Распачаты прыём заявак на Graffiti Open Music Fest 2

Graffiti Open Music Fest на ўсіх парах нясецца ў накірунку да фінішнай прамой, зараз барацьба ў самым разгары, хтосьці ўжо прарваўся наперад, хтосьці ўпаў на полі бою, але відавочна адно — ідэя апраўдала сябе і новыя імёны прабіліся на сцэну. Працэсам захапіліся ня толькі арганізатары, але й самі ўдзельнікі, іх прыхільнікі, выпадковыя гледачы і сябры журы. Скандалы, інтрыгі, расьсьледаваньні — новая кроў крочыць на музычную сцэну рашуча і экстрэмальна.

Суперніцтва атрымалася не абы-якім — гурты аддавалі галасы канкурэнтам, вынікі жывога галасаваньня ў корані мяняліся падчас інтэрнэт-галасаваньня, журы дзяліла галасы і ўступала ў канфрантацыі з прыхільнікамі. Падводзячы першы вынік, можна сказаць, што нечакана шмат падзей пацягнуў за сабой фэстываль, таму было прынята рашэньне ў наступным годзе працягнуць закладзеную музычную традыцыю з больш жорсткімі і ўдасканаленымі правіламі.

Фестываль Graffiti Open Music Fest разьлічаны на тое, каб жывой музыкі у краіне стала больш, а адбор рэпэртуару адбываўся ня толькі з дапамогай «каманды знаўцаў» у асобе кампэтэнтнага журы, але і пры ўдзеле самога гледача — таго, хто ўсю гэтую музыку пасьля жадаў бы пачуць на жывых канцэртах. Тыя ж гурты і музыкі, хто не пасьпеў падаць заяўкі ў гэтым годзе, цяпер маюць усе шанцы нагнаць упушчанае ў наступным фэстывальным годзе.

Заяўкі прымаюцца да 7 верасьня 2010 года.

Заяўка павінна ўтрымліваць:

  • Назва, фота і кароткае апісаньне гурта;
  • Дэма-матэрыял 3-х песень у аўдыё або відэа-фармаце (пераважна mp3 або avi);
  • Кантакты з гуртом (тэлефон або мэсанджар).

Даставіць вашу заяўку арганізатарам конкурсу вельмі проста:

  • Прывезьці дыск у клуб (Беларусь, Мінск, пер. Калинина, 16) штодня з 11:00 да 23:00 і перадаць адміністратару або бармэну;
  • Даслаць на e-mail (bar@graffiti.by) адным (!) лістом, у дадатку якога і будзе знаходзіцца заяўка;
  • Даслаць дыск поштай па адрасе: 220012, Беларусь, Менск, зав. Калініна, 16, п/с 12.

Пачатак фэсту плянуецца на пачатак кастрычніка: традыцыйна па аўторках будуць праходзіць музычныя баі паміж 2–3 групамі, якія прайшлі адборачны тур. У гэтым этапе галасаваньня будуць прымаць удзел, як журы (голас журы прыраўноўваецца да 100 балаў), так і гледачы (голас гледача прыраўноўваецца да 10 балаў). Акрамя таго, цэлыя суткі, што ідуць пасьля чарговай бітвы, можна будзе пакінуць свой голас за ўпадабаную каманду на сайце конкурсу (інтэрнэт-голас прыраўноўваецца да 1 балу). Галасаваць он-лайн можна з 23:00 аўторка (дня правядзеньня бітвы) да 23:00 серады. Пераможцы дадзенага музычнага этапу пройдуць на наступную прыступку конкурсу. Таксама варта адзначыць, што перадача галасоў аднаго гурта іншаму — забароненая, а голас судзьдзі ня можа дзяліцца. З 2-га тура за лепшыя групы галасуюць толькі гледачы ў клюбе, г.зн. судзьдзі і інтэрнэт-галасаваньня ўжо ня будзе.

Ibad 10:30, 21/05/2010 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0963 seconds.