Адзіны правапіс: раз’яднае ці злучыць?

Бог даў беларусам граматыку «як чуеш , так і пішаш». Чорт дадаў выключэнні і запазычанні. Так з’явіўся правапіс. 28 верасня на «круглым стале», зладжаным Таварыствам беларускай мовы імя Ф.Скарыны, навукоўцы, даследчыкі і выкладчыкі абмяркоўвалі Праект Закона «Аб Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі», які будзе разглядацца ў першым чытанні сесіі Палаты Прадстаўнікоў РБ.

«Джын выляцеў з бутэлькі»

Аляксандр Лукашанец, старшыня Інстытута Мовазнаўства АН, адзначыў, што «законы трэба рабіць асцярожна». Ён упэўнены, што новы закон зможа хутчэй спыніць разнабой у правапісе.

«Праца над ім вялася прадуманая, каб мінімальна парушыць пісьмовую традыцыю. Такім чынам, літаратура папярэдніх часоў будзе даступная. І новая рэдакцыя дазволіць у пэўнай ступені спыніць арфаграфічны разнабой у кнігавыдавецтве, што вельмі важна для школьнікаў. Прасцей было б застацца пры правапісе 1959 года, але гэта немагчыма практычна. Джын ужо выляцеў з бутэлькі…»

«Ёсць ці ня ёсьць?»

Апанентам выступа сп.Лукашанца стаў старшыня пратыі БНФ «Адраджэнне», філолаг, Вінцук Вячорка. Ён падлічыў, што сярод беларускамоўных карыстальнікаў Інтэрнэту большасць аддае перавагу «класічнаму» правапісу. Так, пошукавік падае 299 тысяч спасылак на слова «ёсьць» і 166 тысяч на «ёсць». І прапанаваў збліжэнне двух існуючых моўных традыцый, т.зв. «наркамаўкі» і «тарашкевіцы».

Сэкс ці секс?

У мове няма тэарэтычных падмуркаў – прынцыпаў арфаграфіі. І такая неўнармаванасць кранае, перш за ўсё, школьнікаў. Незразумела, як правільна пісаць сэрвіс ці сервіс, сэкс ці секс, біатлон ці біятлон. І новы праект закона не вырашае гэтага пытання. Папросту няма слоўнікаў! – адзначаў Уладзімір Кулінховіч.

Сапраўды, у розных слоўніках савецкага часу вы можаце знайсці два розных варыянта напісання слоў. Напрыклад, з’ініцыяваць і зініцыяваць. Ці стане ад гэтага больш жадаючых здаваць тэсціраванне па беларускай мове? Гэтым пытаннем задаваўся Ігар Клімаў. Пытанні ўзнікаюць і з новымі правіламі напісання вялікай літары. Напрыклад, словы сцяг, гімн, герб павінны будуць пісацца з вялікай літары. Але незразумела: гэта будзе датычыцца толькі беларускай сімволікі ці ўсіх краін свету?

Выклікаюць непакой ў навукоўцаў «скалечаныя рускія калькі». У нашым слоўніку да словаў учотчык, рабяты, магазін можа далучыцца заўгас, амон і нш.

Разглядаўся таксама і сацыяльна-лінгвістычны аспект. Вераніка Курцова, якая займаецца пытаннем дыялектаў у Інстытуце Мовазнаўства, лічыць «што сёння гарадскія жыхары не гатовы прыняць варыянт «тарашкевіцы». Граматыка1918 года была прынята, калі большасць беларусаў жыла ў вёсках, зараз абсалютна адваротная сітуацыя».

Контраргументам сталі словы старшыні ТБМ імя Ф.Скарыны Алега Трусава:

«Беларускі горад засялілі вяскоўцы. Зараз жыве іх трэцяе пакаленне. Таму людзі гатовы вывучаць тую мову, якую мы ім прапануем.»

Дарэчы, у гэтым годзе ўзрасла цікавасць да беларускай мовы ў Мінску. Не ўсіх жадаючых першакласнікаў прынялі ў беларускамоўны клас. Пры гэтым практычна ліквідавана адукацыя па-беларуску ў Гродна, дзе застаўся толькі адзін беларускамоўны клас з 14 чалавек.

«Для студэнтаў заўжды новым аказваюцца нормы вымаўлення беларускай мовы, вось гэта і неўнармавана», – такі тэзіс выказала Людміла Дзіцэвіч, выкладчык з 30-гадовым стажам, сябра ТБМ. «Перанос спрасцілі – дзякуй, але новыя правілы наконт напісання галосных пасля прыставак на зычную… Складана ўявіць, што мы будзем пісаць педынстытут і контрыгра! Таксама незразумелае напісанне ў словах вялікай літары. Чаму «Дзень Нараджэння» па новых правілах трэба пісаць адно слова з вялікай, а другое з маленькай літары? Ужо свята, дык свята! Усё гэта страшэнна заблытае навучэнцаў!»

«Добры закон памяншае колькасць парушэнняў, дрэнны – іх павялічвае»

Вялікую ўвагу на «круглым стале» надалі разгляду юрыдычнага боку Праекта Закона.

«Закон прымаецца як абавязковы, але пры гэтым не агаворваецца, якім будзе пакаранне за непадпарадкаванне. Што будзе з «Нашай нівай» ці «Дзеясловам», калі яны і надалей будуць выкарыстоўваць «клясычны правапіс»? Што будзе з чалавекам, які ў сваім звароце напіша слова прэзідэнт з малой літары?» – адзначаў юрыст Юры Чавусаў. «Я працую ў судах па-беларуску, але сёння адсутнічаюць нарматыўныя акты на роднай мове. Наша Палата Прадстаўнікоў рускамоўная. Як яны змогуць разгледзяць усе дэталі Праекта Закона? Эфектыўнымі па гэтым пытанні маглі б стаць парламентскія слуханні, як гэта было пры рашэнні ўвядзення смяротнага пакарання. Запрасіце спецыялістаў, якія змогуць дэтальна разглядзець новы закон!»

Удзельнікі «круглага стала» пагадзіліся, што праект закона па ўнармаванню мовы павінны быць прыняты, а ўсе заўвагі і прапановы ТБМ накіруе ў Палату Прадстаўнікоў РБ.

А я задумалася над надзённым: колькі людзей пасьля гэтага закона перадумае здаваць ЦТ, таму што новыя правілы спужаюць выпускнікоў; колькі людзей так і не стануць размаўляць па-беларуску, бо будуць баяцца дапускаць памылкі, колькі паэтаў і пісьменнікаў так і не надрукуюць творы на нацыянальнай мове з-за няўпэўненасці ў правільнасці мовы? Насамрэч, бяда беларускай мовы з яе ўжыткам, а не з напісаннем.

У зьвязку з кантэкстам матэрыялу правапіс аўтара захаваны.
Каманда Generation.by

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0903 seconds.