«Рэактар» на хуткіх ірляндцах

Гурты «Ragneda» і «Bassdance» зладзілі ірляндзкую вечарыну ў клюбе «Рэактар». Трэба быць вельмі таленавітым і самаўпэўненым, каб з такой ступеньню раскручанасьці і маштабам рэклямнай кампаніі запоўніць у пятнічны вечар «Рэактар». На канцэрт, як таго і варта было чакаць, прыйшлі менскія адэпты ірляндзкай культуры, а таксама інтэлігентныя маладыя людзі ў акулярах.

Ірляндзкія танцы

Звычайна такія „тэматычныя“ мерапрыемствы маюць нейкую нагоду. Гэтым разам яе адшукаць не атрымалася: дзень сьвятога Патрыка (галоўнае і самае любімае ірляндзкае сьвята зямлян) будуць сьвяткаваць толькі 17 сакавіка, а дзень незалежнасьці Ірляндыі адмыслоўцы ўжо, мусіць, і адзначылі (6 сьнежня). Але арганізатары ўсё роўна праз афішу вечарыны прапаноўвалі «зарадзіцца энэргіяй і настроем да дня сьв. Патрыка».

Ірляндзкія танцы

Стрыжнем канцэрту была folk-country-celtic group «Ragneda». Такая мудрагелістая назва на ангельскім падмурку тлумачыцца загадкавасьцю гурта і яго 12-гадовай гісторыяй. Так, як адзначыў удзельнік «Ragneda» Уладзімер Гінько, «наш гурт ахутаны таямніцаю, бо дыскаў нашых нідзе не набыць, DVD не знайсьці. Нас можна пачуць толькі на канцэртах».

Сябе рагнедаўцы рэкамэндуюць як «першапраходцаў, якія ўнесьлі ірляндзкую культуру ў Беларусь». Але, гледзячы па колькасьці іх выступаў на радзіме, той унёсак застаўся незаўважаным.

Ірляндзкія танцы

Пасьля выкананьня, чамусьці па-ангельску, просьценькае кампазыцыі пра ірляндзкія танцы й песьні, распачалася асноўная частка вечарыны. У большасьці выпадкаў выступы «Ragneda» падтрымлівалі дзяўчыны і хлопцы з клюбу ірляндзкіх танцаў «Bassdance». На вялікую славу апошнія, бачна, не разьлічваюць, але асноўныя кампанэнты клясычных перакананьняў пра танцавальную культуру краіны Джойса выконвалі даволі ўдала. Так, пасьля чарговай порцыі ўдарнай партовай джыгі да танцпляцоўкі падцягнуліся асабліва няўстойлівыя да рытмаў гледачы.

Але валоданьнем сакральнай тэхнікі танцаў пахваліцца маглі адзінкі. Для астатніх небаракаў добрыя арганізатары ладзілі некалькі майстар-клясаў, пад час якіх тыя навучалі некаторых, мо ўжо прыняўшых на грудзі так з паўпінты скотчу, слухачоў, то ірляндзкім вальсам, то полькам.

Ірляндзкія танцы

Назіраючы за піруэтамі ног выступоўцаў з «Bassdance», цяжка было ўявіць, што яшчэ два стагодзьдзі таму нацыянальныя танцы Ірлядыі былі жорстка забароненыя ангельскімі ўладамі. Аднак, «д’ябальскія» рухі ног і рук ірляндцаў былі не даспадобы і мясцовым каталіцкім сьвятарам. Таму зараз рукі ў танцы альбо зусім не выкарыстоўваюцца, альбо маюць другаснае значэньне.

Ірляндзкія танцы

Увогуле, ірляндцы вельмі блізкі да беларусаў эўрапейскі народ. Бульба, зялёны колер (беларуская партызаншчына), любоў да моцных напояў… А яшчэ ірляндцы доўга не маглі вызначыцца са сваёй незалежнасьцю, а калі ўжо гэта і атрымалася, то пытаньні (у выглядзе Ольстэра) засталіся. Бясконцы кельцкі дуалізм паглыбіўся і застаўся на ірляндзкай зямлі. Правы ірляндзкамоўных абароненыя нашмат лепш за беларускамоўных у нашай краіне, але вось стан ірляндзкай мовы хіба ня горшы за сытуацыю зь беларускай. У выніку, нацыя губляе мову — абсалютная большасьць карыстаецца ангельскай.

Ірляндзкія танцы

«Ragneda» тым часам не забывалася на іншыя складальнікі сваёй назвы. Прагучала некалькі кампазыцый у стылі кантры. «Мы займаемся спалучэньнем беларускай і амэрыканскай культуры», — нагадалі чальцы «Ragneda». Эфэктна выглядалі дзьве жанчыны ў ірляндзкіх строях, якія неймаверна энэргічна гралі на цымбалах (я і ўявіць раней ня мог, што можна так энэргічна граць на цымбалах).

Паміж танцамі і майстар-клясамі арганізатары правялі некалькі конкурсаў. Пасьля адно зь іх (шукалі ірляндзкі прычэсон), гледачы паціху сталі падцягвацца да гардэробу — пятнічны вечар чакаў працягу. А мне заставалася толькі парадавацца за тых, хто мае дастатковую энэргаўспрымальнасьць і зарадавую ёмкасьць, каб данесьці ўражаньні ад гэтага вечара да дня сьвятога Патрыка.

Ірляндзкія танцы

Глядзіце яшчэ 25 здымкаў зь вечарыны ў фотаблогу Generation.bY

Аўтар фота: Julia Fox

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0951 seconds.