Беларусь — частка сьвету «Без Facebook»

Мастак Ян Вайтовіч вырашыў параўнаць два сьветы: старой і новай цывілізацыі, альбо звычайных паселішчаў людзей і паселішчаў віртуальных. Вынікам яго працы стала мапа, на якой наша плянэта падзеленая на два кавалкі: сьвет Facebook і сьвет «Без Facebook». У катэгорыю апошніх краін трапіла і Беларусь.

Ва ўласным блогу мастак апублікаваў мапу, дзе чорным колерам пазначаныя краіны, жыхары якіх моцна зьвязаныя паміж сабой і іншым сьветам віртуальнымі сяброўскімі сувязямі самай папулярнай у сьвеце сацыяльнай сеткі. Падсьветленыя кавалкі пазначаюць краіны, дзе цывілізацыя ёсьць, але куды Фэйсбук яшчэ не прыйшоў.


Мапа сьвету «Без Фэйсбука»: падсьвечаныя гарады і краіны, жыхары якіх засталіся па-за самай папулярнай сацсеткай

У выніку, па словах Яна Вайтовіча, атрымалася «новая геапалітычная мяжа: жыцьцё ўнутры і па-за Фэйсбукам».

«Цягам апошніх некалькіх стагодзьдзяў мапы былі сфакусаваныя на падзеле тэрыторыі на адміністратыўныя адзінкі краін, — піша Ян Вайтовіч. — Новыя ж прасторавыя адносіны, аднак, вызначаюцца распаўсюдам альбо стрымліваньнем інфармацыі. Нягледзячы на тое, што межы дзяржаваў усё яшчэ могуць вельмі сур’ёзна кантралявацца, рух думак і ідэй становіцца ўсё болей непрадказальным».

Ян Вайтовіч стварыў сваю карту, спалучыўшы разам існыя выявы сьвету: Зямлі ўначы, зробленай NASA, і мапы сяброўства ў Фэйсбук. На мапе NASA можна пабачыць Зямлю такой, якой яна выглядае ўначы з залітымі электрычнасьцю мэгаполісамі і цёмнымі «дзіркамі» правінцыйных раёнаў. Мастак пакінуў падсьветленымі на гэтай мапе толькі тыя вобласьці, што не зьвязаныя моцнымі сяброўскімі повязямі паводле мапы Фэйсбук.


Кавалак мапы сяброўства Фэйсбук, на якім дакладна бачная мяжы Беларусі і краін ЭЗ. На дзіва, яна супадае зь мяжой выкарыстаньня Фэйсбуку

Беларусь на карце Вайтовіча апынулася быццам на мяжы цывілізацый: «землі Фэйсбуку» сканчаюцца якраз на мяжы нашай краіны зь Літвой і Польшчай.

Перадапошнія ў Эўропе

Facebook захоўвае лідэрства сярод сацыяльных сетак па ўсім сьвеце. Толькі ў некаторых краінах, такіх як Расея, Японія, Індыя, найпапулярнейшымі ў гэтым сэгмэнце застаюцца іншыя сайты. У беларускім выпадку гэта сайт VKontakte. Цяпер болей за чвэрць насельніцтва Беларусі маюць профіль у гэтай сацыяльнай сетцы.

Паводле дадзеных сайту Socialbakers, Беларусь — 154-я краіна па колькасьці юзэраў Фэйсбука на чалавека. Гэта апошні паказчык у Эўропе пасьля Ўкраіны. Зрэшты, нашы суседзі па рэйтынгу Socialbakers могуць пахваліцца падобнымі лічбамі: калі ў Беларусі 3.46% насельніцтва альбо 332 тысячы чалавек зарэгістраваная ў гэтай сетцы, то ў Расеі гэты паказчык складае 3.49%, у нашай паўднёвай суседкі — 3.42%.

Па абсалютнай колькасьці юзэраў Беларусь ужо абышла такія эўрапейскія краіны, як Ватыкан, Малдова і Ісьляндыя.

Свае дадзеныя Socialbakers будуе на аснове статыстыкі для рэклямадаўцаў гэтай сацыяльнай сеткі.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.131 seconds.