«Еўраслоўнік» — у Беларусі выйшаў рэкордны па колькасьці моваў слоўнік

100 000 словаў на 28 мовах — унікальны слоўнік склаў Лявон Баршчэўскі, мовазнаўца і кандыдат філялягічных навук. Прэзэнтацыя ў Менску 20 траўня прайшла з палянэзам Агінскага, чытанкамі і гульнямі на розных мовах, віншаваньнямі ад калегаў і раздачай аўтарскіх подпісаў.



«ЕўраСлоўнік» 2008
28 моў, 100 000 словаў, 704 старонкі.
Укладальнік: Лявон Баршчэўскі

Беларуска-лацінска-ангельска-баўгарска-вугорска-грэцка-дацка-ірляндзка-
ісьляндзка-гішпанска-італьянска-латыска-літоўская-мальтыйска-нарвэска-
нідэрляндзка-нямецка-партугальска-польска-румынска-славацка-славенска-
фінска-француска-харвацка-чэска-швэдзка-эстонскі слоўнік

Натхніўся на складаньне такога слоўніку Лявон, трапіўшы чатыры гады таму ў вялікую чэскую кнігарню, дзе цэлы паверх аддадзены пад літаратуру па мовах. Найперш уразіўся мовазнаўца слоўнікамі: чэска-(замежныя) слоўнікі ў вялікай колькасьці і без «моўных пасярэднікаў», якімі часта выступае ангельская, а на постсавецкай прасторы — расейская.

Баршчэўскі ўжо працаваў як рэдактар над нямецка-беларускім, беларуска-нямецкімі тоўстымі слоўнікамі. Зь іх выйшаў пакуль толькі адзін — нямецка-беларускі. Праўда, Лявон прызнаецца, што праца ідзе настолькі павольна, што «як кажуць, ні аднаго жыцьця ня хопіць».

«І тады ў мяне ўзьнікла ў галаве фантастычная ідэя — зрабіць слоўнік адразу з многімі мовамі. Палічыў я мовы Эўразьвязу афіцыйныя — іх 23, прыкінуў, што нельга абмінуць нарвэскую мову, ісьляндзкую, харвацкую. І адразу ж была думка пра лацінскую мову, якая калісьці ў нас была фактычна адной зь дзяржаўных моваў, бо гэта наша агульная эўрапейская спадчына».

Лявон Баршчэўскі прэзэнтуе Эўраслоўнік 

Павіншавала Лявона Баршчэўскага Алена Таболіч — прафэсарка Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўнівэрсытэта, і адзначыла, што ва ўнівэрсытэце ўсе, хто бачыў новы слоўнік, радуюцца, але разумеюць, што ён іх апярэдзіў: «Бо наш ангельска-беларускі ўсё ніяк ня выйдзе».

Прафэсарка бачыць практычнае прымяненьне слоўніку: «У першую чаргу ён будзе патрэбны студэнтам і выкладчыкам ін-язу, якія займаюцца супастаўляльнымі працамі». Калі раней студэнту трэба было абкладвацца кучай слоўнікаў, то зараз можна ўзброіцца адным, і справа пойдзе значна хутчэй.

А сам Баршчэўскі тлумачыў, што слоўнік створаны паводле новай канцэпцыі — пашыральнага тыпу і «чалавек з мазгамі знойдзе ў ім нашмат больш магчымасьцяў перакладу зь беларускай мовы, чым заяўленая там колькасьць словаў».

Лявон Баршчэўскі прэзэнтуе Эўраслоўнік 

Непасрэднае прадстаўленьне ўнікальнага слоўніка працягнулася вясёлай інтэлектуальнай гульнёй. Лявон чытаў па радку культавыя тэксты — нацыянальныя гімны розных краінаў. Хто адгадвае краіну — 1 літоўскі цэнт, мову — 2 цэнты, а аўтара — 5 цэнтаў. Літоўскія грошы, бо гэта адзіныя манэты, дзе выкарыстоўваецца выява старажытнай Пагоні. У гульню падключыліся ўсе: і госьці, і журналісты.

Размаўляў Лявон Баршчэўскі ці не на ўсіх заяўленых у Эўраслоўніку мовах. Чытаў па-мадзярску, па-славенску, па-румынску, па-мальтыйску, па-нарвэску і інш.

Лявон Баршчэўскі прэзэнтуе Эўраслоўнік 

Найбольш павесяліў залю нехта з апошніх шэрагаў, адказаўшы на пытаньні: мова? «Румынская!» Краіна? «Румынія!» Аўтар? «…Румын!» :)

Вядоўца імпрэзы літаратар Уладзімер Сіўчыкаў, назваўшыся «пачуцьцёвым праграматыкам», параіў яшчэ адзін шлях выкарыстаньня Эўраслоўніка — сувэнірны: «Едзеш за мяжу, ламаеш галаву, што падарыць. Няўжо зноўку пляшку Белавескай і Нарачанскі хлеб? Я не супраць, але хай яны будуць дадаткам да Эўраслоўніка, які эўрапейскія беларусы павязуць на сьвет цэлы».

А на завяршэньне прэзэнтацыі — палянэз Агінскага ў выкананьні жывога невялікага аркестру.

 

Я ж атрымала ад аўтара подпіс у «Еўраслоўнік» з прыемнымі пажаданьнямі, але падумаўшы крыху, набыла яшчэ адзін — падару каму з сяброў. З аўтарскім подпісам — па-славацку. Цяпер сядаю пісаць лісты замежным сябрам. Я ж цяпер ведаю, як будзе «сябар» яшчэ на 27 мовах: amicus — на латыні, приятэл — па-баўгарску, barat — па-мадзярску, ven — па-дацку, cara — па-ірляндзку, vinur — па-ісьляндзку, amico — па-італійску, draugs — па-латыску, venn — па-нарвэску, vriend — па-галяндзку, prieten — па-румынску, fant па-славенску, ami — па-француску, sober — па-эстонску, amigo — па-гішпанску...

Аўтар фота — Юра Сідун

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0777 seconds.