Новы сэзон на Generation.by + ТОП-20 публікацыяў лета

Вуліцы гарадоў актыўна напаўняюцца студэнтамі, у офісы вяртаюцца загарэлыя супрацоўнікі, у кватэры — натхнёныя адпачынкамі фрылансэры. Падобна на пачатак восені. Для тых, хто верыць, што гэтае лета адзначылася ня толькі рэкорднаю тэмпэратураю, складаем ТОП-20 самых папулярных публікацыяў Generation.by лета 2010. І адчыняем восеньскі сэзон!

TOP-20 матэрыялаў Generation.bY лета 2010 году

Рэйтынг паводле колькасьці праглядаў публікацыяў

  • Экспэрымэнтальнае Басовішча «Жыве Гарадок»


    21-ы фэстываль «Басовішча» ў Гарадку (Польшча) сабраў сёлета 21 гурт, запомніўся перамогай магілёўскага Akute, пераносам намётавага лягеру і адсутнасьцю бясплатных візаў. Аднак тыя, хто паклапаціўся і патрапіў на фэст, не шкадуюць!

  • Топ-5 танных авіякампаніяў Эўропы, карысных беларусам



    Хто ня любіць павандраваць, ды яшчэ й каб хутка і танна? Закладкі на артыкул разьлятаюцца палепей за гарачыя піражкі! Скараць сьвет можна ж ня толькі ўлетку;)

  • Гурт «Дзецідзяцей» прыпыняе сваё існаваньне


    Летнія фэсты сапраўды прайшлі безь любімых многімі «Дзецідзяцей». Паглядзім, можа летнія ўражаньні натхняць музыкаў і паскораць завяршэньне «бестэрміновага адпачынку»?

  • Gods Tower: «У нас шок у трох ступенях: у Гомелі, Маскве, а цяпер і Менску!»


    Для тых, хто праспаў у шапку навіны гэтага лета, кажам, што аднаўленьне легендарных Gods Tower стала галоўнай падзеяй ў беларускай музыцы. Pagan metal rules!

  • Гурт Rahis запісаў першы альбом у выглядзе студэнцкага сшытку


    Мала хто рызыкуе выпускаць альбом у час летняга музычнага «несэзоньня». Аднак Рахісы і іх прыхільнікі чакалі першага альбому не адзін год, таму «як толькі — дык адразу»! 11 песень з «Сшытку з тэкстамі ў малюнках» — цяпер у вольным доступе ў Сеціве і ў ратацыі на радыёстанцыях.

  • Руся: «Рок-н-ролу беларускага больш няма»


    Cherryvata на Be2gether

    Рок-князёўна Руся і вакалістка няіснай ужо Indiga гэтым летам ва ўсю выступае з электроншчыкамі CherryVata: на фэстах у Беларусі і за мяжою ды ўдзельнічае ў адкрыцьці багемных выставаў. Што яшчэ новенькага ў папулярнай сьпявачкі ды што думае Руся пра беларускі рок-н-рол — у інтэрвію.

  • У чацьверты раз на Be2gether


    Мы ўжо прапісаліся на міжнародным фэсьце ў Літве Be2gether — ні году бяз нас:) Сёлета беларусы там засьвяціліся на ўсіх сцэнах: Вольскі, CherryVata, Akute ды Open Space. Аднак сэрцы найбольшай колькасьці гледачоў скарыла цемнаскурая, лысая, дзёрзкая Skin — вакалістка адноўленага Skunk Anansie. «Яна хадзіла па руках!» — дагэтуль многія з заміраньнем узгадваюць той выступ. Даводзілася тушыць жарсьць егермайстарам у кубках зь лёду.

  • Sziget. Частка2: Тут можна жыць і цэлы год!


    Ляпис Трубецкой, Sziget

    Уражаньняў з пабачанага і перажытага за тыдзень жыцьця на востраве ў Будапэшце на адным з самых буйных эўрапейскіх фэстаў Sziget хопіць надоўга. Што казаць: 15 сцэнаў, 400 тысяч гледачоў, Muse, Iron Maiden, Ill Niño, The Hives, Bad Religion, Children of Bodom, Orquesta Buena Vista Social Club… Паверыць у тое, што мы там насамрэч былі, дапамагае наш дзёньнік з вандроўкі на фэстываль і тэматычныя фотарэпорты.
  • Новыя беларускія мэдыі сустрэлі сябе


    Мода на беларускія каляайцішныя тусоўкі з выездам за мяжу толькі набірае моц. «Неканфэрэнцыя» Мэдыябаркэмп на маляўнічым беразе Балтыйскага мора забавіла ля сотні маладых беларусаў.
  • Завочнікаў канчаткова адправілі ў войска


    Пакуль усе адпачывалі ці працавалі з думкамі толькі пра адпачынак, «уціхара» й быў канчаткова падпісаны закон пра прызыў завочнікаў у войска. Тыя, хто паступіў ва ўнівэр гэтым летам — апошнія шчасьліўчыкі, каго міне лёс таптаць боты паралельна з вывучэньнем канспэктаў.

  • У Нацыяналцы адчынілася фотавыстава «Амэрыка вачыма беларусаў»


    Праўда, ужо й зачынілася:) Але фотарэпорт з адкрыцьця маем. Зацанілі заадно выгляд на Менск з аглядальнай пляцоўкі Нацыяналкі ды павіншавалі нашага фотакора Юру Сідуна з перамогай як «самага лепшага вулічнага фатографа».

  • Што цяпер можна ўвозіць з-за мяжы бяз мытаў?


    Новаўвядзеньні тычыцца ўсіх: ад аматараў піва да аматараў фота.

  • Грозава і маланка


    Чарговая вандроўка з аўтарскай сэкцыі «ПраДарожжа». Абмеркаваньне, узгадкі гістарычных фактаў ідуць і зараз у камэнтах.

  • Беларусь вырашыла далучыцца да Балоньскага працэсу


    Але бачна, рашэньне далося ня проста — паведамленьні пра «ўдзел-няўдзел» ішлі адно за адным — цэлы адукацыйны летні сэрыял. Спачатку Лукашэнка заявіў, што «ні за якімі дзяржавамі нам ня трэба бегчы», а праз паўтара месяца аддаў загад Радзькову распачаць працэдуру далучэньня. Мяняць і мяняць беларускую адукацыю, каб адпавядаць эўрапейскім нормам, таму новы сэзон чакаем багатым на падзеі ці на новыя заявы пра «няўдзел». Дарэчы, яшчэ адна зь летніх заяваў: Радзькоў прызнаў, што бясплатнай адукацыі ў нас няма.

  • У «лазьні» з Нэйра Дзюбелем


    «Нэйра Дзюбэлю» — мэдаль за сьмеласьць, вернасьць сабе і самаахвярнасьць дзеля фэнаў. У самы пік летняй сьпёкі «дзюбеля» ў адных майтках, абліваючыся потам і півам, у памяшканьні з адзіным вэнтылятарчыкам сьпявалі старыя-любімыя і новыя-чаканыя гіты.

  • У Менску затрымліваюць людзей з падушкамі


    Гучыць камічна, аднак сапраўды перад пачаткам папулярнага флэшмобу «Бітва падушкамі» міліцыянты спынялі людзей, шукалі падушкі ў заплечніках — як вынік затрымалі ля паўсотні «хуліганаў». Аднак бітва прайшла, адрэналін атрыманы. Хто не пасьпеў — можна далучыцца 8 верасьня. З сабой браць падушкі і бадзёры баявы настрой!

  • Апошняе «Амбасовішча» ў Раўбічах


    Вядомы фэстываль з фарматам «толькі па запрашэньнях» сёлета прайшоў у шосты і апошні раз. Ня будзе болей рэзыдэнцыі амэрыканскага амбасадара ў Раўбічах. Як «правялі» Амбасовішча — у нашым фотарэпорце.
  • Беларускія айцішнікі зарабляюць амаль як шахцёры


    Прынамсі ясна, хто ўлетку не адпачываў, а працаваў ва ўсю — айцішнікі і шахцёры:) Сярэдні беларускі праграміст зарабляе ў сярэднім $600, жыве ў Менску, мае ўзрост да 25 гадоў і можа з гонарам назваць сябе мужчынам. Глядзім статыстыку!
  • Адкуль у ЭГУ грошы?


    Колькі каштуе ўтрыманьне самага вядомага ў Эўропе беларускага ВНУ?
  • Пераможца «Залатой літары» Андрэй Федарэнка: «Сучаснай літаратурнай моладзі найперш не хапае начытанасьці»


    Чытаем, думаем, запасаемся кніжкамі на новы сэзон, які з 1 верасьня традыцыйна асацыюецца з навучаньнем ды школамі-ўнівэрамі.

А мы сустракаем восеньскі сэзон! Натхніліся беларускімі ды эўрапейскімі фэстамі-вандроўкамі-знаёмствамі, задумалі шмат новага і часткова ўжо пачалі сьмелыя новаўвядзеньні.

У верасень заступаем з першымі абноўкамі: парэдызайнілі сайт, абнавілі нашага вожыка-талісманчыка. Аднак зьмены толькі пачынаем ;) Таму пішам-малюем-камэнтуем — абжываемся і далучаемся! Афармляйце свае незабыўныя летнія ўражаньні (вандроўкі, людзі, праца) у артыкулы ды фотарэпартажы, дасылайце — і будзем разам чакаць ТОП-20 восеньскіх матэрыялаў:) Няхай восень будзе цёплай, плённай і насычанай!

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0872 seconds.