Недахоп сну можа прывесьці да раньняй сьмерці

Людзі, якія сьпяць меней за шэсьць гадзін у суткі, рызыкуюць памерці раней чаканага. А тыя, хто сьпяць зашмат — захварэць на дыябэт, кажуць вынікі дасьледаваньня брытанскіх і італійскіх навукоўцаў.

Тыя, хто сьпіць менш шасьці гадзін маюць на 12 адсоткаў вышэйшыя шанцы памерці раней, чым тыя, хто сьпіць «ідэальную» колькасьць часу ў 6–8 гадзін. Навукоўцы таксама ўбачылі сувязь паміж заўчаснай сьмерцю і сном больш за 9 гадзін у дзень.

«Калі вы сьпіце мала, у вас можа разьвіцца дыябэт, атлусьценьне, падвышаны крывяны ціск і высокі ўзровень халестэрыну», — заявіў Франчэска Капучча, які узначальваў дасьледаваньні ў Брытанскім унівэрсытэце Варвіку.

Як піша BBC, навукоўцы асабліва перасьцерагаюць тых, хто працуе на поўную стаўку. У сучасным сьвеце, па іх словах, людзі выдзяляюць надта мала часу на сон. Хаця яго працягласьць — хутчэй лякмусавая паперка нашага здароўя, бо на яго працягласьць могуць уплываць шматлікія фактары, дэпрэсія, напрыклад.

А вось празьмерна працяглы сон таксама можа прыводзіць да хваробаў. Раней іншыя навукоўцы паказалі, што надта доўгі сон падвышае верагоднасьць захворваньня дыябэтам другога роду.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0739 seconds.