Разьмеркаваным выпускнікам дазволілі папаўняць чэргі на атрыманьне жытла

Улады зьнялі абмежаваньне, якое раней не дазваляла станавіцца ў чаргу на атрыманьне льготнага жытла разьмеркаваным выпускнікам. Цяпер былыя студэнты могуць безь перашкодаў папоўніць шматтысячныя чэргі і атрымаць кватэру праз 19 гадоў.

Як перадае БелТА, у новым указе прэзыдэнта, які мяняе заканадаўства, прысьвечанае льготнаму атрыманьню жытла, ёсьць адмысловы пункт, які дазваляе ўсім без выключэньня разьмеркаваным выпускнікам станавіцца ў чаргу на паляпшэньне жыльлёвых умоў. Раней выпускнікі маглі разьлічваць на гэта толькі празь пяць гадоў пасьля рэгістрацыі па месцы разьмеркаваньня.

Напрыклад, калі выпускнік пасьпяваў прапісацца ў сталіцы да разьмеркаваньня, то ў сьпісы тых, каму патрэбна жытло, яго запісвалі толькі празь 5 гадоў. Можна было канешне не рэгістравацца ў Менску, але тады шанцы на атрыманьне разьмеркаваньня ў сталіцу зьмяншаліся. Цяпер дзяржава спрасьціла жыцьцё тым, хто спадзяецца на яе ў кватэрным пытаньні.

Але той самы указ прэзыдэнта робіць магчымасьць устаць у чаргу меншай. Цяпер квадратныя мэтры ў кватэры, дзе жыве патэнцыйны льготнік, будуць лічыцца па-новаму. І не на карысьць людзям.

Тыя, хто стаіць на чарзе на паляпшэньне жыльлёвых умоваў у Менску, маюць права на атрыманьне льготнага 5%-ага крэдыту. Аднак ён не пакрывае 100% кошту жытла.

Цяпер у чэргах на атрыманьне льготнага жытла, паводле дадзеных міністэрства ЖКГ, стаяць 793 тысячы 140 беларусаў. Такім чынам, кожны 12 беларус стаіць у чарзе. Спэцыялісты падлічылі, што калі чарга будзе зьмяншацца існымі тэмпамі, яна зусім можа зьнікнуць толькі праз 19 гадоў. І гэта пры ўмове, што новыя чаргавікі зьяўляцца ня будуць.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0689 seconds.