Конкурс: правы чалавека ў Беларусі праз аб’ектыў фотакамэры

Да дня прыняцьця Усеагульнай дэклярацыі правоў чалавека Беларускі Дом правоў чалавека ў Вільні ладзіць фотаконкурс на тэму правоў чалавека. Будзе дзьве намінацыі: найлепшае прафэсійнае фота і найлепшае аматарскае фота. Працы будуць уключаныя ў экспазыцыю «Правы чалавека праз аб’ектыў фотакамэры», што пройдзе ў Вільні, а пераможцы конкурсу атрымаюць каштоўныя прызы.

10 сьнежня 2008 году спаўняецца 60 гадоў з дня прыняцьця Усеагульнай дэклярацыі правоў чалавека. Да юбілею гэтага найважнейшага інструмэнта Беларускі Дом правоў чалавека ў Вільні ладзіць конкурс на найлепшую фатаграфію, якая ілюструе ажыцьцяўленьне якога заўгодна права ці свабоды чалавека ў Беларусі.

Конкурс ладзіцца ў дзьвюх намінацыях

  • Найлепшае прафэсійнае фота (аўтары — прафэсійныя фатографы)
  • Найлепшае аматарскае фота

Паводле вынікаў конкурсу, у кожнай з намінацыяў будзе адабраная найлепшая фатаграфія, аўтар якой атрымае прыз — паездку ў Вільню на двух чалавек на выходныя альбо грашовую прэмію. Астатнія фатаграфіі будуць уключаныя ў экспазыцыю «Правы чалавека праз аб’ектыў фотакамэры», якая будзе праходзіць у Доме правоў чалавека ў Вільні.

Фатаграфіі будуць ацэньвацца міжнародным журы, у склад якога ўвойдуць прадстаўнікі Дамоў правоў чалавека ў Осла, Лёндане, Маскве, Сараеве.

Пераможцы будуць абвешчаныя 10 сьнежня 2008 году.

Умовы ўдзелу ў конкурсе

  • Удзельнічаць у конкурсе могуць грамадзяне альбо жыхары Беларусі.
  • Да ўдзелу ў конкурсе прымаюцца арыгінальныя працы, якія адпавядаюць патрабаваньням Закону аб аўтарскім праве Літоўскай Рэспублікі. Забараняецца паданьне чужых прац без пазначэньня аўтарства і пісьмовага дазволу аўтара на выкарыстаньне фатаграфіі для ўдзелу ў конкурсе.
  • Адзін аўтар можа падаваць на конкурс не больш за тры працы.
  • Фатаграфіі не могуць быць вынікам фотакалажу.
  • Удзел у конкурсе прадугледжвае перадачу фатографам правоў ДПЧ на выкарыстаньне матэрыялаў, прадстаўленых на конкурс, на наступных выставах і ў публікацыях ДПЧ, прысьвечаных правам і свабодам чалавека.

Працы прымаюцца да 30 лістапада 2008 году на адрас: belarus@humanrightshouse.org з пазнакай «Правы чалавека — конкурс».

Тэхнічныя патрабаваньні да конкурсных прац

  • Фатаграфіі могуць быць як каляровыя, гэтак і чорна-белыя.
  • Фатаграфіі прадстаўляюцца ў фармаце JPEG з пашырэньнем 300 dpi. Якасьць лічбавай выявы павінна дазволіць надрукаваць фатаграфію фарматам не менш за А3 для экспанаваньня на выставе.
  • Працы павінны быць аформленыя ў выглядзе архіву ZIP альбо RAR, назва архіву павінна ўтрымліваць імя і прозьвішча ўдзельніка ў лацінскай транскрыпцыі, а таксама намінацыю, у якой удзельнічае аўтар (для прафэсійнай фатаграфіі — NOM1, для аматарскай — NOM2). Прыклад назвы архіву: Jan_Janavic_NOM1.zip
  • Акрамя фатаграфій архіў павінен утрымліваць файл, у якім тлумачыцца, якое менавіта права чалавека ілюструе канкрэтная фатаграфія. Тыя, хто ўдзельнічае ў намінацыі «Найлепшае прафэсійнае фота», таксама дасылаюць сьціслае рэзюмэ.

Інфармацыя падрыхтаваная арганізатарамі конкурсу

11:45, 11/11/2008 | Цікавосткі |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0904 seconds.