У беларускай моладзі галоўная каштоўнасьць — здароўе

Найбольш істотнай каштоўнасьцю беларуская моладзь лічыць здароўе. Аднак піва маладыя людзі ад 18 да 29 гадоў п’юць ня менш, чым пяць гадоў таму, паліць сталі болей, а займацца спортам меней. Такія дадзеныя атрыманыя ў выніку нядаўняга сацыялягічнага дасьледаваньня інфармацыйна-аналітычнага цэнтру.

 

Як паказала дасьледаваньне, 85% рэспандэнтаў галоўнай каштоўнасьцю лічаць здароўе. У той жа час вялікай цягі да заняткаў спортам у моладзі не назіраецца. Прыкладна палова апытаны займаюцца фізкультурай і спортам толькі ад выпадку да выпадку, а кожны чацьвёрты ўвогуле не зазірае ў спартзалю. Рэгулярна займаюцца спортам каля 30 працэнтаў маладых людзей.

На 11% у параўнаньні з 2004 годам павялічылася колькасьць маладых людзей, якія наогул не займаюцца фізкультурай.

Затое любоў да піва ў маладых рэспандэнтаў застаецца нязьменнай — як і пяць гадоў таму, згодна зь інфармацыяй цэнтру, яго спажываюць 18% апытаных. На 9 працэнтаў павялічылася колькасьць палільшчыкаў — з 25,7% да 34,7%.

Дзьве траціны ўдзельнікаў дасьледаваньня ацэньваюць стан свайго здароўе як «добры» альбо «хутчэй добры». Каля адной траціны называюць стан «задавальняючым». На дрэннае самаадчуваньне скардзяцца каля пяці адсоткаў моладзі.

У апытаньні ўзялі ўдзел больш за тысячу рэспандэнтаў з раённых цэнтраў і сельскіх населеных пунктаў Беларусі.

Паводле РЭСПУБЛIКА

17:01, 22/11/09
Андрэй Сьмятаньнікаў
Тут павінен быў быць банэр, але ў вас старая вэрсія Flash-player. Аднавіце яе, каб бачыць сымпатычную анімацыю ;)

Камэнтары

Камэнтаваць могуць толькі аўтарызаваныя карыстальнікі.
Зарэгіструйцеся і ўвайдзіце на сайт, калі ласка.
 
In 0.3802 seconds.