2 лютага — Дзень Вожыка! Што б там суркі і не казалі…

З днём вожыка!

Усё пачалося з вожыка

Хэлоўін ды Дзень Сьвятога Валянціна ўжо добра знаёмыя беларусам сьвяты. Пра Дзень сурка таксама чулі многія. Але адновім гістарычную справядлівасьць, бо менавіта вожыка­м належыць 2 лютага.

Яшчэ ў Старажытным Рыме 2 лютага сьвяткаваўся Дзень Вожыка. Прагноз надвор’я залежаў ад паводзінаў абуджанага вожыка, які бачыў або не свой цень. Легенда палягае ў наступным. Калі вожык бачыць свой цень, то хаваецца назад у норку. Гэта значыць, што вясна будзе позьняй і халоднай. Калі на вуліцы пахмурна і ценю ад вожыка няма — усё добра, вожык не пужаецца, а цёплае надвор'е будзе хутка.

Трыдыцыя вызначэньня надвор'я праз паводзіны вожыка распаўсюдзілася і на іншыя краіны і кантынэнты. Праўда, вожыкі жывуць не паўсюль, таму многія ўзялі за «мэтэаролягаў» іншых жывёлаў, якія ўпадаюць у зімовую сьпячку.

Так, народы паўночнай Нямеччыны сачылі ўжо за барсукамі — яны таксама абуджаліся ў гэты час. А ў некаторых краінах у якасьці мэтэаралягічнай даведкі выкарыстоўваўся мядзьведзь. Праўда, шырокай папулярнасьці, у параўнаньні з дробнымі жывёламі не набыў, бо, верагодна, сачыць за паводзінамі соннага і галоднага мядзьведзя для людзей ня так бясьпечна.

Раней людзі значна больш залежалі ад земляробства, таму вельмі істотным было ведаць, якога надвор’я чакаць. Розных прыкметаў і павер’яў хапае ва ўсіх народаў сьвету. Але асаблівае значэньне мае дзень, што прыпадае на сярэдзіну зімы. Раней людзі верылі, што жывёлы, якія праводзяць зіму ў сьпячцы, могуць у гэты дзень прадказаць надвор’е.

Чаму цэлы Дзень аддалі менавіта сурку?

Відаць, немцы найбольш сур’ёзна ставіліся да традыцыі, асабліва за мяжой. У XVIII стагодзьдзі разам з перасяленцамі зь Нямеччыны ў Амэрыку патрапілі і іх звычаі. Але барсукоў там не было, таму пачэсная роля перайшла да мясцовага мэтранома — сурка.

На падставе народнай прыкметы ў маленькім гарадку Панксутоні (штат Пэнсільванія) быў заснаваны Клюб Сурка. Упершыню сябры клюбу адзначылі сьвята афіцыйна 2 лютага 1886.

Сурку далі ганаровае імя: «Філ з Панксутоні — Празорца з празорцаў, Мудрэц з мудрацоў, Вяшчун зь вешчуноў, Выбітнейшы Прадраказальнік надвор’я». Першае ягонае прадказаньне збылося — таму штогод, рана зранку 2 лютага джэнтэльмэны ў смокінгах і цыліндрах выпраўляюцца на Гару Індыка — і там чакаюць Філа.

Філ, у сваю чаргу, шэпча на вуха свой прагноз адмысловаму сябру клюба, чыя праца — даглядаць Філа. Маленькі гарадок Панксутоні і яго мілыя традыцыі набылі сусьветны маштаб пасьля выхаду галівудзкага фільму «Дзень Сурка».

Сурок-PR­

Стужка «Дзень Су­рка» выйшла 15 год таму — сусьветная прэм’ера адбылася 12 лютага 1993. У галоўнай ролі фільма Харальда Рэміся зьняўся Біл Мюрэй.

Па сюжэце галоўны герой Філ Конарс штогод сьвяткую Дзень Сурка, але аднойчы час спыніўся: на календары Філа штодня адна і тая ж дата — 2 лютага. Па ходу прыгодніцкага фільма ў героя застаецца толькі адна мара — 3 лютага. Дарэчы, падчас здымак Біл Мюрэй двойчы атрымаў вытворчую траўму — яго пакусаў сурок. 

Фільм сабраў у паўднёваамэрыканскім пракаце амаль 71 мільён даляраў. Але самае галоўнае — ён прыцягнуў увагу да сьвята. Яно сапраўды набыло агульнанацыянальны маштаб. У 1997 сьвяткаваць Дзень Сурка ў Панксутоні прыехала людзей у пяць разоў болей за колькасьць жыхароў гарадка — 35 тысяч чалавек.

2 лютага ў Беларусі

Беларусь сьмела можна назваць краінай вожыкаў. Цалкам можна ўявіць, што ў старажытныя часы менавіта ад соннага вожыка залежыў баявы настрой нашых продкаў перад выхадам на працу ў поле.

А яшчэ паводле народнага календара 2 лютага ў каталікоў і ўніятаў зімовае сьвята — так званыя Грамніцы ці Стрэчаньне. Праваслаўныя сьвяткуюць яго 15 лютага. У гэты дзень зіма сустракаецца зь вясной: «Прыйдуць грамніцы — скідай рукавіцы».

Зразумела адно: як ні круці, а 2 лютага сьвята. Калі вожыка побач няма, значыць, ценю ад яго няма тым болей :). А значыць, цёплая вясна непазьбежная!


SlaDa і Tarka 12:45, 02.02.2008 | Артыкулы |




Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.056 seconds.