Нашы ў Нямеччыне альбо культурна-адукацыйная праграма DAAD для студэнтаў-юрыстаў

Для нашай групы юрфакаўцаў Эўразьвяз пачаўся не з суровых мытнікаў, а са зьмены колаў у цягніку на мяжы — шырыня эўрапейскай чыгуначнай каляі не супадае з нашай.

Прыбылі мы ў Бэрлін з 2-хгадзінным спазьненьнем дзесьці аб адзінаццатай гадзіне ранку. На пэроне станцыі Ліхтэнбэрг нас віталі прадстаўнік DAAD, наш гід — Ганна Фрызэн і Зьміцер («Наш-Чалавек-у-ЕС») Аўдзееў — наш студэнт юрфака БДУ, а па сумяшчальніцтве — і ўнівэрсытэта горада Більбао.


У той жа дзень мы адправіліся аглядаць рэшткі бэрлінскай сьцяны — так званая экскурсія, а дакладней «прыемны шпацыр» у трыццаціградусную сьпёку па цэнтры Бэрліна. Але ж усё роўна — цікава. Па праўдзе кажучы, усе былі крыху зьдзіўлены яе сучасным аптымістычным выглядам. Далей — пад’ём на звышхуткасным ліфце на дах хмарачоса і — Бэрлін як на далоні. Потым — Брандэнбургская брама, Унтэр-дэн-Ліндэн

Але меркаваць, што ўсё наша падарожжа — звычайная экскурсія — не зусім дакладна. У пачатку артыкула пад скарачэньнем DAAD я ўзгадаў арганізатара зь нямецкага боку і спонсара нашага падарожжа — «нямецкую службу акадэмічных абменаў» Deutscher Akademischer Austausch Dienst, мэтай дзейнасьці якой зьяўляецца ажыцьцяўленьне рознага кшталту праграм і мерапрыемстваў у сфэры адукацыі, а менавіта — прадстаўленьне паслуг па пытаньнях атрыманьня адукацыі і правядзеньня навуковых дасьледваньняў у Нямеччыне. Трэба заўважыць, што наша падарожжа было зьдзейсьнена ў межах адной з самых кароткатэрміновых агульнаадукацыйных праграм зь ліку тых, што прапаноўвае дадзеная арганізацыя.


На наступны дзень быў Бундэстаг і ўвесь комплекс будынкаў нямецкага вышэйшага заканадаўчага воргана — гэта цэлы дзень. На правах гаспадара нас прымаў доктар Герхард Ракініўс (дарэчы, не так даўно ён наведваў юрыдычны факультэт БДУ), які пачаў з тэматычнага дыялёга па пытаньнях парлямэнтарызму ўвогуле і ў Нямеччыне непасрэдна. А напрыканцы мы сустрэліся са стыпэндыяткамі зь Беларусі міжнароднай парлямэнцкай праграмы IPS — гэта праграма для ўжо атрымаўшых дыплём аб вышэйшай адукацыі спэцыялістаў.

Пасьля сустрэчы — абед у рэстарацыі парлямэнта, дзе ў бары прапаноўваліся апроч сокаў і вод сьпіртныя напоі — гэта да пытаньня актыўнасьці дэпутатаў у паседжаньнях: пасьля абеду, напэўна, кансэнсус знаходзіцца лягчэй… :)

Скончылася наведваньне Нямецкага Парлямэнту экскурсіяй па будынку Бундэстага і ўзыходжаньнем на самы верх знакамітага шклянога купала яго даху. Празрысты купал, як мы зразумелі, зьяўляецца сымбалем транспарэнтнасьці нямецкага парлямэнтарызму і прыняцьця палітычных рашэньняў. І ў той жа дзень, увечары — ад’езд у Дрэздэн — Фларэнцыю на Эльбе, як яго часта называюць.

А далей усё закруцілася зь неверагоднай хуткасьцю: гарады, людзі, сустрэчы, аніводнай хвілінкі спакою. З такім напружаным графікам, які нам прапанавалі, вядома трэба было таксама знаходзіць час для самастойнага знаёмства зь Нямеччынай — людзьмі, месцамі, культурамі, традыцыямі — добра, што гарады кладуцца спаць ня рана і транспарт ходзіць амаль да трэцяй гадзіны ўначы, а яшчэ нам пашанцавала: мы трапілі на фінал чэмпіянату Эўропы па футболу, а для немцаў футбол… напэўна, больш, чым для беларусаў зараз хакей!

 

Апісваць архітэктурныя прыгажосьці Нямеччыны ня мае сэнсу — трэба самому ўсё ўбачыць, пераказваць зьмест усіх арганізаваных сустрэч — доўга і нецікава.

Але не магу не азначыць некалькі момантаў, на якіх грунтуецца тое ўражаньне, якое пакінула Нямеччына і людзі, якія намі там апекаваліся.

Па-першае, праграму наведваньняў і сустрэч складалі сумесна. DAAD сапраўды цікавяць нашы прэфэрэнцыі кшталту, што мы жадаем убачыць і наведаць. А яшчэ невялічкі факт: незадоўга да адпраўленьня DAAD даслала на ўзгадненьне… мэню вышэйназванага абеду ў Бундэстагу, з прапанаванымі 17 стравамі на выбар! Гэта што да арганізацыі, арганізаванасьці і пэдантычнасьці. Усё ж дзелавы падыход да, здаецца, дробязяў — якасьць, якую варта пераймаць.

Па-другое, Нямеччына — краіна і дзяржава, якая радая гасьцям і стварае дастаткова ўмоў для камфортнага знаходжаньня на яе тэрыторыі. А асобна хацелася б адзначыць колькасьць праграмаў у сфэры адукацыі, прызначаных для замежнікаў з розных краінаў сьвету. Пры чым узровень і тэматыка стажыровак вельмі розная — на любы густ. Юрыдычным гурманам, для прыкладу, прапаноўваецца навучаньне (платнае, нікуды ня дзецца, але таксама існуе сыстэма стыпэндый, грантаў) ва ўнівэрсытэце горада Ляйпцыг — на юрыдычным факультэце. А для тых, хто ўжо абзавёўся дыплёмам, ёсьць магчымасьць адправіцца адразу ў Бундэстаг. Не дэпутатам, канешне, памочнікам — у рамках адпаведнай праграмы нямецкага Парлямэнта.

Што да стасункаў зь немцамі (перш за ўсё маю на ўвазе тых, з кім былі арганізаваны сустрэчы, нашыя гіды і г.д.), то ўсё на прынцыпах павагі адзін да аднаго і справаў, па якіх адбываліся сустрэчы, незалежна ад пасады, якую займаў наш суразмоўца. Нягледзячы на тое, што часта мы адрывалі дзяржаўных дзеячаў зусім не малога рангу ад выкананьня іх непасрэдных абавязкаў, а бывала — і проста перашкаджалі. Напрыклад, давялося прысутнічаць на разглядзе грамадзянскай справы ў Вышэйшым судзе зямлі: для нас, так як ня ўсе валодалі нямецкай мовай, рабілі адмысловыя паўзы, каб перакладчык мог адпаведна данесьці сутнасьць таго, што адбываецца! А зараз уявіце сабе тую ж сытуацыю, напрыклад, у Менскім абласным судзе, ці ў Вярхоўным… Стаўленьне было больш чым паважлівае і карэктнае.

Уражаньні апісваць можна доўга. Напрыканцы дадам, што міжнароднае супрацоўніцтва, незалежна ад сфэры, пачынаецца і грунтуецца якраз на падобных падарожжах — вельмі вялікі штуршок у разьвіцьці і пашырэньні культурнага ўзроўню і ўзроўню культуры міжнародных зносін пэўнай сфэры. Для чалавека ўдзел у такіх праграмах — істотны стымул для разьвіцьця асобы і пашырэньня кругагляду і, магчыма, нават зьмены сьветаўспрыманьня.

Адным словам, сумяшчайце прыемнае з карысным — выбірайце праграму, вучыце мову, пакуйце дарожную сумку і — ў шлях! Толькі не забудзьцеся адкрыць візу ды ўсьміхнуцца мытнікам — ні без першага, ні без другога ёсьць рызыка не трапіць да суседзяў:)

Шчырая падзяка за дапамогу ў падрыхтоўцы артыкула выкладчыку катэдры крымінальнага працэсу і пракурорскага нагляду юрыдычнага факультэту БДУ Вадзіму Ігаравічу Самарыну.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1103 seconds.