ЭГУ запрашае выкладчыкаў і студэнтаў на канфэрэнцыю па онлайн-навучаньню

Эўрапейскі гуманітарны унівэрсытэт праводзіць першую рэгіянальную канфэрэнцыю, прысьвечаную сучасным праблемам дыстанцыйнай онлайн-адукацыі.

Рэгіянальная канфэрэнцыя пад назвай «Онлайн-навучаньне ў сьвеце: глябальныя і лякальныя магчымасьці» пройдзе ў Вільні 11–12 чэрвеня 2010. Да удзелу запрашаюцца выкладчыкі і студэнты вышэйшых навучальных устаноў.

На канфэрэнцыі будуць закранутыя пытаньні міжунівэрсытэцкіх сетак глябальнага навучаньня, сумесных міжнародных курсаў, пасьлядыплёмнай адукацыі онлайн, эфэктыўнай камунікацыі і матывацыі для навучаньня ў Сеціве. Працоўнымі мовамі канфэрэнцыі выбраныя ангельская і расейская.

Па выніках канфэрэнцыі плянуецца выданьне зборніка навуковых прац і публікацыя тэзісаў онлайн.

Заяўкі на удзел і тэзісы прымаюцца да 10 траўня 2010 году праз рэгістрацыйную форму на сайце канфэрэнцыі. Удзельнікі, якім патрабуецца візавая падтрымка, павінныя запоўніць адпаведны разьдзел у рэгістрацыйнай форме. Існуе магчымасьць атрыманьня гранта на конкурснай аснове для удзелу ў канфэрэнцыі.

Падрабязную інфармацыю глядзіце на сайце канфэрэнцыі.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0693 seconds.