Любы ананімны юзэр сацыяльнай сеткі можа быць вылічаны

Дасьледчыкі з Тэхаскага ўнівэрсытэта сьцьвярджаюць, што ананімнасьць, якой могуць карыстацца ўдзельнікі сацыяльных сетак, ёсьць міт.

Нават калі карыстальнік не пазначае прыватныя дадзеныя (такіх як імёны, адрэсы), юзэра «выдае» сама структура ўзаемасувязяў унутры сетак.

Сваю мэтодыку Арвінд Нарайянан (Arvind Narayanan) і яго куратар Віталь Шматыкаў (Vitaly Shmatikov), апісваюць у працы са складаным назовам «Дэананімізацыя сацыяльных сетак». Сутнасьць іх мэтодыкі, якая будзе прадстаўленая на канфэрэнцыі па бясьпецы ў траўні, палягае ў параўнаньні дзьвюх буйных сацыяльных сетак: Twitter і Flickr.

 

Вядома, што Twitter зьяўляецца больш адкрытай сеткай, чым Flickr. Але паміж карыстальнікамі абедзьвюх сетак існуюць сувязі, якія таксама даступныя іншым назіральнікам. Маючы ў распараджэньні толькі гэтыя дадзеныя, Нарайянан і Шматыкаў могуць вылічыць юзэраў, якія ёсьць удзельнікамі абедзьвюх сетак, і, такім чынам, ідэнтыфікаваць «ананімных» карыстальнікаў Flickr.

Высьветлілася, што можна ідэнтыфікаваць двух з трох ананімных карыстальнікаў, пры ўмове, што яны таксама маюць акаўнт на Twitter. Таксама пасьпяховасьць ідэнтыфікаваньня залежыць ад колькасьці інфармацыі, якую пакідаюць карыстальнікі сэрвісу мікраблогінга.

Вядома, што вялікая колькасьць розных сэрвісаў «дзеліцца» дадзенымі пра сваіх карыстальнікаў з рэклямадаўцамі, папярэдне хаваючы імёны, тэлефоны і іншыя істотныя прыватныя дадзеныя. Але гэта практыка ёсьць небясьпечнай, лічаць навукоўцы.

Узяўшы на узбраеньне матэматыку, зламысьнікі альбо спэцслужбы могуць лёгка вылічыць карыстальнікаў прыватных сацсетак — як масава, так і індывідуальна.

Навукоўцы таксама адзначаюць, што ня бачаць ніякага тэхнічнага рашэньня, якое магло б абараніць ананімнасьць карыстальнікаў сацыяльных сетак.

Паводле PC World

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0818 seconds.