30 красавіка канцэрт «Разьбітага сэрца пацана» і «Кальмараў» у «Рэактары»
30 красавіка ў менскім клюбе «Рэактар» адбудзецца канцэрт менскага гурта «Разьбітае сэрца пацана». Разам з «РСП» выступіць гурт зь Бярозы «Кальмары». А 8 траўня ў бярозаўскім клюбе «Kazantip» пройдзе канцэрт «Кальмараў», да якога прыедзе ў госьці гурт «Разьбітае сэрца пацана».
Удзельнікі «РСП» і «Кальмараў» тлумачаць сваё рашэньне адыграць разам тым, што абодва гурты граюць пазытыўную музыку і адрозьніваюцца аптымістычным поглядам на жыцьцё. Два канцэрты пройдуць у межах адмысловага марафону Менск-Бяроза.
Выступ «Разьбітага сэрца пацана» на фэсьце «Музычны апэльсін» 04.12.2008.
Аўтар фота: Юра Сідун
Гурт «Разьбітае сэрца пацана» прэзэнтуе на канцэртах песьні са свайго дэбютнага альбому «Розавы закат» і прадставіць «колькі новых трэш-поп баевічкоў.
«На канцэрце ў „Рэактары“ прагучаць 9 новых песень. Мы самі ў шоку. Вас чакае касьмічны мэтал, мангольскі народны індзінойс ды яшчэ шмат прыемных сюрпрызаў. Мы не сталі больш сур’ёзнымі, мы сталі зьлейшымі! А яшчэ больш адукаванымі, бо прачыталі ўсе 15 кніжак з кніжнай паліцы Брайна Іно, — кажуць музыкі. — Адным словам, 30 красавіка ў клюбе „Рэактар“ вас сустрэнуць васстаўшыя з пеплу, перарадзеўшыеся „РСП“! Гэта будзе наш лепшы канцэрт! Атвечаем!»
Трас-поп калектыў «Разбітае сэрца пацана» быў заснаваны ў сьценах Унівэрсытэту культуры напрыканцы 1990-х. А задумалі такую справу два студэнты гэтай установы Дзяніс Тарасенка, вядомы па гурце «Склеп», і Саша Маленькі (пазьней вядомы ды-джэй Цім Карамыслаў). Дуэт праіснаваў пару дзён, даў шэраг канцэртаў у аўдыторыі, усіх заваяваў і сышоў у нябыт.
У 2005 годзе Дзяніс Тарасенка з аднакурсьнікам Паўлам Гарадніцкім рэанімавалі ансамбаль, пакінуўшы назву, канцэпцыю, запал, цемрашальства і прылады: баян і піяніна-раяль-сінтэзатар. Калектыў стаў прабівацца на вяршыні шоў-бізнэсу. «Кулькоўскія» старажылы сьцьвярджалі, што «так „кулёк“ ніхто не рваў». Праводзіліся акцыі «Даеш трохразавае пітаніе ў студзенчаскія масы» — канцэрт акурат у «кулькоўскай» сталовай падчас абеду, фаер-шоў з петардамі і іншы рух!
Гурт «Кальмары» паўстаў у 2006 годзе. Напрамак сваёй музыкi яны адразу вызначылi як «закуска пад пiва». Адсюль і назва — «Кальмары». За час свайго iснаваньня гурт стаў ляўрэатам шматлiкiх фэстываляў, у тым ліку «Sound of borderlands 2007» (Польшча), «Union of rock 2008» (Польшча), «Амбасовiшча 2008» (Мінск), «Залатая восень 2008» (Брэст).
Выступ «Кальмараў» на фэсьце «Рок па вакацыях 2008» 31.08.2008.
Аўтар фота: Юра Сідун
Мiнулым годам гурт зьняў 2 клiпы ў Варшаве на песьнi «Бадмiнтон» і «Ён i яна». Песьня «Ён i яна» увайшла ў складанку «Незалежныя». У хуткiм часе гурт плянуе выпусьцiць доўгачаканы першы альбом.
Галоўная мэта гурту — бачыць радасьць ды весялосьць на тварах людзей, а па жыцьцi iсьцi з пазытывам!
Канцэрт «РСП» і «Кальмараў» у Менску
- Калі: 30.04.2009
- Дзе: клюб «Рэактар»
- Даведкі: 8 029 6490888
Канцэрт «РСП» і «Кальмараў» у Бярозе
- Калі: 08.05.2009
- Дзе: клюб Kazantip
- Даведкі: 8 029 6490888
Інфармацыя паводле прэс-рэлізу