У крэатыўных людзей іншая структура мозгу

Навукоўцы адказалі на пытаньне, у чым прынцыповае адрозьненьне крэатыўнага мысьленьня ад пасьлядоўнага рашэньня задач. Уся справа ў рознай структуры мозга — у крэатыўных людзей больш разьвітыя часткі правага ­паўшар’я.

 

Дасьледчыкі Джон Куніас (John Kounios), прафэсар псыхалёгіі ўнівэрсытэта Дрэксэл, і Марк Юнг-Біман (Mark Jung-Beeman) з Паўночна-Заходняга ўнівэрсытэта (ЗША), займаліся вывучэньнем стану, вядомага як «Эўрыка!».

Чаму некаторыя людзі цягам пэўнага часу крок за крокам рупліва рашаюць галаваломкі, а іншым адказ прыходзіць як азарэньне? Каб знайсьці тлумачэньне, дасьледчыкі паставілі наступны экспэрымэнт.

Каля пяці хвілін добраахвотнікі адпачывалі ў цалкам разьняволеным стане. Тым часам здымалася электраэнцэфалаграма зь іх мозгу.

Потым удзельнікі былі павінныя вырашыць анаграмы. Напрыклад, RATGENEION. Хтосьці будзе перабіраць літару за літарай, пакуль ня знойдзе адказу, а кагосьці азарыць адразу — GENERATION!

Пасьля ўдзельнікі паведамілі дасьледчыкам, якім чынам яны вырашалі анаграмы. Высьветлілася, што людзі, мозг якіх функцыянаваў неаднолькава ў разьняволеным стане, па-рознаму працуе і ва ўмовах, калі трэба шукаць рашэньні.

Раней было вядома толькі, што мозг функцыянуе па-рознаму у людзей, якія чакаюць натхненьня, і ў людзей, якія рашаюць задачу пасьлядоўна. Зараз жа высьветлілася, што гэтае адрозьніваньне ў дзейнасьці мозга ёсьць і да ўзьнікненьня задачы, то бок, тлумачыцца ягонай структурай.  

Такім чынам, важна разумець, што ад некаторых людзей проста бессэнсоўна чакаць крэатыўных рашэньняў. Заместа таго, каб чакаць і шукаць натхненьня, ім варта мэтадычна ўзяцца за справу. І наадварот, людзям, якія па структуры свайго мозгу больш схільныя да крэатыўнага мысьленьня, ня варта зьдзекавацца над арганізмам у спробах унікнуць ва ўсе дробязі таго ці іншага заданьня і старацца выконваць яго крок за крокам.

Гэта тлумачыць, чаму адным хапае ночы, каб падрыхтавацца да іспыту, а іншым — прасьцей працаваць на кожным занятку, каб атрымаць аўтамат.

Малюнак з сайту Джона Куінаса

SlaDa 15:14, 05/02/2008 | Цікавосткі |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0753 seconds.