Стынг прыедзе ў Менск у суправаджэньні 100 чалавек

18 верасьня з канцэртам у межах сусьветнага турнэ Менск наведае Стынг у суправаджэньні Каралеўскага філярманічнага аркестру. Самыя вядомыя творы музыкі прагучаць у «Мінск-Арэне», дзе адмыслова пад канцэрт усе месцы будуць сядзячыя — без танцпляцу. Пра асаблівасьці адзінага на постсавецкай прасторы канцэрту Стынга з праграмай «Symphonicity» распавялі на прэс-канфэрэнцыі арганізатары.


Вяла прэс-канфэрэнцыю беларуская поп-сьпявачка Ганна Шаркунова. Удзел узялі арганізатары канцэрту: Серж Бандарчук (галоўны рэжысэр “Белдзяржцыпку”), Аляксандар Швэц (кіраўнік прадстаўніцтва Xerox Ltd. У Беларусі) і Андрэй Шпіт (кіраўнік allstars.by).

«Такіх маштабных праектаў дагэтуль у Беларусі ня было», — адзначыў пра заплянаваную падзею кіраўнік праекту allstars.by Андрэй Шпіт.

У цэлым арганізатары канцэрту чакаюць прыезду са Стынгам каля 100 чалавек — толькі каралеўскі аркестар пад кіраўніцтвам Стывэна Мэркурыо налічвае 50 асобаў. Да таго ж канцэрт Стынга абслугоўвае вялікая каманда тэхнікаў — болей 40 чалавек.

«Паверце, яны наладзяць гук як трэба», — супакойвае галоўны рэжысэр «Белдзяржцырку» Серж Бандарчук, памятаючы нараканьні прыхільнікаў на гук у часе нядаўняга канцэрту ў «Мінcк-Арэне» гурта Scorpions.

Сусьветны тур Стынга «Symphonicity» распачаўся 2 чэрвеня ў канадзкім Ванкувэры. Квіткі на 40 канцэртаў у Паўночнай Амэрыцы ўжо цалкам раскупленыя. Эўрапейская частка тура пачнецца 3 верасьня канцэртам у Осла. Па інфармацыі на сёньня, Менск стане пятай пляцоўкай у Эўропе, што прыме Стынга з Каралеўскім філярманічным аркестрам.

Каб дамовіць канцэрт у Менску, беларускія арганізатары адмыслова лёталі ў Канаду.

«Працуем 24 гадзіны ў суткі, спачатку па беларускім часе, потым — па канадзкім», — распавядае пра разгар працы па падрыхтоўцы канцэрту Андрэй Шпіт.

З адкрыцьцём «Мінск-Арэны» гэты год стане для Беларусі самым насычаным па колькасьці прыездаў замежных зорак. З посьпехам ужо прайшлі канцэрты Rammstein, Scorpions, у чэрвені выступяць Ванэса Мэй, Элтан Джон, на восень заплянаваны прыезд Limp Bizkit і Джо Кокера. «Перад намі стаіць задача на эксплуатацыю „Мінск-Арэны“», — адзначае Серж Бандарчук.

«Гэта адна з палітычных задач — прывоз такіх зорак як Стынг у Беларусь. Прыедзе шмат замежных гасьцей, што зьяўляецца добрай падтрымкай іміджу нашай краіны».

Тэхнічныя асаблівасьці арганізацыі такога маштабнага канцэрту арганізатары пакуль не адкрываюць, называючы іх сваім «маленькім сакрэтам», але завяраюць, што «усё будзе на вышэйшым узроўні».

Квіткі на канцэрт будуць каштаваць ад 120 тыс. рублёў і паступяць у продаж з 15 чэрвеня. Плянуецца прыезд прыхільнікаў і зь іншых краінаў — усяго разьлічваецца сабраць каля 13 тыс. гледачоў.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0905 seconds.