Біл Гейц прапануе падвучыцца он-лайн

Заснавальнік Microsoft у адстаўцы Біл Гейц цяпер мае шмат вольнага часу і некалькі гадоў заняты актыўнай прапагандай свабоднага праграмнага забесьпячэньня для навучаньня. Нядаўна кампутарны мільярдэр назваў «рэвалюцыйнымі» стартапы, якія зьмяшчаюць у адкрытым доступе відэалекцыі лепшых унівэрсытэтаў, і прызнаўся, што сам час ад часу наведвае он-лайн лекцыі.

«Існуюць некалькі выдатных прыкладаў таго, як тэхналёгія можа дазволіць амаль кожнаму вучыцца ў найразумнейшых людзей сьвету», — адзначаецца у другой штогадовай справаздачы Фундацыі Біла і Мілінды Гейц, якая была апублікаваная на гэтым тыдні.

Па словах Біла Гейца, ён сам, каб заставацца ў курсе асноўных трэндаў, праглядае лекцыі з такіх сайтаў, як Academic Earth і MIT’s OpenCourseware, якія ў вольным доступе трымаюць сотні навучальных відэа на розныя тэмы. Цікаўнасьць да навучаньня ў 53-гадовага мільярдэра нікога не зьдзіўляе: дыплём аб вышэйшай адукацыі ён атрымаў толькі 2 гады таму.


Лекцыя па ўводзінах у псыхалёгію ад прафэсара Ельскага ўнівэрсытэту, даступная на Academic Earth

Адзін з такіх парталаў, Academic Earth, стратаваў ў мінулым годзе. Экспэрты сустрэлі яго зь вялікім энтузіязмам. Стартап нават трапіў у сьпіс 50 лепшых сайтаў па вэрсіі часопісу Time зь дзевятай пазыцыяй.

Галоўная мэта Academic Eart — дапамагчы студэнтам з усяго сьвету цераз Інтэрнэт трапіць на лекцыі лепшых выкладчыкаў Амэрыкі. Сайт зьбірае лекцыі некаторых найбольш рэйтынгавых унівэрсытэтаў ЗША і такім чынам дазваляе карыстальнікам атрымаць вольны доступ ў аўдыторыі Елю, Стэндфарду, МІТу і іншых вядомых унівэраў краіны. Дарэчы, прамовы прафэсара фізыкі МІТу Ўолтэра Левіна ўваходзяць у лік ўлюблёных лекцый Гейца.

Папулярнасьць он-лайн лекцый і стартапаў, якія іх прапануюць, за апошні час значна ўзрасла. Напрыклад сайт бібліятэкі Тэхаскага ўнівэрсытэту ў Даласе вывесіў адукацыйныя матэрыялы ў фармаце аўдыё і відэа на тэмы кшталту «Зьмененыя станы: гісторыя ўжываньня наркотыкаў у Амэрыцы».

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0778 seconds.