Андрэй Рамашэўскі пра самую піўную партыю Беларусі і моладзевую тусоўку 90-х

Пакаленьне, актыўная маладосьць якога прайшла на гучных мітынгах пачатку 90-х, даўно ўжо жыве іншым жыцьцём. Месца піўных тусовак і дзёрзкіх акцыяў у цэнтры Менску занялі сям’я ды праца. Адзінкі захоўваюць правакацыйны стыль у зьнешнасьці, гэтак жа адарвана як і 15 гадоў таму апранаюцца, адмаўляюцца стрыгчы даўгія, але рэдкія ўжо валасы, альбо наадварот гадуюць бараду. Большасьць 30-40-гадовых бачаць толькі офіс ды сям’ю, а пра гарачыя студэнцкія гады зь мітынгамі на плошчы Незалежнасьці ўзгадваюць з замілаваньнем пад час рэдкіх пасядзелак ў дарагіх барах у Беларусі ці ўжо за мяжой.

Андрэя Рамашэўскага можна назваць адным з тых, пра каго легенды ходзяць яшчэ дагэтуль, хоць ён ужо даўно жыве зь сям’ёй у чэскай вёсачцы і працуе праграмістам. Яшчэ 15 год таму яго ведала ці ня ўся нефармальная менская тусоўка й палова міліцыі.


Андрэй Рамашэўскі на Басовішчы-2005. Фота Зьмітра Грынкевіча.

Рамашэўскі, вядомы таксама як Борман, быў ня толькі ўдзельнікам шматлікіх палітычных пэрформансаў пачатку 90-х, за што неаднаразова быў затрыманы, але й адным з заснавальнікаў і старшынём легендарнай Партыі аматараў піва, у якую ўваходзілі Лявон Вольскі, Міхал Анемпадыстаў, Сяргей Скрыпнічэнка і іншыя. Сёньня, ня гледзячы на час і адлегласьці, Борман кантакт зь Беларусьсю не губляе: кожны год ён езьдзіць на Басовішча, камунікуе з «партыйцамі» і проста сябрамі. Ну і гэтак жа п’е піва, праўда зараз выключна чэскае.

Пра самую піўную партыю Беларусі

«Той, хто мае чатыры дзіркі — ня мае права галасаваць. Нам трэба было правесьці свой сьпіс кандыдатаў, а той хто напіўся — не галасаваў»

Партыя аматараў Піва — была бадай самай незвычайнай партыяй у Беларусі, і што цікава, не такой ужо і малаколькаснай. А сярод сябраў партыі можна сустрэць і такіх вядомых людзей як Лявон Вольскі, Міхал Анемпадыстаў (аўтар лягатыпу), Севярын Квяткоўскі… У чым была прычына такой прыцягальнасьці? У назове, праграме, статуце?

«Думаю, што ў першую чаргу справа была ў назове. Ня так цяжка назьбіраць некалькі сотняў чалавек у партыю, якая мае адкрыта папулісцкі назоў. Статут партыі колькасьць сяброў хутчэй абмяжоўваў, бо прыём новых сябраў ёсьць бюракратычным працэсам. Ну, а праграму партыі бачыў толькі партактыў — ня тое каб мы яе ад кагосьці хавалі, але ня кожнага яна цікавіла. Таксама важную ролю на пачатку стварэньня партыі адыгралі і асабістыя кантакты».


Борман з сябрамі-анархістамі Лёлікам Ушкіным і Паўлюком Канавальчыкам. Фота з архіву Бормана.

А як увогуле ўзьнікла партыя і якая роля табе належала на самых пачатках?

«Гэта было ў 1993 годзе. Я тады вучыўся на хімфаку, на якім так і не давучыўся, бо як раз тады атрымаў загад ствараць партыю. Да мяне прыйшлі мае старыя знаёмыя Вадзім зь Юрам і кажуць, маўляў, у нас у наступным годзе будуць парлямэнцкія выбары і не было б нічога дрэннага, каб мы атрымалі ў парлямэнце нейкія пару месцаў — гэта, зразумела, дапамагло б неяк нашаму бізнэсу, і ты таксама не павінны быў бы займацца студэнцтвам розным.

Чаму не? Знаёмыя мы зь імі былі ўжо даўно, бачыліся яшчэ на клюбе Льва Крывіцкага «Современник», потым проста на нейкіх акцыях Крывіцкага, пэўны час працавалі разам у самвыдаце. На пачатку 90-х мы неяк разышліся, я пайшоў вучыцца, яны рабіць бізнэс, а потым вось зноў сышліся.

Што тычыцца стварэньня партыі, то практыку ў такіх справах бюракратычных я ўжо меў — супрацоўнічаў і з Сацыял-дэмакратычным саюзам Крывіцкага, быў на ўстаноўчым сходзе БНФ у Вільні, на ўстаноўчых сходах іншых арганізацыяў. Нават на ўстаноўчы зьезд ЛДП Жырыноўскага пралез. Пачытаў я законы аб партыях, якія тады існавалі, колькі чалавек патрэбна на ўстаноўчы сход, потым падрыхтаваў паперы на рэгістрацыю і арганізаваў зьезд. Тады для заснаваньня партыі патрэбна было ўсяго сто ўдзельнікаў».

Першы зьезд партыі адбыўся ў 1993 годзе у доме літаратараў. Самы масавым быў другі зьезд ў 1994-м, калі прымалася перадвыбарчая праграма партыі. Ён праходзіў у два дні і для гэтых мэтаў нават быў арэндаваны Палац Чыгуначнікаў. Зь ягонага гаўбца удзельнікам зьезду і звычайным мінакам гралі гурты Zyhimont Vaza, Крама і іншыя.

«На зьезд быў запрошаны кожны сябра партыі. Зьезд праходзіў у вялікай залі, а ўнізе ў фае піва раздавалася ўсім сябрам партыі па мандату бясплатна. Былі кампостэры. Атрымаў бутэльку — зрабілі дзірку, атрымаў другую бутэльку — другую дзірку, атрымаў трэцюю бутэльку — трэцюю дзірку, атрымаў чацьвёртую бутэльку — зрабілі чацьвёртую дзірку. Той, хто мае чатыры дзіркі — ня мае права галасаваць. Нам трэба было правесьці свой сьпіс кандыдатаў, а той хто напіўся — не галасаваў. Такім чынам мы абмежавалі вышэйшы ворган людзьмі, якія нармальна працуюць з галавой. А той, хто за гэты час пасьпеў выпіць чатыры піва, не быў цікавы для нас як той, хто вырашае палітыку партыі».


Здымак з першага зьезду нацыяналістаў у Віцебску. 1994 год.

Відавочна, што ня гледзячы на такі назоў, у партыі цанілася цьвярозая галава. А як вы прыйшлі да такога незвычайнага назову?

«Зразумела, што пасьля рашэньня стварыць партыю прыйшло і рашэньне, што трэба яе неяк назваць. Ёсьць розныя спосабы як называць партыю: традыцыйныя, паводле ідэалёгіі, а бываюць выпадкі правакацыйнага назову. Мы выкарысталі маркетынгавы спосаб. Ну і канешне улічвалі польскі прэцэдэнт, там таксама існавала Партыя Аматараў Піва. Польская партыя была нашай выбранай мадэльлю, як будаваць партыю, ці, дакладней, як ісьці на выбары з партыяй.

Польская Партыя Аматараў Піва на сваіх першых выбарах атрымала 10% ці 15%. Гэта было неверагодна шмат, гэта была трэцяя партыя. Так што нічога новага мы не прыдумалі. З нас сьмяяліся, казалі «вы што, ідыёты». Але мы вырашылі, хай нас лепш будуць прымаюць за ідыётаў, але мы атрымаем свае месцы ў парлямэнце. Але мы прайгралі па прычыне, што ў нас з Польшчай крыху іншыя выбарчыя сыстэмы: яны маюць прапарцыйную сыстэму са сьпісаў партыяў, а ў нас — мажарытарная сыстэма. Так што фактычна мы прайгралі толькі таму, што наша выбарчая сыстэма адрозьнівалася ад польскай».

«Паслужны сьпіс» Бормана

«Калі ўсе наркотыкі будуць легальнымі, то тады ня будзе і мафіі. Ёй будзе проста не выгодна зарабляць на гэтым» 

Цяжка нават пералічыць, у якіх толькі акцыях і арганізацыях ён ня ўдзельнічаў і ў якія гісторыі не трапляў. Ён быў сябрам Дэмакратычнага саюзу Навадворскай — адной з самых вядомых антысавецкіх арганізацый. Супрацоўнічаў зь беларускімі сацыял-дэмакратамі Льва Крывіцкага. Прымаў удзел як зарэгістраваны госьць ва ўстаноўчым зьезьдзе БНФ у Вільні. На пачатку 90-х нават пасьпеў пасядзець у намётах на Плошчы Незалежнасьці.

«Акцыю, як аказалася, рабілі беларускія фэрмэры, якія мелі нейкія праблемы зь беларускай бюракратыяй альбо з чымсьці падобным. Нават ня памятаю зараз, чаго яны хацелі — мо ім падаткі не падабаліся, альбо ім зямлю не далі ў прыватную ўласнасьць… Прыйшлі гэтыя фэрмэры і паставілі намёты і пачалі там галадаць і паміраць. А там як раз у нейкі дзень падыходзіў гэты парад на дзень Кастрычніцкага перавароту, а мы вырашылі далучыцца. Гэта быў апошні менскі парад з танкамі».


Борман на Плошчы Незалежнасьці. Фота Ўладзіміра Кармілкіна.

Было нават сяброўства ў транснацыянальнай (насамрэч італійскай) радыкальнай партыі Partito radicale. Дарэчы, зь ініцыятывы гэтай няўрадавай арганізацыі быў утвораны суд у Гаазе. Да ўсёй палітычнай актыўнасьці можна яшчэ дадаць і каардынацыю антыпрагібіцыянізму на Беларусі. Руху за адмову ўсіх забаронаў, куды трэба дадаць і адмову забароны на ўжываньне ўсіх відаў наркотыкаў.

«Калі ўсе наркотыкі будуць легальнымі, то тады ня будзе і мафіі. Ёй будзе проста не выгодна зарабляць на гэтым. А атрыманыя грошы тая ж дзяржава можа патраціць на лячэньне тых жа наркаманаў ці на прапаганду здаровага ладу жыцьця. Мафія ж заўсёды будзе прапагандаваць толькі ўжываньне наркотыкаў. Што тычыцца маёй дзейнасьці — дык я раздаваў аднаразовыя шпрыцы наркаманам, угаворваў перайсьці на больш лёгкія наркотыкі, прапагандаваў здаровы лад жыцьця».

Першыя Курапаты, спробы вучыцца і рашэньне гадаваць бараду

«Калі я паехаў у Вільню стаяць на барыкадах, дык даў сабе абяцанку, што пакуль Літва не атрымае незалежнасьці — ня буду галіцца»

У канцы 80-х — пачатку 90-х сьвет незваротна зьмяняўся. І напэўна тады было проста немагчыма застацца па-за працэсамі, што адбываліся ў грамадзтве. Асабліва калі ты малады, цікаўны і адкрыты да ўсяго новага і невядомага. Савецкі саюз зьнікаў на вачах, а ў краінах зараджаліся нацыянальныя рухі, што прагнулі незалежнасьці для сваіх краінаў. Не абышлі гэтыя працэсы і Беларусь… Кажуць, што для беларусаў пераломным момантам былі Курапаты. Трапіў на першыя Курапаты ў 1988 годзе і Андрэй, будучы яшчэ школьнікам.

«Курапаты 1988-га былі дастаткова цікавымі. Прыйшоў я туды па аб’яве… Спачатку паслухалі Пазьняка каля могілак, пасьля пайшлі ў поле, там дзе сёньня відаць нейкае Уручча. Больш за ўсё памятаю надвор’е — было страшэнна халодна і падаў мокры сьнег. Ну а пасьля, калі мы вярталіся да Менску на нас чакалі мянты с дубінкамі. У першы раз пабачыў. Ані дубінкай, ані газам я не атрымаў — быў дастаткова малады і хуткі;). Ну а на Курапатах 1989 я быў адным з тых, хто нёс крыж…»

Пасьля школы Андрэй спрабаваў вучыцца ў РТІ… два разы, а потым на хімфаку БДУ, але так нідзе і не давучыўся, бо як кажа «у той час было шмат цікавейшых рэчаў».

Відавочна, што ў той час калі Савецкі Саюз развальваўся, Борману было проста неабходна адчуваць хаду гісторыі літаральна на сваёй скуры. Таму калі стала горача зусім побач, у Літве, дзе адбываліся масавыя мітынгі пратэсту, ён паехаў на барыкады «спыняць танкі». Праўда, танкі так і не сустрэў, бо жыў не на тых барыкадах — пад парлямэнтам, у той час, як расейскія танкі накіраваліся пад тэлецэнтар. Дарэчы, тыя літоўскія барыкады і абумовілі ў пэўнай ступені такі незвычайны імідж Андрэя (а-ля «Шаміль Басаеў»).

«Калі я паехаў у Вільню стаяць на барыкадах, дык даў сабе абяцанку, што пакуль Літва не атрымае незалежнасьці — ня буду галіцца. Літва атрымала. Тады падумаў, што неяк хутка ўсё атрымалася — нецікава, думаю, ну пакуль Беларусь не стане незалежнай — ня буду галіцца. Беларусь незалежнасьць атрымала, толькі вось несапраўдная яна нейкай. Карацей нейкія адгаворкі ўвесь час знаходзіліся…»


Фота з архіву Бормана.

Досьвед самвыдату

Перабудова прынесла галоснасьць і свабоду слова. Праз самвыдат, зь якога нараджалася незалежная прэса, людзі мелі магчымасьць даведацца пра тое, што хавала ад іх савецкая ўлада. Зрэшты, народ згаладаўшыся па свабоднай, без ідэалягічных прымесяў інфармацыі ствараў добры попыт на самвыдат, што давала магчымасьць і няблага на ім падзарабіць. Займаўся самвыдатам у свой час і Борман.

«Спачатку я толькі распаўсюджваў, потым ужо меў сваё ўласнае зь сябрамі выдавецтва. Прызнаюся, што рабілі і бамбілі Маскву тонамі вельмі жоўтага самвыдату (адтуль і грошы былі). Што тычыцца Менскага самвыдату, то ў канцы 90-х існавала прыватная газэта „Беларуская трыбуна“ — больш-менш якасная з журналісцкага погляду, але збольшага расейскамоўная. Падавалася нядрэнна. Пасьля зьявілася другое выданьне — „Навіны БНФ“ — журналістыка горш, больш партыйнае ідэалёгіі. Рэдагаваў Алесь Суша. Я, дарэчы працаваў у рэдакцыі у 1990–1991, быў адказным сакратаром рэдакцыі, рабіў макеты на Mac II+. Пасьля зьявілася „Свабода“ (Жук і Гермянчук). Там быў непараўнальна лепшы паліграфічны ўзровень, прафэсійная журналістыка».

Кватэра Бормана і тамтэйшая багема

Праз сваю няўрымсьлівасьць і актыўнасьць Борман пасьпяваў паўсюль, што ў сваю чаргу захапляла і пэўным чынам нават натхняла людзей творчых. За пешы пераход чэскай мяжы Борман атрымаў вершык ад Сокалава-Воюша. Паездкі ў Вільню зь Лерай Сом скончыліся песьняй ад яе. Праўда, што за песьня, Борман так і не прызнаўся, сказаў, што інтымнага характару, таму «шукайце ў дыскаграфіі 1991 году». А «Пасядзелкі» на сутках з Пушкіным натхнілі апошняга на партрэт Бормана.


Партрэт Бормана. Аўтар Алесь Пушкін.

Пра сваю менскую кватэру Андрэй ўзгадвае, як пра месца зь ня вельмі добрай рэпутацыяй. Але затое там пасьпела перагасьціць нямала вядомых нам асоб.

«Ляпісы ў мяне п’янствавалі амаль ў поўным складзе. N.R.M па частках, Zyhimont Vaza таксама. І Памідораў, які праўда тады яшчэ не сьпяваў, да мяне вакном лазіў».

«Неяк недалёка ад катэдральнага сабору ў Менску я з групай моладзі залез на каналізацыйную шахту, і мы абвясьцілі там дзяржаўнасьць»

Але бадай самая вядомай гісторыя, зьвязаная з Борманам — гэта спаленьне БССРаўскага сьцягу каля прэзыдэнцыі, за які яго і пасадзілі на Валадарку. Праўда, было гэта трохі пазьней пасьля згаданага эпізоду, ды і сьцягу та аказваецца ён не паліў.

«Тую акцыю ладзілі анархісты. Мы прыйшлі на чужую акцыю. Севярын (Квяткоўскі) там панасіў яго вакол прэзыдэнцыі, я павесіў на прыбіральню і зьняў. Потым яго спалілі, але пры спаленьні мяне ня было. Пасьля прыехала міліцыя і ўсіх забрала. Я вярнуўся на месца злачынства — а там усіх забралі — прыйшлося правакаваць і напрошвацца…»

Так хацелася, каб забралі?:)

«Ну дык абыдна, ўсіх забралі, а я недзе піва піў:). Тады патрымалі трое сутак і выпусьцілі пад падпіску, аб нявыезьдзе. Потым мяне ўжо злавілі ў 1996-м, на Дзень Волі і абвінавацілі ў спаленьні сьцягу. Вось тады я тры месяцы і праседзеў на Валадарцы, чакаючы суду. Далі мне два гады ўмоўна з адтэрміноўкай на год. Пасьля гэтага я і вырашыў зьехаць, бо мяне ўсё роўна за нешта б злавілі».

Але гэта быў не адзіны выпадак затрыманьня. Борман ужо даўно пасьпеў прыцягнуць увагу менскай міліцыі, дзякуючы розным палітычным акцыям. Напэўна нават цяжка будзе прыгадаць колькасьць ягоных затрыманьняў. Зь іншага боку міліцыя ўжо хутка ведала Бормана ў твар…

«Шмат было розных выпадкаў. Неяк недалёка ад катэдральнага сабору ў Менску я з групай моладзі залез на каналізацыйную шахту і абвясьцілі там дзяржаўнасьць (а вакол розныя масавыя беспарадкі з напалову разагнанага мітынгу). Ну і старшыня цэнтральнага РАУС асобна ходзіць і мазгі ўсім ўпраўляе: „Грамадзяне, разыходзьцеся, не парушайце правапарадак. А вам, Рамашэўскі — пэрсанальна кажу — разыходзьцеся!“. Ён добра ведаў мяне з папярэдніх затрыманьняў, але на маладых гэта ўражаньне зрабіла.

Таксама быў выпадак, калі ўзялі за пікет каля пракуратуры і пешкі канваявалі ў РАУС, бо ехаць машынай я адмовіўся».


На фота: Борман на Басовішчы-2008 камунікуе з сябрамі. Фота Юры Сідуна.

Піва, дзяўчаты й Беларусь

Што пераважаеш з алькаголю: піва ці больш цяжкія як, напрыклад, Зуброўку, якую ты сёлета на Басовішчы мяняў на чэскае піва:)?

«Зразумела, піва. Зуброўку гэта я для жонкі прывёз… Яна шмат піва ня вып’е…»

А якая ў цябе стандартная порцыя — колькі куфляў?

«Адзін куфаль на абед, другі вечарам. Ну, а калі піць пачынаем, то хто лічыць, асабліва пасьля чацьвёртага:)»

А як дзяўчаты ставіліся да твайго «барадатага» іміджу? Не адпужвала?:)

«Кагосьці адпужвала, а кагосьці не. Тыя, каго адпужвала, мяне не цікавілі. Так што вельмі якасны фільтар атрымаўся…»

Па чым адчуваеш настальгію ў Беларусі?

«Настальгія ўласьцівая расейцам. Я ў Эўропе паўсюль як дома. Калі мне чагосьці зь Беларусі бракуе — замоўлю. Калі трэба будзе зьявіцца там асабіста — зьяўлюся».

Тады ці можаш назваць сябе каспамалітам?

«Не, я дакладна не касмапаліт. За акіянам і за Дняпром у нас ворагі. Другі бок — за Вязьмай, а Смаленск ўсё ж наш;) А ў Эўропе я, мяркую, мог бы жыць дзе-заўгодна, але лянівы я ўжо пераяжджаць кудысьці… Мела б сэнс за працай пераехаць у Нямеччыну ці Ірляндыю, але мову вучыць, сям’ю вазіць…»

Якія былі першыя адчуваньні, калі наведаў Беларусь ужо з чэскім пашпартам?

«Першым адчуваньнем была небясьпека, але гэта хутка прайшло. Няма яе там. Далей было цікавей. Прайшоўся па знаёмых месцах — штосьці засталося як і 10 гадоў таму, а штосьці ўжо сёньня не пазнаць. Атрымалася такая цікавая гульня».

Чым для цябе сёньня ёсьць Беларусь — няспраўджаная мара, чужая краіна, «родзіна-уродзіна»?

«Свая краіна з чужым насельніцтвам. Але яно зьменіцца. Пройдзе пару гэнэрацыяў, і змагу туды спакойна на пэнсію ехаць».

Верыш?

«Ня веру, ведаю».

Партыя аматараў піва 


Афіцыйны сымбаль «Партыі аматараў піва»

Партыя Аматараў Піва была створана ў Менску ў 1993 годзе. Дзейнасьць партыі была часова прыпыненая рашэньнем Цэнтральнага Каардынацыйнага Камітэту ПАП яшчэ ўвосень 1996 году. Хаця афіцыйна дзейнічала да 1997 году, пакуль не была зачынена рашэньнем Міністэрства Юстыцыі.

Колькасьць сябраў у 1995 годзе складала прыблізна 2500 чалавек. Сярод сябраў партыі можна сустрэць шмат вядомых асобаў, дзеячоў мастацтва, палітычных актывістаў — мастак Міхал Анемпадыстаў (аўтар партыйнае сымболікі), музыкі Сяргей Скрыпнічэнка (Žygimont Vaza), Лявон Вольскі (N.R.M.), журналіст Севярын Квяткоўскі, лідэр Свабодных прафсаюзаў Генадзь Быкаў, старшыня Беларускай Партыі Свабоды Сяржук Высоцкі.

Зьезды партыі:

  • Першы зьезд — Заснавальны — 10 жніўня 1993
  • Другі зьезд — Праграмны — 3–4 верасьня 1994
  • Трэці зьезд — Перадвыбарчы — 1995
  • На 2013 год заплянаваны наступны зьезд — Адраджэньне.
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0673 seconds.