На карыстальніка Vkontakte упершыню завялі справу за запампоўку музыкі

Першая справа ў гісторыі Vkontakte за незаконную запампоўку музыкі заведзеная на расейскага карыстальніка сацыяльнай сеткі. Юзэру пагражае да 6 гадоў пазбаўленьня волі. Справа распачатая фірмай грамзапісу.

Як паведамляе ІТАР-ТАСС, падобная справа ўзбуджаная ў Расеі ўпершыню. Адбылося гэта з-за звароту буйной гуказапісваючай фірмы «Нікіцін», якая абурылася фактамі «незаконнага распаўсюду матэрыялаў, выключныя правы на якія належаць «Нікіцін». Гэта кампанія валодае правамі на запісы досыць вялікай колькасьці расейскіх выканаўцаў, у тым ліку гуртоў «Машына часу», «Кароль і шут» і Amatory.

Расейская міліцыя ўжо знайшла самага злоснага пірата Vkontakte. Ім аказаўся 26-гадовы масквіч, «які разьмясьціў на сваёй пэрсанальнай старонцы 18 аўдыёзапісаў вядомага гурту, колькасьць запамповак якіх іншымі карыстальнікамі склала звыш 200 тысяч».

Міліцыя вылічыла, што карыстальнік сацыяльнай сеткі «нашкодзіў» праваўдальніку большым чым на 2.5 тысячы эўра.

У жніўні 2010 году Vkontakte была ў судовым парадку вызваленая ад адказнасьці за карыстальніцкі кантэнт. Гэта выклікала незадаволенасьць праваўладальнікаў, якія пачалі пужаць Vkontakte зваротамі ў праваахоўныя органы без дадатковых папярэджаньняў, у выпадку калі ўвесь нелегальны кантэнт ня будзе выдалены з сацыяльнай сеткі. Магчыма, гэта першы, але далёка не апошні падобны працэс у расейскім Сеціве.

Vkontakte зьяўляецца найбольш папулярнай сацыяльнай сеткай у Беларусі, Украіне і Расеі і моцна перавышае ў папулярнасьці Facebook. Магчыма, новы паварот у спрэчцы праваўладальнікаў мэдыякантэнту і адміністрацыі Vkontakte прывядзе да абвастрэньня канкурэнтнай барацьбы паміж двума сеткамі на рынках Усходняй Эўропы. Як стала пісалі CNews, у пачатку года адміністрацыя Facebook выдаліла некалькі дадаткаў да сваёй сацсеткі, якія дазвалялі карыстальнікам Vkontakte адлюстроўваць у Facebook свае статусы.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0586 seconds.