Італійка Лідыя Мацытэлі: «Беларускую мову па фільме вучыла — разоў 100–150 праглядзела»

Лідыя Мацытэлі італійка, 24 гады, на выдатна абараніла ў Рымскім унівэрсытэце дыплём пра беларускую мову, вядзе блог па-беларуску. Гэтым летам наведала Беларусь у другі раз і плянуе прыехаць яшчэ. Пра тое, чым адрозьваюцца маладыя беларусы ад сваіх аднагодкаў у Італіі і як успрымаюць беларускамоўных італійцаў у краме «Садавіна-агародніна» — у інтэрвію.

Лідыя Мацытэлі

Пра вывучэньне мовы

«Фільм "Урокі беларускай мовы" разоў 100–150 глядзела, пакуль не зразумела ўсё»

Лідыя нават не адразу можа дакладна адказаць, колькімі мовамі яна валодае — па падліках, блізу 10.

Вучыла мовы яна ў Рымскім унівэрсытэце. Першымі замежнымі былі руская, нямецкая, славенская і польская. Потым Лідзія абрала спэцыяльнасьць «Славянскае мовазнаўства» для магістратуры. Беларускую мову глыбока вучыць сама ля году: летась у лютым упершыню глядзела «Урокі беларускай мовы». Патрапіў гэты фільм да Лідыі ў Варшаве праз беларусаў, што там жывуць:

«Разоў 100–150 глядзела, пакуль не зразумела ўсё, але граматыку, канчаткі, напрыклад, пачала вучыць у кастрычніку. Але зь веданьнем рускай і польскай было ўжо прасьцей».

У жніўні Лідыя другі раз наведала Беларусь. Пра ўражаньні і спробы папрактыкаваць жывую беларускую мову можна даведацца зь ейнага жж. Шмат у чым дзякуючы livejournal італійская студэнтка здолела знайсьці адказы на пытаньні, якім яна прысьвяціла сваю дыплёмную працу. Неўзабаве шырылася і стужка сяброў. Па словах Лідыі, тое, пра што пішуць у сваіх дзёньніках сябры зь іншых краінаў, моцна адрозьніваецца ад беларускамоўных допісаў: у апошніх шмат пра палітыку, краіну…

Прыгоды італійкі ў Беларусі

«Жанчына ў краме абняла мяне і сказала: «О, добрая ты дзяўчына, ты нават і па-беларуску размаўляеш!»

Жыла Лідзія ў Беларусі паміж Гомелем і Менскам. У першым горадзе яна гасьціла ў сям’і свайго добрага сябра, якая, неўзабаве, так яе палюбіла, што хацела удачарыць:) А ў Менску Лідыю чакалі шматлікія жж-сябры. Але ж у Беларусь яе прывялі ня толькі людзі, а перш за ўсё мова:

«Мая мара была сустрэцца зь Вінцуком Вячоркам. Таму я напісала яго сыну — дарагому Франаку — каб ён арганізаваў гэту сустрэчу. І добры чалавечак Франак сапраўды дапамог. Мы зь Вінцуком размаўлялі дзесьці паўгадзіны, але не пра палітыку. Ён таксама беларусіст, як і я, таму абмеркавалі і новы закон пра правапіс, і фанэтыку, пагутарылі і пра тое, як цяжка — і за саветамі, і зараз — атрымаць адукацыю на беларускай мове. Было сапраўды вельмі цікава».

Здараліся зь Лідыяй і моўныя прыгоды, але збольшага — прыемныя:

«Я была ў краме «Садавіна-агародніна» і жанчына, якая там працавала, абняла мяне і сказала: «О, добрая ты дзяўчына, ты нават і па-беларуску размаўляеш! Мая ты добрая! А ці твой бацька індус?».

Беларусам бы столькі любові да беларускае мовы і культуры, колькі ёсьць у гэтай італійскай дзяўчыне:

«Калі я была ў Беларусі першы раз (у лютым), я тады шмат яшчэ па-руску размаўляла. А ў гэтым разе ў мяне атрымалася зусім па-руску не размаўляць. Нават з рускамоўнымі дзяўчатамі, зь якімі я жыву, мы размаўляем альбо ў дзьвюх мовах, альбо яны пераходзяць на беларускую. І мне было сапраўды лягчэй усё па-беларуску».

Хто ведае, можа ў сваё трэцяе наведваньне Беларусі Лідыя пачне зьдзяйсьняць сваю мару — ствараць паўнавартасны беларуска-італійскі слоўнік.

«І хоць з усімі і не пасьпела пабачыцца, але сустрэла шмат добрых чалавечкаў. Я спадзяюся вярнуцца вельмі хутка. Наконт таго, каб тут жыць — хто ведае:)»

Лідыя Мацытэлі

Пра Беларусь і Італію

«Тут, у Беларусі, усё адбываецца раней, у Італіі мы дзеці шмат даўжэй»

Як дзьве дзяўчыны, што размаўляюць на адной мове, мы зь Лідыяй і пра хлопцаў беларускіх ды італійскіх пагутарылі. І пра розныя стылі жыцьця ў Менску ды Рыме:

«Тут, у Беларусі, усё адбываецца раней: людзі жэняцца, людзі працуюць, паміраюць… — усё раней! У Італіі мы жэнімся, калі нам 29, 30, 40 гадоў. А тут у сорак людзі ўжо амаль што дзядулі і бабулі. Калі чалавеку 23, тут ён лічыцца дарослым, працуе, нават мае дзяцей. Ваша апазыцыйная моладзь дзейнічае і нават ня раз трапляла ў турму.

Італійцы, мне падаецца, больш забясьпечаныя за вас. Мы дзеці шмат даўжэй. Напрыклад, я — мне 24, жыву з бацькамі, яны за мяне плоцяць. Я не магу ўявіць, каб мой сябар патрапіў у турму альбо каб мае сябры ажаніліся зараз. Але гэта ня значыць, што мы нічога ня робім. Канешне робім! Але пазьней:)»

Фота з хатняга архіву Лідыі Мацытэлі

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1499 seconds.