Студэнтцы БДУ пагражаюць за ўдзел у зборы подпісаў

Студэнтцы 2 курса юрыдычнага факультэту Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Марыі Квіцінскай пагражаюць незнаёмыя людзі. Марыя зьвязвае гэта з удзелам у зборы подпісаў у падтрымку адлічанай аднагрупніцы Тацяны Шапуцькі.

На выходных маці Марыі Квіцінскай, аднагрупніцы Тацяны Шапуцькі, якая была адлічаная з БДУ з-за ўдзелу ў форуме грамадзянскай супольнасьці краін Усходняга Партнэрства, патэлефанавалі невядомыя людзі.

«Маёй маці было сказана, каб яна адгаварыла мяне лезьці ў гэтую сытуацыю інакш тое для мяне дрэнна скончыцца», — перадае словы Марыі прэс-служба «Маладога Фронту». Адкуль быў той званок: ці з адміністрацыі ўнівэрсытэта, ці з пэўнага дзяржаўнага органа, маці студэнткі, разгубіўшыся, не запомніла.


Фота Радыё Свабода

Гэта ня першыя пагрозы ў дачыненьні да дзяўчыны, якая была адной зь ініцыятараў збору подпісаў. За тыдзень да гэтага выпадку Марыя была фактычна затрыманая сацыяльным пэдагогам у студэнцкім інтэрнаце у час збору подпісаў. Тады пэдагог нагадала Марыі, што ўжо пачаліся іспыты і прыстрашыла, што дзяўчына можа ня здаць зімовую ці летнюю сэсію.

Тацяну Шапуцьку адлічылі з другога курсу юрыдычнага факультэту БДУ з афіцыйнай фармулёўкай «за парушэньні Правілаў унутранага распарадку». У асабістых размовах з Тацянай службовыя асобы ўнівэрсытэту казалі, што фактычнай падставай для адлічэньня паслужыў пропуск заняткаў у пэрыяд яе знаходжаньня на форуме Ўсходняга партнэрства, а таксама тое, што яна не апавясьціла дэканат аб ад’езьдзе.

Тацяна ўжо падала скаргу ў Міністэрства адукацыі, у якой адзначыла парушэньне працэдуру адлічэньня. Па яе словах, дэкан факультэту не даваў згоды на адлічэньне, што ёсьць парушэньне правілаў. У выпадку адмоўнага адказу міністэрства адлічаная студэнтка зьбіраецца зьвярнуцца ў суд.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0721 seconds.