У Слуцку адбылася масавая бойка моладзі

Учора ў самым цэнтры Слуцку адбылася вялікая бойка, у якой узялі ўдзел больш за сотню маладых людзей — фанатаў мясцовага і маладзечанскага футбольных клюбаў. Моладзь білася некалькі хвілінаў да зьяўленьня дадатковых сілаў міліцыі.

Як паведамляе «Інфа-Кур’ер», 19 траўня ў Слуцку меў адбыцца футбольны матч паміж мясцовым клюбам «Слуцкцукар» і камандай «Маладзечна». Але ўжо ў час першага тайму ў самым цэнтры гораду недалёка ад гарадзкога парку распачалася бойка паміж фанатамі клюбаў.

Ад пачатку ў цэнтры падзей апынуўся начальнік Слуцкага РАУС Сяргей Цішкевіч. Аднак узяць пад кантроль падзеі ў міліцыі атрымалася толькі пасьля зьяўленьня падмацаваньня.

Бойка доўжылася некалькі хвілінаў. Аб пацярпелых не паведамляецца. Таксама не паведамляецца, хто перамог у бойцы, аднак на футбольным полі верх узяла слуцкая каманда.

Відавочцы адзначаюць, што ў 90-я ў гэтым раённым цэтры нярэдка адбываліся падобныя бойкі «вуліца на вуліцу». Але цяперашні выпадак стаў першым за шмат гадоў.

Больш здымкаў бойкі на сайце «Інфа-Кур’еру».

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0594 seconds.