«Сьметніца», але «велічэзнае дасягненьне чалавецтва»

Столькі аб Інтэрнэце, падаецца, Аляксандр Лукашэнка не казаў ніколі. У час сваёй прэс-канфэрэнцыі ён некалькі разоў назваў Інтэрнэт «сьметніцай» і распавёў, што «амэрыканцы ствараюць нешта такое, што не дазволіць кантраляваць Інтэрнэт нікому». 

«Інтэрнэт, канешне, сьметніца!» — заявіў Лукашэнка. А празь некалькі хвілін дадаў, — «Інтэрнэт — гэта велічэзнае дасягненьне чалавецтва». Але, мабыць, усё ж сьметніца. Прынамсі, такое вызначэньне кіраўнік дзяржавы даваў Інтэрнэту некалькі разоў на працягу вялікай прэс-канфэрэнцыі для журналістаў.

Апынулася на ёй і рэдактар TUT.BY Марына Золатава, якая спачатку распавяла Лукашэнку пра Уга Чавэса, які «вядзе мікраблог у Твітэры, і ў яго 1.5 мільёны падпісшчыкаў». А пасьля дадала: «Я ўжо не кажу пра Дзьмітрыя Мядзьведзева». Лукашэнка ж, гледзячы па ўсім, Інтэрнэтам не карыстаецца, бо ён «жорсткі кансэрватар». Па яго словах, ён чытае «раздрукоўкі» з TUT.BY.

Таксама Лукашэнка лічыць Інтэрнэт зброяй. Па яго словах, «Амэрыканцы зараз ствараюць нешта такое, якое не дазволіць кантраляваць Інтэрнэт увогуле нікому. Бо гэта вельмі добрая зброя». 

Гледзячы па ўсім, Лукашэнка казаў пра праграму ўраду ЗША, на якую ўжо вылучана $19 млн на стварэньне тэхналёгіі для барацьбы зь інтэрнэт-цэнзурай у краінах, якія абмяжоўваюць доступ сваіх грамадзян да сайтаў. Найперш тэхналёгія будзе накіраваная супраць аўтарытарных рэжымаў.

Па словах дзейнага кіраўніка дзяржавы, «сёньня спрабуюць гойдаць Беларусь, у тым ліку празь Інтэрнэт». «Вам „Vkontakte“, у „Одноклассніках“ шмат што могуць падкінуць, але не рабіце гэтага». Мабыць, гэтак ён успрымае арганізацыю «Рэвалюцыі праз сацыяльную сетку», якую робяць інтэрнэт-актывісты.

Таксама Лукашэнка будзе «абараняць канструктыўна настроеных інтэрнэтчыкаў». Што будзе з астатнімі карыстальнікамі Сеціва, ён не паведаміў.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1614 seconds.