешта з тэхнікі купіць, ну й для вакалу вядома ж. Вось зараз хачу мікрафон, гэта новая мэта. І заўсёды яны зьяўляюцца, чорт! Я фанат вось такіх розных гаджэтаў.

Кватэра ўласная для мяне ня вельмі важна. Мне камяні гэтыя так сабе. Ну калі будуць грошы — набуду. А так асабліва і не патрэбна. Купіць сьцены, каб быць у іх закладнікам? Пакуль мне гэта не патрэбна.

Тыя, хто набывае аўтамабіль, заўсёды езьдзяць. А я хадзіць вельмі люблю. Гэта вельмі карысна, бо калі я пачынаю папраўляцца, дык самыя галоўныя правілы, каб пахудзець — гэта ня есьці і хадзіць.

Калі чалавек губляе мару — усё, хана яму

Чалавек народжаны штосьці стварыць. Не істотна, ад каго мы пайшлі: ад малпаў ці ад Бога. Але ж галоўнае, што нас адрозьнівае ад малпаў — гэта магчымасьць ствараць. Ніхто з жывёл не стварае нічога,толькі мы ствараем. Нам дадзена магчымасьць разважаць і ствараць.

Тое, што нам ідзе адтуль, што пазазямное, не рэалізуецца, пакуль ты ня будзеш прыкладаць намаганьняў, а гэта зямное. І калі ёсьць талент да чагосьці, а ён ёсьць у кожнага, дык ён не рэалізуецца, пакуль ты не прыкладзеш нейкія зямныя намаганьні. Але ж галоўнае — знайсьці сваю сфэру, сваё пакліканьне. Проста так нічога не атрымаецца. Дадзена толькі 10%, астатнія 90% ствараеш сам. Чалавек, які вучыцца кожны дзень, нарэшце навучыцца, і калі працуеш, працуеш кожны дзень, тады ты ўсяго дасягнеш.

Самае страшнае, калі чалавек губляе мару. Тады яму ўжо нічога ня трэба — усё, хана яму. А калі ёсьць мара, ён ідзе да яе. Гэта рухавік усяго на зямлі.

Самае галоўнае — пераканаць. Каб уласная праўда перамагла. Бо ісьціны ж няма. Дык хто пераканае, хто пераможа — таго быццам бы і ісьціна.


Воля Гарапучык 15:00, 09.05.2012 | Кім я стану, калі вырасту |


Іван Шыла. Быў маленькі ды рамантычны, а цяпер я больш цынічны
Віталь Рыжкоў. Мама, адстань ад мяне, я яшчэ пажыву хістаннямі
Алесь Кот-Зайцаў. Чым больш свабодна жывеш, тым больш намаганняў цябе прыціснуць


Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.1107 seconds.