Праграма Ж!: «У пошуках сваіх каранёў і сябе сучаснай»

Адукацыйны цэнтар ПОСТ прапануе ўдзел у праграме, якая зьвязвае традыцыі і сучаснасьць, этнаграфічныя экспэдыцыі і сэмінары па сучасных жаночых праблемах. Як рэалізаваць сябе? Ці мае жаночае лідэрства жаночы характар? Як дасягнуць сваёй мэты і навучыцца натхняць іншых?

Мерапрыемствы ў межах праграмы

Сэмінар-знаёмства (31 студзеня — 1 лютага 2009)

Мы сустрэнемся для таго, каб пазнаёміцца, абмеркаваць сытуацыі, якія нас хвалююць і дзе мы хацелі б штосьці зьмяніць, складзем плян нашых далейшых экспэдыцый і сэмінараў.

Час экспэдыцый (люты-сакавік — 2009)

У чым заключаўся сэнс рытуалаў, заняткаў нашых бабуль? Якой філязофіяй гэта было напоўнена? Што ад гэтага мы маем на сёньня? Якія каштоўнасьці мы можам зараз перадаць сваім дзецям? Якімі каштоўнасьцямі мы валодаем, адкуль іх карані?

Гэта час вандровак і знаёмстваў зь цікавымі людзьмі, якія займаюцца традыцыйнымі, але забытымі сёньня заняткамі. А таксама час нашых разважаньняў і практык. А яшчэ мы можам пазнаёміцца зь цікавымі жанчынамі ў розных кутках Беларусі.

Час сэмінараў (2 выходных, сакавік — красавік 2009)

У чым асаблівасьць ладу жыцьця сучасных жанчын, і чым гэта адрозьніваецца ад ладу жыцьця пакаленьня нашых матуль, бабуль? Якія зьявіліся новыя выклікі, свабоды ці праблемы? Сучасныя гендэрныя тэорыі — у чым іх спэцыфіка?

Гэта час для самавызначэньня, вызначэньня сваіх інтарэсаў і стварэньня стратэгій па іх рэалізацыі, распрацоўкі міні-праектаў.

Час самаадукацыі ў навучальных гуртках (5 сустрэч на працягу траўня-чэрвеня 2009)

Навучальныя гурткі — гэта цудоўная магчымасьць абмеркаваць тэмы, зь якімі плянуецца працаваць, назапасіць матэрыял, абмеркаваць пытаньні і стратэгіі правядзеньня ўласных праектаў. У парах ці маленькіх групах у ўдзельніц будзе магчымасьць знайсьці зацікаўленых у свае ўласныя гурткі і стварыць каманды аднадумцаў.

Час дзеяньня (ліпень-лістапад 2009)

Мы можам падзяліцца сваімі ведамі, можам згуртаваць людзей разам, падтрымаць ці натхніць — мы робім свае ўласныя крокі ў самарэалізацыі і рэалізуем міні-праекты ў любой галіне жыцьця, накіраваныя на аб’яднаньне вакол вырашэньня хвалюючых праблем у грамадзтве.

Фэстываль жаночых ідэй (сьнежань 2009)

На гэтым мерапрыемстве будуць прадстаўлены цікавыя вынікі творчай працы жанчын па рэалізацыі сваіх ідэй у межах праграмы.

Чаму гэта можа быць актуальна для Вас?

  • У Вас будзе магчымасьць распрацоўкі, рэалізацыі сваіх уласных творчых ідэй па тэме.
  • Вы зможаце абмеркаваць тое, што вас хвалюе зь іншымі жанчынамі і спэцыялістамі ў розных сфэрах культуры і гендэрных дасьледаваньняў.
  • Гэта праграма — унікальная магчымасьць пабываць у розных цікавых кутках Беларусі і пазнаёміцца з традыцыйнымі рамёствамі і цікавымі людзьмі.
  • Вы знойдзеце аднадумцаў, абмяняецеся ведамі і створыце разам нешта карыснае для грамадзтва і для сабе.
  • Напрыканцы праграмы вы атрымаеце сэртыфікат удзелу і набытых пад час праекту кампэтэнцый.

Як стаць удзельніцай праграмы?

Да ўдзелу запрашаюцца жанчыны 20-40 год. Варта вырашыць, ці згодны Вы ўдзельнічаць у праграме на працягу прапанаванага часу? Далей патрэбна прыняць удзел у конкурсе і напісаць эсэ «Якая я жанчына і якія праблемы жанчын мяне хвалююць?» (ня менш за 2 старонкі) Будзьце крэатыўнымі і адкрытымі!

Дашліце да 23 студзеня 2009 ліст з анкетай і эсэ на 2 паштовыя скрынкі: velichko.alena@gmail.com і alesja.bel@gmail.com з пазнакай «Праграма Ж!»

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0891 seconds.