11 тысячаў чалавек адмовіліся ад беларускага грамадзянства дзеля польскага і нямецкага пашпарту

Болей за паўтары тысячы беларусаў адмовіліся ў 2009 годзе ад грамадзянства Беларусі дзеля атрыманьня пашпарту адной з краін ЭЗ. Большасьць зь іх сталі грамадзянамі Польшчы, некаторая частка — Вугоршчыны, Літвы і Эстоніі. Параўнальна з нашымі суседзямі, украінцамі і расейцамі, сярод новасьпечаных эўрапейцаў беларусы — мізэрная частка. Аднак за 12 гадоў пашпарт ЭЗ атрымалі ўжо каля 11 тысячаў нашых былых суграмадзянаў.

У 2009 годзе грамадзянства Эўрапейскага Зьвязу атрымалі 776 тысячаў выхадцаў з краін, якія не ўваходзяць у ЭЗ. Пра гэта сьведчаць дадзеныя Эўрастату (статыстычнай службы ЭЗ), апублікаваныя 10 чэрвеня.


Грамадзянства гэтых краін ЭЗ атрымлівалі беларусы з 1998 па 2009. Дадзеныя Эўрастату

Як адзначаюць сацыёлягі, у 2009 годзе колькасьць пашпартоў ЭЗ, раздадзеных людзям, што раней былі грамадзянамі іншых краінаў, стала рэкорднай. Большасьць буйных сяброў ЭЗ пачалі надаваць грамадзянства на 50% часьцей, чым раней.

Беларусы ж у асноўным аддавалі свой пашпарт (у Беларусі, як і ў некаторых краінах ЭЗ, забароненае двайное грамадзянства) дзеля атрыманьня грамадзянства буйных і багатых краін. Найперш Польшчы (357 былых беларусаў сталі грамадзянамі гэтай краіны), Нямеччыны (259 чалавек), Італіі (182), Бэльгіі (181) і Вугоршчыны (127 чалавек). А вось да іншых суседзяў беларусы ня надта сьпяшаліся: 11 чалавек атрымалі грамадзянства Літвы, па некалькі — Латвіі і Эстоніі.

У Польшчы беларусы занялі другое месца па колькасьці новых грамадзян (14% ад агульнай колькасьці). Нас у гэтай справе абышлі толькі ўкраінцы. Агулам за 12 гадоў з 1998 па 2009 грамадзянамі ЭЗ сталі крыху меней за 11 тысячаў беларусаў. Лепей за ўсё сярод беларусаў «разыходзіліся» нямецкія, польскія і італьянскія пашпарты. А 17 чалавек сталі нават грамадзянамі Люксэмбургу.

Сярэдні ўзрост атрыманьня грамадзянства ЭЗ — 31 год. Найбольш пашпартоў былым неграмадзянам ЭЗ у 2009 годзе раздала Вялікабрытанія, а таксама Францыя зь Нямеччынай.

Найперш да грамадзянства адной з краін-сябраў ЭЗ імкнуліся мараканцы, тунісцы і індзійцы. А вось першая эўрапейская дзяржава ТОП-30 краін, грамадзяне якіх у 2009 атрымлівалі эўразьвязаўскія пашпарты, — Расея. Болей за 128 тысячаў расейцаў у дадатак да расейскага атрымалі яшчэ адзін пашпарт. Нямала сярод мігрантаў было малдаван, украінцаў (каля 70 тысячаў) і сэрбаў. А вось Беларусь у ТОП-30 ня трапіла: беларусы зьязджаць не сьпяшаюцца. Альбо ня маюць магчымасьці?

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0609 seconds.