Вярхоўны суд не задаволіў наглядную скаргу ЗБС аб адмене рашэньня аб ліквідацыі арганізацыі

30 лістапада 2004 г. Задзіночаньне Беларускіх Студэнтаў падало ў Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь наглядную скаргу на рашэньне суда ад 3 сьнежня 2001 года аб ліквідацыі рэгістрацыі арганізацыі. Празь месяц, на працягу якога адбываўся разгляд скаргі, Вярхоўны суд даў адказ: пакінуць ранейшае рашэньне нязьменным - ліквідаваць рэгістрацыю ЗБС.

У скарзе ЗБС адзначыў парушэньне рашэньнем суда матэрыяльных нормаў. Па-першае, суд няправільна прымяніў норму п. 2 арт. 29 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб грамадзкіх аб’яднаньнях”, паколькі ЗБС не зьдзясьняў паўторна дзеяньняў, за якія ужо было вынесена пісьмовае папярэджаньне. Па-другое, суд няправільна прымяніў норму п. 3 арт. 29 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб грамадзкіх аб’яднаньнях”, таму што заснавальнікі ЗБС не парушалі нормы гэтага закона і іншых актаў заканадаўства пры рэгістрацыі аб’яднаньня. Па-трэцяе, прымененае пакараньне не адпавядае мэтам Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, паколькі ліквідацыя грамадзкага аб’яднаньня зьяўляецца абмежаваньнем свабоды сходаў і асацыяцыяў, а гэта згодна з Канстытуцыяй магчыма толькі ў выключных выпадках. Адказ на скаргу ЗБС ад Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь за подпісам намесьніка Старшыні Вярхоўнага суда сп. Вышкевіча паведаміў, што “довады скаргі абвяргаюцца устаноўленымі па справе доказамі і матэрыяламі справы і рашэньне суда зьяўляецца законным і абгрунтаваным, і падставаў да яго адмены не маецца”.

Нагадаем, што 3 сьнежня 2001 года Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь задаволіў іск Мінітэрства юстыцыі аб ліквідацыі ЗБС. Юрысты ЗБС у судзе абверглі ўсе абвінавачваньні Міністэрства юстыцыі. Перад вынясеньнем рашэньня нават пракурор паведаміў, што ня бачыць прычынаў для ліквідацыі арганізацыі. Але шэраг паседжаньняў суда завершыўся рашэньнем судзьдзі сп. Бабкова аб ліквідацыі ЗБС.

Рада ЗБС лічыць рашэньне суда неабгрунтаваным і незаснаваным на законе. ЗБС – адна з найстарэйшых моладзевых арганізацыяў Беларусі, з 1992 года працавала як зарэгістраваная. Напярэдадні страты рэгістрацыі ЗБС праводзіў кампанію супраць прымусовага разьмеркаваньня студэнтаў на працу, у межах якой ладзіў пікеты, накіроўваў звароты ў міністэрствы з патрабаваньнем адмяніць разьмеркаваньне. Пэўных станоўчых зьменаў у Палажэньне аб разьмеркаваньні ЗБС дамогся, але ў адказ атрымаў шэраг папярэджаньняў ад Міністэрства юстыцыі, якія далі старт уціску аб’яднаньня з боку ўладаў. У 2001 годзе ЗБС удзельнічаў у мабілізацыйнай кампаніі, дзе заклікаў студэнцтва прыйсьці на прэзыдэнцкія выбары і зрабіць свой выбар. Праз тры месяцы пасьля кампаніі рэгістрацыю ЗБС ліквідавалі. ЗБС стаўся першай арганізацыяй, ліквідаванай у межах кампаніі Міністэрства юстыцыі па зачыстцы няўрадавых грамадзкіх аб’яднаньняў.

Больш за 30 эўрапейскіх студэнцкіх і праваабарончых арганізацыяў даслалі лісты пратэсту ў Міністэрства Юстыцыі. Ліст Міжнароднай Лігі правоў чалавека да А.Г. Лукашэнка з просьбай патлумачыць незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да ЗБС застаўся без адказу. У сьнежні 2004 года у межах кампаніі Нацыянальнага Студэнцкага Зьвязу Нямеччыны FZS і міжнароднай праваабарончай арганізацыі Amnesty International “ Online -пэтыцыя ” (www.belarus-petition.org ) да прэзыдэнта Беларусі дасланая пэтыцыя, адным з патрабаваньнем якой ёсьць аднаўленьне рэгістрацыі ЗБС. Пэтыцыю падпісалі больш 1500 грамядзянаў з усяго сьвету. Нягледзячы на неафіцыйны статус, ЗБС застаецца адзіным прадстаўніком Беларусі ў ESIB (Нацыянальныя студэнцкія зьвязы Эўропы) і такім чынам прадстаўляе інтарэсы беларускіх студэнтаў на міжнародным узроўні.

Дзейнасьць ЗБС без рэгістрацыі сталася толькі больш актыўнай, што чарговы раз сьведчыць пра перакананьне сябраў ЗБС у тым, што можна ліквідаваць рэгістрацыю арганізацыі, але нельга зьнішчыць тысячы студэнтаў, аб’яднаных агульнай ідэяй. Шэраг праведзеных імпрэзаў і праектаў, як то акцыя ў верасьні “Шэсьце бяздомных студэнтаў”, распрацоўка і зацьверджаньне ў траўні “Дэклярацыі правоў студэнтаў Беларусі” і іншыя, сьведчаць аб плённай працы арганізацыі і без рэгістрацыі. ЗБС будзе працягваць сваю дзейнасьць у абарону правоў і свабодаў студэнтаў Беларусі. У 2004 годзе ЗБС сумесна з нарвэжскім студэнцкім зьвязам NSU распачаў праект па рэформе вышэйшай адукацыі ў Беларусі. Рада ЗБС лічыць, што рана ці позна сытуацыя ў Беларусі зьменіцца на карысьць дэмакратычных рэформаў. І Беларусь мусіць быць гатовая да хуткага далучэньня да эўрапейскіх працэсаў, у тым ліку і ў сфэры адукацыі.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0744 seconds.