Менскія студэнты з 1 чэрвеня будуць плаціць за праезд па Br1500

З 1 чэрвеня студэнтам і школьнікам адменяць бясплатны праезд у грамадзкім транспарце Менску. Таму цяперашняе падвышэньне коштаў на праезд іх закране толькі праз два месяцы.

А ўжо з 1 красавіка праезд у Менску падаражае на 200 рублёў. Аб гэтым паведамляюць інфармацыйныя агенцыі са спасылкай да БТ.

Цана квітка зь цяперашніх 1 300 вырасьце да 1 500 рублёў. Пазьней у 2012 годзе плянуецца мінімум яшчэ адно падвышэньне — на гэтым раз да 1 800 рублёў.

Кіраўніцтва Менска ня раз называла адной з галоўных прычынаў чаканага росту кошту на квіткі ў сталіцы льготны праезд, які дзейнічае ў горадзе для студэнтаў і школьнікаў. Аднак з 1 чэрвеня яго адменяць, і навучэнцы будуць аплочваць поўны кошт квітка.

Мэр сталіцы Мікалай Ладуцька тлумачыць гэта вакацыямі ў школьнікаў і ад’ездам студэнтаў з гораду. Пры гэтым увосень бясплатны праезд могуць і не вярнуць:

«Скончацца вакацыі, у жніўні мы яшчэ разьбярэмся, абмяркуем, усе разам узважым і прымем рашэньне, як будзем дзейнічаць далей, каб яно адпавядала і інтарэсам гораду Менска, і ўсіх сацыяльных слаёў насельніцтва», — заявіў мэр Мікалай Ладуцька за некалькі тыдняў да абвяшчэньня новых коштаў на праезд.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.118 seconds.