У ЭГУ пачалася рэгістрацыя на курсы дыстанцыйнага навучаньня восеньскага сэмэстра

Да 28 верасьня 2007 года ў Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце (ЭГУ) ідзе рэгістрацыя на курсы дыстанцыйнага навучаньня восеньскага сэмэстра 2007-2008 навучальнага года. Для грамадзян і сталых рэзыдэнтаў Беларусі навучаньне на дыстанцыйных праграмах бясплатнае. Да 30 кастрычніка таксама ўсё яшчэ можна паступіць у ЭГУ на завочныя бакаляўрскія праграмы.

Для вывучэньня ў дыстанцыйным фармаце ў восеньскім сэмэстры 2007-2008 навучальнага года ЭГУ прапануе 61 курс па усіх кірунках навучаньня ва унівэрсытэце:

  • па дызайне,
  • візуальных і культурных дасьледаваньнях,
  • сучасным мастацтве,
  • турызьме і рэкрэацыі,
  • журналістыцы,
  • гісторыі,
  • паліталёгіі,
  • філязофіі і праве.

Выпускнікі дыстанцыйных курсаў атрымаюць пасьведчаньні і сэртыфікаты ЭГУ, якія могуць быць улічаныя пры паступленьні на дзённыя або завочныя бакаляўрскія праграмы ЭГУ або выкарыстаныя для падачы ў іншыя замежныя ВНУ, а таксама ў якасьці пасьведчаньня павышэньня кваліфікацыі.

У адукацыйным працэсе, які ажыцьцяўляецца праз Інтэрнэт, выкарыстоўваюцца самыя сучасныя інфармацыйныя тэхналёгіі і мэтад выкладаньня. Асноўны аб'ём курсаў выкладаецца на рускай або беларускай мовах. Некаторыя спэцыяльныя дысцыпліны, уключаючы курсы па прафэсійнай тэрміналёгіі, чытаюцца на замежных мовах: ангельскай, нямецкай, французскай.  

Дыстанцыйнае навучаньне ў ЭГУ - гэта ўнікальная магчымасьць атрымаць дадатковыя веды і навыкі, вывучыць новыя для сябе дысцыпліны, павысіць сваю кваліфікацыю ў асобных галінах сацыяльных і гуманітарных ведаў.  

Ідучы насустрач шматлікім просьбам абітурыентаў, унівэрсытэт прыняў рашэньне падоўжыць да 30 кастрычніка 2007 года прыём дакумэнтаў на завочныя бакаляўрскія праграмы.

Нягледзячы на тое, што вучэбны працэс на завочным аддзяленьні пачынаецца 1 кастрычніка, па меркаваньні дырэктара цэнтра завочных і дыстанцыйных праграм ЭГУ праф. Рыгора Якаўлевіча Міненкова «пазьнейшае уключэньне ў вучобу не створыць вялікіх праблем для новых студэнтаў. Гнуткасьць, забясьпечаная дыстанцыйным фарматам арганізацыі завочнага навучаньня ў ЭГУ, дазваляе пасьпяхова вырашаць дадзеную праблему». 

Нагадаем, што пасьля закрыцьця ЭГУ ў Менску ў 2004 годзе ўнівэрсытэт аднавіў сваю дзейнасьць у Вільне ў якасьці афіцыйна зарэгістраванага літоўскага ўнівэрсытэта. Штогод у ЭГУ навучаюцца больш за 1500 чалавек, прычым каля паловы з іх атрымлівае адукацыю праз Інтэрнэт, не пакідаючы Беларусі, у межах завочных і дыстанцыйных праграм унівэрсытэта.

Сёлета свой выбар на карысьць атрыманьня сучаснай эўрапейскай гуманітарнай адукацыі ў ЭГУ ужо зрабіў рэкордны лік маладых беларусаў. З 1 кастрычніка, калі ва унівэрсытэце пачнецца новы навучальны год, беларуская студэнцкая супольнасьць у Вільне павялічыцца на 216 чалавек, прынятых на дзённыя бакаляўрскія праграмы ЭГУ. Студэнтамі-завочнікамі першага курсу на дадзены момант сталі больш за 300 чалавек.

Падрабязная інфармацыя аб адукацыйных праграмах Эўрапейскага гуманітарнага унівэрсытэта, правілах прыёму і умовах навучаньня знаходзіцца на сайце ЭГУ па адрасе: www.ehu.lt.

/Паводле прэс-рэліза ЭГУ

12:30, 18/09/2007 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0693 seconds.