ТОП-7 песень пра ШОС

Нечакана ў інтэрнэтах за апошні час вырасла цэлая плеяда музыкаў, што сьпяваюць пра ШОС. Часам запісы іх кампазыцый ня вельмі прафэсійныя, часам іх чуваць дрэнна, бывае нават і аўтар — з роду ананімусаў. Але ж ня ў гэтым соль. Соль, вядома, у ШОСе.

Усе кампазыцыі на тэму ШОСа можна падзяліць на дзьве групы: песьні нянавісьці ў розных стылях і песьні-сьцёб, якія, могуць быць не пазбаўленыя здаровага сэнсу. Мы ж падзялілі іх выключна паводле ўласных стэрэатыпаў аб удалым і непазьбежным.

1. Step (Польшча) — «ШОС»

«Усё будзе нармальна, калі надыдзе ШОС», — адна зь нешматлікіх кампазыцый у нашым ТОПе запісаная па-беларуску… палякамі. Нягледзячы на няправільныя націскі і іншыя агрэхі вымаўленьня, польскія хлопцы зь беластоцкага гурту Step выдатна адчуваюць палітычны момант. Таму ставім хлопцаў на першае месца з пажаданьнем далейшага росту ў справе вывучэньня беларускай мовы і высылаем ім электронную копію аўдыё-курсу «Размаўляй са мной па-беларуску».

2. Невядомы — ШОС

«Працэсы пайшоў», — як кажуць нам рабяты з Польшчы, бо «мільёны крычаць табе ШОС». Мабыць, невядомы выканаўца так натхніўся кампазыцыяй гурту Step, што вырашыў выдаць уласнае чытаньне ўжо, здаецца, спрадвечнай формулы ШОС.

3. S.T.A.L.K.E.R. — «ШОС»

«Дзеці плачуць, скаціна трасецца», — калі нехта яшчэ ня ў курсе, што ж такое ШОС, рэкамэндуем паслухаць гэту цудоўную кампазыцыю невядомай раней каманды S.T.A.L.K.E.R.

«Песьня-казка, лічылачка, замова ад нячыстай сілы дзеля кожнага…» — тлумачаць зьмест песьні аўтары. Праўда, натхняліся яны, гледзячы па шэрагу лірычных герояў, хутчэй сучасным фэнтэзі, чым зборнікам Ганса Хрысьціяна Андэрсана. Ёсьць адпаведны гатычненькі кліпак з амаль дзесяцьцю тысячамі праглядаў.

Што ж такое ШОС?

Некаторыя, кшталту Гугла, дагэтуль думаюць, што «ШОС» — гэта нешта падобнае да Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. Аднак мы ведаем, што гэтыя тры магічныя літары могуць значыць нашмат болей. Дакладней распавядзе той жа Гугл, але запытам ніжэй.

4. Юрий Догор — «ШОС»

«ШОС гучыць ад Рыму і да Мэккі», — на песьню Юрыя Дагавору нават ёсьць кліп на YouTube. І яго паглядзелі паўтары тысячы чалавек. Праўда, што там глядзець, калі ўвесь час з выявы не сыходзіць фотка самі-ведаеце-каго ў стылі Хартыі?

5. Botanic project — Большие глаза

«Надоел, надоел, нам усатый диктатор», — сьпяваюць дрэдастыя растаманы. Адразу і не здагадаесься, пра каго песьня. Але варта даслухаць да канца.

6. Tim Taler — «Саша, сыходзь!»

Пратэст-рок у чыстым сваім вымярэньні. Шчыры і наіўны, як сьляза малафронтаўца. Усё добра, але чагосьці не хапае. ШОСу? :)

7. Rockerjoker — «Саня останется с нами»

Кампазыцыя зьявілася яшчэ ў час, які ў падручніках гісторыі могуць назваць пэрыядам «да ШОСу» і мела на ўвазе зусім не таго «Саню» і зусім ня тое «застанецца». Але ж нічога не паробіш: у перадвыбарчы пэрыяд кампазыцыю пачулі вераломныя ідэолягі і песенка дэбашыраў «Рокер Джокер» за месяц да 19 сьнежня гучала з кожнай дзяржаўнай калёнкі. Дапамагло ці не, але з музыкамі пасьля гэтага здарылася некалькі ня вельмі прыемных гісторый, ды й на Славянскі базар іх усё роўна не ўзялі. Недарэчная, але знакамітая — «Саня» застаецца на апошнім месцы.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1803 seconds.