«Ювеналія, Ювеналія, хто ня п’е піва, той — каналья!»

Эх, як усё ж такі добра быць студэнтам! Ну проста сьвята кожны дзень! Але ня кожны дзень здараецца такое сьвята, якое ў траўні з размахам адзначаюць польскія студэнты — Juwenalia. І мы там былі, і піва пілі.

Juwenalia — гэта амаль тыдзень розных імпрэзаў, канцэртаў, конкурсаў. Але найбольш яскравай падзеяй безумоўна зьяўляецца яркае карнавальнае шэсьце студэнтаў праз горад. Як тое было 7 траўня ў Кракаве — апішу па гарачых сьлядох.


Надвор’е «ў лепшых традыцыях» адмыслова для вулічнага мерапрыемства падрыхтавала грунтоўны дождж. Але цалкам яго ігнаруючы, весела, голасна, з песьнямі, бубнамі, танцамі, півам, з дробнымі хуліганскімі выхадкамі, «бойкамі» на рыцарскіх мячах, д’ябальскіх трызубцах і бэйсбольных бітах паволі рухаўся каляровы натоўп зь мястэчка студэнцкага АГХ (Акадэмія Гурнічо-Хутніча — другая пасьля Ягелонскага Ўнівэрсытэту буйная кракаўская вучэльня) на Рынак Глувны.

Цікава, што асноўную ролю у падтрыманьні парадку гралі студэнты-валянтэры. Яны, разам з дарожнай паліцыяй кіравалі пераходам калёны праз дарогу, накіроўвалі яе рух па вуліцах. Паліцыянты, вядома, таксама былі побач, але не ў такой колькасьці, як на нашых масавых мерапрыемствах — ішлі сабе збоку, бублікі жавалі…

А на Рынку ўжо чакаюць — на вялікай сцэне духавы аркестар АГХ, апрануты у лекарскія халаты, вітае ўжо напампаваных півам ды іншымі напоямі піратаў, дзікароў, супэрмэнаў, касьмітаў, касманаўтаў, сэксі-манашак і іншых «герояў», чые вобразы цяжка паддаюцца ідэнтыфікацыі. Пачынаецца конкурс на лепшы строй. А ў тым часе ўсе фатаграфуюцца і прыпадаюць да пушак і бутэлек пад кліч вядучага: «Juwienalia, Juwenalia, kto nie pije ten kanalia!!!» Мы таксама прыпалі — гледзячы на тое, што робіцца навокал можна прыйсьці да высновы, што сёньня ў Польшчы можна спажываць алькаголь і на вуліцы.

Але толькі мы выйшлі па-за месца асноўнай тусоўкі з пушачкай піва у руцэ нас адразу «узяла за каўнер» Straż Miejska. Мы не чакалі такой «падставы» — Juwienalia ж, ёлы-палы! Стражы хацелі ад нас па 100 злотых, але калі даведаліся, што мы студэнты зь Беларусі, адчапіліся. Ага, баяцца! Ведай нашых, мы народ суворы!


Нарэшце зьявілася сонейка! Народ паціху разыходзіцца, каб адпачыць, пераапрануцца, пазмываць фарбы. Бо наперадзе напружаны графік — дыскатэкі ў студэнцкіх клюбах, канцэрт Apollo 440 ці проста піва зь сябрамі на лавачцы. Да раніцы.

Аўтары фота Анастасія Мілаванава і Іван Бурыкін

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0565 seconds.