Барадуліну спадабаўся новы альбом Вольскага

23 сакавіка ў тэатры імя Янкі Купалы адбудзецца прэзэнтацыя сольнага альбому Лявона Вольскага «Белая яблыня грому» на вершы беларускіх клясыкаў. Днямі гэты дыск паслухаў народны паэт Рыгор Барадулін, чый верш і даў назву праекту.

На дыску, які мусіць зьявіцца ў продажы якраз да прэзэнтацыі, будзе 12 песень, напісаных Вольскім на творы вядомых беларускіх паэтаў XIX–XX стагоддзяў — Чачота і Міцкевіча, Купалы і Коласа, Танка і Куляшова. Кожны зь вершаў атрымаў асабістае сучаснае музычнае ўвасабленьне. Ёсьць тут і рок, і рэп, і нават хэві-мэтал.

Тым не менш Рыгору Іванавічу Барадуліну, які ў лютым адзначыў 75-годзьдзе, дыск вельмі спадабаўся:

— Гэта вельмі цікавы альбом! Здавалася б, такія вершы, на каторыя немагчыма напісаць. Напрыклад, напісаць на Багушэвіча — гэта толькі Вольскі мог! І якраз яна гучыць, гэтая песьня! Наогул песьні ўсе мэлядычныя, запамінаюцца. Ну, а што тычыць «Белай яблыні грому»… Не таму, што яна мая — я не з тых, хто толькі сваё любіць… Але мяне дужа ўразіла песьня, Лявонаў падыход, мэлядычнасьць песьні. Дзякуй яму!

Лявон Вольскі 

Дарэчы, Лявон Вольскі прызнаецца, што сэнс верша «Белая яблыня грому» разгадваў даволі доўга, нават ужо пасьля таго, як напісаў на яго песьню:

— Мне здаецца, што гэта гісторыя чалавечага жыцьця — ад пачатку да канца. Там, на маю думку, зашыфраваныя розныя этапы — цяжкае ваеннае дзяцінства, юнацтва, першае каханьне, маладосьць, сталасьць… Неяк напачатку стасункі зь вершам былі нейкія інтуітыўныя, але, калі тэкст прасьпяваўся дзесяткі й дзесяткі разоў на рэпэтыцыях, неяк прыйшло разуменьне шчыгулаў, нюансаў, пра якія казаў Майстар.

Барадулін не пацьвярджае і не абвяргае словы музыкі: «Хай кожны па-свойму думае… Гром, з маланкамі і бліскавіцамі — ён жывы! Ён нагадвае дрэва, з гарачымі галінамі, з гарачымі лістамі. Гром — як жывая істота».

23 сакавіка ў тэатры імя Я.Купалы Лявон Вольскі з прэзэнтацыяй альбому «Белая яблыня грому». Пачатак — 19.00. Квіткі: ад 10 да 80 тыс. Даведка і замова квіткоў: Velcom 655 55 96, МТС 655 55 96, гарадзкі 280 15 10, а таксама праз сайт www.soundline.by.

12:40, 15/03/2010 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0661 seconds.