Стэп бай стэп, пакуль ад манітора не асьлеп

Падаецца: сядзіш сабе ў чыстым-сьветлым офісе, перад вадкакрысталічным маніторам і барабаніш па клявішах. Ня ў шахце ж, а стамляесься так, нібыта увесь дзень мяхі грузіў. Вось табе і «белыя каўнерыкі». Навукоўцы вылучаюць цэлы «букет» офісных хваробаў, так што мае рацыю Шнур.­

 

Штодзённая праца нон-стопам адбіваецца, і даволі сур’ёзна, як на фізычным, так і на маральным стане офісных працоўных.

«Трымайце сьпіну!» — лепш ня трэба

З самага дзяцінства мы чуем пра тое, што трэба сядзець роўна. І толькі ў адзінак атрымалася захаваць паставу.

А сьпіна — гэта ж наш тыл. Стан пазваночніка шмат у чым вызначае агульны стан арганізму. У ЗША боль у сьпіне зьяўляецца асноўнай прычынаю працоўных траўмаў. У мільёнаў людзей пакутуе апорна-рухальная сыстэма, узьнікае скаліёз, остэахандрозрадыкуліт.

Магчыма, прычынаю і ёсьць менавіта гэтая славутая пастава. Канадзкія дасьледчыкі высьветлілі, што з трох асноўных позаў: з роўнаю сьпіною, ссутуліўшыся, адкінуўшыся на сьпінку крэсла — апошняя самая лепшая для сьпіны. Адзінае, што ня ў кожным офісе супрацоўнікам дазволяць працаваць паўлёжачы.

Можна ўзяць прыклад са швэдзкага консула на Беларусі Стэфана Эрыксана. Сярод ключавых словаў, зьнітаваных зь ягонай асобай, фігуруе «стол». Гэтая частка офісу ўжо стала прадметам зайдрасьці многіх офісных працоўных. Бярэм прыклад — за такім сталом працаваць стоячы гэтак жа зручна, як i седзячы. Відавочна, што консул цудоўна выглядае, праблемаў з вагою або недахопам энэргіі ў яго няма.

 

Everybody, move your body!

Нават калі і атрымаецца працаваць паўлёжачы (і не заснуць:), гэта наўрад ці выратуе нас ад іншых наступстваў.

Тэхналягічны прагрэс імклівей за чалавечую эвалюцыю. І нават сёньня мы усё яшчэ запраграмаваныя на мышачную актыўнасьць — на лад жыцьця паляўнічага або зьбіральніка. Хаця патрэбы ў рухах становіцца усё меней і меней.

Мільёны людзей праводзяць амаль увесь дзень седзячы. Нават калі яны правільна харчуюцца і сочаць за вагою, іхні арганізм усё роўна недаатрымоўвае руху і з таго дэградуе.

Рух — гэта неабходная умова нармалёвай працы арганізму, безь яго разьвіваюцца шматлікія хранічныя хваробы з-за парушэньня абмену рэчываў.

Больш таго, людзі самі імкнуцца да пасыўнага ладу жыцьця. Нават увечары заместа паходу ў які клюб — на канапу з чыпсамі ды піўком глядзець футбол пасьля цэлага дня працы ў офісе.

Зноўку варта браць прыклад са швэдаў. Галоўным уражаньнем майго сябра Зьмітра ад наведваньня Швэцыі была прыгажосьць і дагледжанасьць тамтэйшых людзей. Фітнэс у Швэцыі ўзьведзены ў культ. Хлопцы і дзяўчаты знаёмяцца ня ў клюбах і пабах, а ў трэнажорных залях і аквапарках.

 

Дасьледчыкі з Новай Зэляндыі выявілі, што больш за астатніх захварэць на тромбаэмбалію рызыкуюць супрацоўнікі офісаў. Кожны трэці патрапіўшы ў шпіталь з глыбокім вянозным трамбозам — клерк, які гадзінамі сядзеў за кампутарам.

Верхнія канечнасьці таксама пакутуюць з-за сядзеньня перад кампутарам. Ад няспыннага грукатаньня па клявіятуры у рукох узьнікае зьнямеласьць, слабасьць, у падушачках пальцаў «бегаюць мурашы» — а гэта можа прывесьці да хранічных захворваньняў кісьці.

Ад званка да званка

Тыя, хто затрымліваецца на працы, часьцей хварэюць на гіпэртанію. У іх павышаецца рызыка заўчаснай сьмерці. Надта апантаныя працаю больш пастаўленыя пад розныя захворваньні, траўмы, сардэчныя прыступы.

Жанчыны, якія працуюць ад відна да відна, больш паляць і ядуць прыхапкам, меней займаюцца спортам, не пасьпяваюць сачыць за сабой.

Нават неістотны «перадоз» працы можа аказаць самае нэгатыўнае узьдзеяньне на арганізм. На 14 адсоткаў павялічваецца рызыка зарабіць падвышаны ціск у тых, хто працуе 41–50 гадзінаў на тыдзень — у параўнаньні з стандартнымі 40 гадзінамі.

У тых, хто працуе болей за 51 гадзіну, рызыка узрастае на 29%.

Калі супрацоўнік сядзіць на працы болей 12 гадзінаў у дзень, рызыка захварэць у яго павышаецца на 37%.

Праца vs сэкс 

Японскія сацыёлягі высьветлілі, што больш за траціну сямейных параў у гэтай высокаразьвітой краіне не займаюцца сэксам. Міністэрства аховы здароўя і сацыяльнага забесьпячэньня апытала 1400 чалавек. І жахнулася: 39,7% параў Японіі ва ўзросьце 16–49 год не займаліся сэксам болей месяцу. І гэтая лічба расьце.

Тлумачыцца тое ладам жыцьця японцаў: яны сыходзяць з хаты рана, вяртаюцца позна, сілаў на гэты занятак, што вымагае пэўных фізычных высілкаў, не застаецца. А на выходных або ў вольны час японцы аддаюць перавагу сну або сустрэчы з калегамі.

 

Нямецкія навукоўцы пацьвярджаюць узаемасувязь сэксуальнага і працоўнага жыцьця: чым меней чалавек займаецца сэксам, тым больш часу і энэргіі ён аддае працы. Пары, якія не займаюцца сэксам, будуць адчуваць стрэс і прымушаць сябе больш працаваць.

Дасьледчыкі выявілі, што 36% мужчын і 35% жанчын, якія займаюцца сэксам раз на тыдзень, бяруць дадатковую працу, каб кампэнсаваць свае патрэбы.

Але гэта — замкнёнае кола. Дадатковая абавязкі не вызваляюць ад стрэсу, а ўзмацняюць яго. Часу на прыватнае жыцьцё, нават калі б яно і наладзілася, не застаецца. Таму стрэс і незадаволенасьць толькі назапашваюцца.

Маладым куды ў нас дарога?

Пакаленьне 18–35 год уклала ўвесь свой час і грошы ў веды, а зараз сядзіць за кампутарам цэлымі днямі, часу на адпачынак, спорт, знаёмствы не застаецца. Ня кажучы ўжо пра сямейнае жыцьцё, дзяцей. Маладыя людзі да таго ж і не атрымоўваюць грошаў дастаткова, каб жыць асобна.

У той жа час, мэдыкі засяроджваюць увагу, што сьмяротнасьць ад няправільнага ладу жыцьця да 2015 узрасьце ўдвая. Пры тым тэмпы нараджальнасьці ў многіх краінах, асабліва ў Эўропе, імкліва зьніжаюцца. І гэта зразумела: калі праца замяняе сэкс, адкуль узяцца дзеткам?

Што ж рабіць? Варыянт даўншыфтынгу не для ўсіх прыдатны. Для пачатку трэба асэнсаваць каштоўнасьць свайго ўласнага жыцьця і кожнай яго хвіліны, якая ўжо ніколі не паўторыцца. І памятаць, што ўсё мусіць быць гарманічным і збалянсаваным.

SlaDa 15:53, 27/11/2007 | Артыкулы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1134 seconds.