Беларусы пабудавалі баявы робат «АДУНОК»

Беларускія інжынэры распрацавалі робата на сонечных батарэях, які здольны абстрэльваць праціўніка ў дыстанцыйным рэжыме. АДУНКу можна задаць адмысловую праграму, адпаведна зь якой ён будзе весьці назіраньне альбо стральбу. Апошняе магчыма нават без прысутнасьці чалавека.

Пяшчотнае «АДУНОК» расшыфроўваецца як аўтаматызаваны дыстанцыйна-кіруемы наглядальна-агнявы комплекс. На яго ўсталёўваецца, напрыклад, «калашнікаў», пракладваецца дрот да пункту кіраваньня, і па зададзенай праграме альбо пад кіраваньнем чалавека вядзецца стральба, як адзначаюць распрацоўшчыкі, «выключна абарончага характару».

«Мы лічым гэты напрамак вельмі пэрспэктыўным і сучасным. На нашу думку, да 2020–2025 года на полі бою салдата заменіць рабатызаваныя дыстанцыйна кіруемая баявая тэхніка. Гэта бясплатныя лятальныя апараты, рухомыя наземныя машыны і ўзбраеньне», — кажа Аляксандр Вайцянкоў, генэральны дырэктар распрацоўшчыка робата — канструктарскага бюро «Дысплэй».

«АДУНОК» быў прадстаўлены яшчэ ўвосень на расейскай выставе ўзбраеньня, але тады комплекс знаходзіўся на стадыі выпрабаваньня. Цяпер робат дабраўся і да беларускай выставы ўзбраеньняў, перадае БелТА.


Лукашэнка і Мядзьведзеў вывучаюць АДУНОК у час вайсковых вучэньняў

Цікава, што на беларускага вайсковага робата можна паставіць сонечныя батарэі, тады ён будзе заставацца «аўтаномным» доўгі час. Але для дакладнага кіраваньня ім патрэбны дрот, бо гэта, на думку вытворцаў, больш надзейны мэтад.


«АДУНОК» у поўным камплекце

Канструктарскае бюро «Дысплэй» займаецца распрацоўкай манітораў і кампутараў вайсковага прызначэньня. Яго прадукцыю можна знайсьці і ў «падводнай лодцы, і ў кабіне баявога самалёту».

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1568 seconds.