Брытанцы стварылі гібрыдны эмбрыён чалавека і каровы

Брытанскія навукоўцы доўга марылі паўтарыць досьвед сваіх кітайскіх калегаў — стварыць гібрыдны эмбрыён чалавека і жывёлы. У кітайцаў быў трус, брытанцы абралі для чалавечага ДНК партнэра пабуйней — карову. Гібрыдны эмбрыён на 99,9% «чалавек», аднак тэхнічна зьяўляецца хімераю. Падобныя экспэрымэнты традыцыйна выклікаюць хвалю бурных абмеркаваньняў і пратэстаў.­

Працэс наступны: бярэцца яйцаклетка жывёлы, зь яе выдаляецца амаль увесь генэтычны матэрыял, а замест яго зьмяшчаецца ДНК чалавека са скуры донара. Атрымоўваецца, што абалонка жывёльная, начынка — чалавечая.

Навошта? З гібрыдных эмбрыёнаў атрымліваюць ствалавыя клеткі, а яны неабходныя для лячэньня шэрагу хваробаў. Таксама назіраньні і экспэрымэнты зь гібрыднымі эмбрыёнамі дазваляюць зразумець лепей, якім чынам разьвіваецца клетка, чаму разьвіваюцца тыя ці іншыя паталёгіі.

Атрымаць дастатковую колькасьць жаночых яйцаклетак цяжка і складана, бо робіцца тое хірургічным шляхам і не ўсе атрыманыя яйцаклеткі прыдатныя для далейшых экспэрымэнтаў.

У 2003 гібрыдны эмбрыён упершыню атрымалі кітайцы. Хаця спробы былі і раней, напрыклад, у Амэрыцы. Кітайскія генэтыкі стварылі ля 400 гібрыдных эмбрыёнаў чалавека і труса, зь якіх 100 дажылі да стадыі фармаваньня ствалавых клетак. Пасьля таго, як клеткі атрыманыя, эмбрыёны зьнішчаюцца. Жывуць яны па законе ня болей 14 дзён.

Экспэрымэнты з чалавечымі эмбрыёнамі і ДНК традыцыйна выклікаюць хвалю пратэстаў, бо кранаюць сфэру рэлігійную, этычную і маральную.

Нядаўна Ватыкан перагледзіў сьпіс сьмяротных грахоў ды ўнёс туды экспэрымэнты з эмбрыёнамі і ДНК чалавека.

Таксама грахом зьяўляецца аборт — то бок, забойства эмбрыёнаў. Гібрыдныя эмбрыёны зьнішчаюцца праз два тыдні — і гэта таксама свайго роду забойства.

Зь іншага боку, сёньня гібрыдныя эмбрыёны разьвіваюцца ў прабірцы. Але хто ведае? Заўтра чалавечая пытлівасьць можа памясьціць гібрыдны эмбрыён у маткі жанчыны ці самкі жывёлы. І што тады народзіцца?

Многія бачаць у такіх экспэрымэнтах парушэньне правоў чалавека. Абразу чалавечай годнасьці і зьдзек над прыродай.

Паўстае пытаньне: ці апраўдваюць сродкі мэту?

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0786 seconds.