Працягваецца творчы конкурс БАЖ у межах медыякампаніі «Журналісты за гістарычную спадчыну»

Мэта конкурсу — адзначыць найлепшыя журналісцкія матэрыялы, прысьвечаныя тэме гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі.

Конкурс праводзіцца ў трох намінацыях:

  • Помнікі паміраюць стоячы 
    У гэтую намінацыю прымаюцца тэксты, прысьвечаныя праблемам захаваньня помнікаў гісторыі і культуры Беларусі, фактам зьнішчэньня помнікаў, а таксама парушэньняў заканадаўства аб захаваньні спадчыны.
  • Вандроўка па Беларусі 
    У гэтую намінацыю прымаюцца тэксты, якія ўяўляюць сабой распрацаваныя журналістамі маршруты вандровак па цікавых гістарычных мясьцінах Беларусі, альбо якія папулярызуюць ужо існуючыя маршруты.
  • 145-я ўгодкі паўстаньня пад кіраваньнем Кастуся Каліноўскага 
    У гэтую намінацыю прымаюцца тэксты, прысьвечаныя гісторыі паўстаньня Кастуся Каліноўскага 1863–1864 гадоў.

Браць удзел у конкурсе маюць права штатныя альбо пазаштатныя аўтары беларускіх СМІ — друкаваных выданьняў, радыё- і тэлепраграм, інтэрнэт-сайтаў.

На конкурс прымаюцца журналісцкія працы, якія былі надрукаваныя ці выйшлі ў эфір у пэрыяд з 1 студзеня па 31 сьнежня 2008 года. Апошні тэрмін прыёму конкурсных твораў — 31 сьнежня.

Матэрыялы павінныя быць прадстаўленыя ў друкаваным выглядзе з рэдакцыйнай пячаткай і подпісам (для друкаваных выданьняў), а таксама ў электронным выглядзе (абавязкова). Абавязковае таксама ўказаньне даты публікацыі (выхаду ў эфір) матэрыялу. Прымаецца не больш за 3 матэрыялы ад аднаго аўтара.

Акрамя таго, кожны аўтар павінен даслаць наступныя зьвесткі пра сябе:  

  • імя, імя па бацьку і прозьвішча;  
  • узрост;  
  • выданьне, у якім працуе;  
  • тэлефон (працоўны і мабільны);  
  • электронная пошта.

Журы конкурсу будзе ацэньваць:

  • арыгінальнасьць інфармацыі (інфармацыйная нагода);
  • спосабы дасягненьня эфэкту прысутнасьці (для рэпартажу);
  • выбар праблемы;
  • адпаведнасьць прынцыпаў падачы інфармацыі абранаму жанру;
  • пераканаўчасьць, даказальнасьць, ступень аўтарскай аргумэнтацыі.

Вынікі творчага конкурсу ў пералічаных намінацыях падвядзе журы, у склад якога ўвайшлі сябры аргкамітэту мэдыя-кампаніі БАЖ «Журналісты за гістарычную спадчыну»: Сяргей Харэўскі, Марына Загорская, Яніна Мельнікава, Андрэй Аляксандраў, а таксама Антон Астаповіч — старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў.

У межах  кампаніі БАЖ ладзіць адмысловыя вандроўкі для журналістаў па закінутых архітэктурных помніках краіны. Бліжэйшая такая вандроўка адбудзецца 30 кастрычніка.

 

17:09, 21/10/2008 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0662 seconds.