Yellow Brick Road выпусьцілі новы альбом «Honeymoon»

Роўна праз год пасьля выхаду дэбютнага альбома «12 Stories», менскі гурт Yellow Brick Road выпусьціў свой другі студыйны альбом пад назовам «Honeymoon». Дыск можна бясплатна спампаваць на афіцыйным сайце www.yellowbrickroad.ru.

Музыкі гурта называюць свой стыль «прагрэсіў-рок-н-рол». За апошнія 12 месяцаў Yellow Brick Road далі больш за 60 канцэртаў у Беларусі, Расіі, Украіне, Эстоніі, Латвіі, Літве, Польшчы, Германіі і Чэхіі, але гэта не перашкодзіла працы над альбомам.

«Асноўная частка матэрыялу для новага альбому была прыдумана і запісана намі за адзін месяц. Прычым мы ўпершыню правялі запіс і зьвядзеньне самастойна, — распавядае басіст гурта Дзьмітрый Хламаў. — Альбом атрымаўся больш дынамічным і рознаплянавым, больш псыхадэлічным і касьмічным. Карацей, больш Yellow Brick Road!»

Больш за ўсё часу пайшло на працу над трэкам «S.Y.S.T.R.N.R.», бо ў яго запісе прыняло ўдзел больш за 100 чалавек! Іх задачай было прасьпяваць адзін радок «Sell your soul to rock’n’roll».

«На гэтую авантуру пагадзіліся амаль усе нашы сябры. Запісвалі людзей партыямі. Спатрэбіўся амаль тыдзень, каб усе пабывалі ў студыі», — тлумачыць вакаліст Ян Максімовіч.

Назоў альбому «Honeymoon» музыкі трактуюць як панятак пра самы шчасьлівы час, які быў ці абавязкова здарыцца ў жыцьці кожнага і назаўжды застанецца ў памяці.

28 жніўня музыканты адпраўляюцца ў тур па Эўропе ў падтрымку новага альбому. За месяц Yellow Brick Road пабываюць у Расіі, Эстоніі, Латвіі, Літве, Польшчы, Чэхіі. Фінальным акордам тура стане прэзэнтацыя альбому ў Менску ў канцы восені.

19:20, 24/08/2010 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0709 seconds.