На вялікім Beatles-фэсьце ў Віцебску павіншуюць Пола Макартні з днём народзінаў

18 чэрвеня сэру Полу Макартні споўніцца 69 гадоў, і гэта падзея стане адным з самых важных момантаў віцебскага Beatles-фэсту «Ob-la-ki, Ob-la-ka», які пройдзе 17–19 чэрвеня. З гэтай нагоды пройдзе вялікі 4-гадзінны канцэрт у віцебскім Летнім амфітэатры.

У яго межах зь віншаваннямі ў адрас імяніньніка і песьнямі лівэрпульскай чацьвёркі на сцэну выйдуць трыб’ют-групы Beathoven (Украіна), HeartBeat (Расія), The Apples (Беларусь), Flat (Беларусь), а таксама многія іншыя артысты.

Хэдлайнэрам вечару будзе добра вядомы ў міжнародных колах бітламанаў Ян Брытэн Оўэн (ЗША) — пераможца шэрагу Beatles-конкурсаў, які атрымаў пахвальныя водгукі ад Рынга Стара, Піта Бэста, удзельнікаў Quarrymen. Ён зьяўляецца рэгулярным удзельнікам Liverpool Beatles Week — галоўнага сусьветнага форуму прыхільнікаў знакамітай чацьвёркі, а таксама выступаў на аналягічных мерапрыемствах па ўсім сьвеце — ад Бразыліі да Фінляндыі.

Не абыйдзецца і без сьвяточнага стала. Арганізатары віцебскага фэстывалю «Ob-la-ki, Ob-la-ka» у гонар імяніньніка вырашылі прыгатаваць не торт, а сьвяточную яечню з 69 яек. Гэтак нехарактэрная страва зьвязана з гісторыяй стварэньня знакамітай песьні «Yesterday», якую Пол Макартні напісаў у 1965 годзе.

«Вядома, што Макартні досыць доўга ня мог напісаць тэкст да гэтай песьні. І пакуль яго не было, ён напяваў на матыў прыпева словы, у якіх рыфмаваў яечню (scrambled eggs) і жаночыя ножкі (legs). Адсюль і працоўная назва песьні — „Scrambled Eggs“, — распавёў ініцыятар фэстывалю, старшыня віцебскага Beatles-клуба Гарык Аганджанян. — У Англіі гэта адзін з самых папулярных сняданкаў, які часта падаюць з смажаным беконам, але паколькі Сэр Пол цяпер вэгетарыянец, наша страва таксама будзе вэгетарыянская».

Асноўныя канцэрты фэстывалю (Віцебск, Летні амфітэатр):

  • 18 чэрвеня — «Вялікі Бітлз-канцэрт». Пачатак 17.00. Квіткі: 15–55 тыс. руб.
  • 18 чэрвеня — БГ і «Аквариум». Пачатак у 22.00. Квіткі: 20–120 тыс. руб.
  • 19 чэрвеня — тэатар Стаса Наміна, мюзыкл «Бітламанія». Пачатак у 21.00. Квіткі 15–55 тыс. руб.

Квіткі ў канцэртных касах Віцебска, а таксама на сайце www.ticketpro.by. Даведка: (029) 710 22 22. Афіцыйны сайт фэстывалю — www.beatles.by.

12:30, 27/05/2011 | Анонсы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0706 seconds.