Болей 100 гуртоў зь Беларусі пазмагаюцца за ўдзел у фэсьце Emergenza

Завяршаецца рэгістрацыя ўдзельнікаў зь Беларусі на адборачны тур буйнешага міжнароднага фэсту для пачаткоўцаў і паўпрафэсійных гуртоў Emergenza. Арганізатары выберуць 21 гурт — гэтыя каманды працягнуць змаганьне за права выйсьці ў фінал Emergenza Russia.

Чатыры адборачных канцэрты пройдуць на працягу трох месяцаў (сьнежань, студзень, люты) у клюбе «Рэактар». У кожным з трох паўфіналаў пераможа два гурты па выніках глядацкага галасаваньня.

Emergenza — гэта музычны марафон, які праходзіць у больш чым 20 краінах сьвету: сотні тысяч музыкаў на тысячах канцэртаў граюць жывую музыку. Гэта найбуйнейшы міжнародны музычны фэстываль для пачаткоўцаў і паўпрафэсійных гуртоў. Фэстываль праходзіць ва ўсіх найбуйнейшых гарадах заходняй Эўропы і Паўночнай Амэрыкі. Удзел у ім могуць прыняць каманды любой стылёвай накіраванасьці, якія выконваюць як свае ўласныя творы, так і кавэры. Гэты музычны марафон складаецца зь некалькіх прэстыжных міжнародных этапаў.

Адборачны тур фэстывалю ў Менску праходзіць упершыню. Сёлета геаграфія Emergenza пашырылася на Маскву, Санкт-Пецярбург, Менск, Казань, Калінінград, Іванава і Екацярынбург. Пераможцы будуць прадстаўляць сваю краіну на найбуйнейшым форуме незалежнай рок-музыкі — міжнародным фінале Emergenza, які праходзіць у межах трыццацітысячнага Taubertal Open-Air (Германія).

Гурты, жадаючыя прыняць удзел у адборачным туры, мусяць прайсьці абавязковую рэгістрацыю на афіцыйным сайце фэсту альбо зьвязацца зь беларускімі арганізатарамі па наступных каардынатах: +375295657298, emergenza.by@gmail.com, dzmiter@emergenza-russia.ru, Skype — Dzmiter, ICQ — 151667290, http://vkontakte.ru/club19625865. Арганізатарам адборачнага туру ў Беларусі выступае канцэртнае агенцтва «Доминанс ПРО».

11:30, 20/10/2010 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0686 seconds.