У Беларусі студэнтак на 70 тысячаў болей, чым студэнтаў

Паводле дадзеных перапісу, дзеўчын, якія навучаюцца ў ВНУ, значна болей за хлапцоў. Калі хлопцы часьцей не працягваюць адукацыю далей за прафэсійна-тэхнічную, то дзяўчыны збольшага ідуць у ВНУ, адпаведна і часьцей іх сканчаюць. Пры гэтым жанчыны ўжо пераважаюць у агульнай масе насельніцтва па ўзроўні адукацыі.

Сярэдні беларускі студэнт (такіх перапісчыкі налічылі 450 тысячаў) — дзяўчына, якой ужо споўнілася 20 гадоў, але яшчэ няма 24, што жыве ў Менску. Паводле дадзеных нацыянальнага статыстычнага камітэту, хлопцы пераважаюць у ПТВ, а дзяўчыны — на ўнівэрсытэцкіх лаўках.

Амаль кожны чацьвёрты грамадзянін ва ўзросьце ад 6 да 60 гадоў хоць недзе навучаецца. Болей за ўсё навучэнцаў у Менску і Брэсцкай вобласьці, меней — у Менскай.


Дзе вучыцца пакаленьне Y? Дзяўчыны і хлопцы ад 20 да 24 гадоў па месцы навучаньня

Агулам вышэйшую адукацыю ў Беларусі маюць 1 мільён 530 тысячаў чалавек, альбо амаль кожны 6-ы. Прычым жанчын з вышэйшай адукацыі на 226 тысячаў болей, чым мужчын. Затое моцная палова лідзіруе сярод тых, хто не падняўся вышэй за ліштву дыплёму аб прафэсійна-тэхнічнай адукацыі.

Таксама вынікі перапісу паказалі найбольш адукаваныя нацыянальныя меншасьці. Такімі аказаліся габрэі (на тысячу габрэяў 476 чалавек маюць вышэйшую адукацыю) і расейцы (з тысячы 312 скончылі ВНУ). А вось беларусы аказаліся больш прасунутымі ў прафэсійнай адукацыі, але толькі 168 на 1 000 скончылі ВНУ.

Перапісы ў Беларусі праводзяцца раз у дзесяць гадоў. На апошні дзяржава патраціла крыху болей за 6 мільёнаў даляраў. Яшчэ $873 тысячы дала ААН.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1158 seconds.