Прэм'ера «Свабоднага тэатру» прайшла пад пільным кантролем міліцыі

Прэм’ера п’есы «11 кашуль» Эдварда Бонда ў пастаноўцы францускага рэжысэра Крысьціяна Бэнэдэці і выкананьні «Свабоднага тэатру» нарэшце адбылася ў невялікай вёсачцы пад Ракавам. Хаця і не без прыгод: міліцыя зноў завітала на імправізаванае вясельле. Абышлося без «дарагіх падарункаў».

Непасрэдна перад тым, як акторы выйшлі на «сцэну», адбыўся «спэктакль», падрыхтаваны праваахоўнымі органамі. Каб не паўтарыліся прыгоды папярэдняга вечара, прыйшлося адмовіцца ад калектыўнага выезду за горад. Госьці дабіраліся на ўласных машынах, папярэдне кожнаму выдалі мапу.

Аднак на мапе ня быў пазначаны пост міліцыі. Таму для тых, хто выехаў раней, гэта стала сюрпрызам: на апошнім павароце стаяла машына з міліцыянтамі, а таксама белы мэрс зь людзьмі ў чорных акулярах.

Міліцыянты правяралі дакумэнты і запытваліся, куды едзем. Стратэгічны паварот быў перакрыты. Хто казаў, што едзе на вясельле, а Аляксандр Мілінкевіч і Іна Кулей, напрыклад, адказалі, што «проста любуюцца прыгажосьцю беларускіх мясьцін». На што ім і прапанавалі ехаць «проста», бо налева ўсё замініравана. Некаторыя так і рабілі – ня збочвалі там, дзе трэба, а ехалі проста, а там лесам ішлі да месца.

Нас, да прыкладу, на тэрыторыю сядзібы, дзе мусіла адбыцца прэм’ера, правезьлі ў машыне намесьніка амбасадара Чэхіі. Сярод гасьцей таксама быў Стэфан Эрыксан – консул Швэцыі.

Калі больш менш народ падцягнуўся, да віншаваньняў «жаніха і нявесты» з трэцім днём «вясельля» далучыліся нястомныя міліцыянты. Яны вырашылі скласьці сьпіс гасьцей: паперай запасьліся добра. Прысутныя, аднак, ня моцна зьвярталі на іх увагу: пілі, гулялі, жартавалі. Паколькі няпрошаных гасьцей да стала не запрасілі, яны пакрыўдзіліся і сышлі. Але сьвята не пакінулі – назіралі па-за плотам.

Як бы там ні было, а часу ўсе гэтыя прыгоды скралі нармалёва: «Свабодны тэатар» пасьпеў паказаць толькі два з трох заплянаваных спэктакляў.

Пасьля пацалунку «маладых» да гасьцей выйшаў іх хросны бацька - Крысьціян Бэнэдэці. Ён адзначыў тое, як прыгожа змагаюцца Мікалай Халезін і Натальля Каляда – кіраўнікі «Свабоднага тэатру». Крысьціян Бэнэдэці адкрыў Францыі Эдварда Бонда, пры гэтым ён вельмі высока ацаніў выкананьне п’есы «11 кашуль» «Свабодным тэатрам». Сам Эдвард Бонд дазваляе ставіць яго творы ў маленькіх клюбах, барах, на кватэрніках – адным словам, там, дзе многа моладзі і ёсьць непасрэдны кантакт гледача і актора.

«11 кашуль» вельмі ў брыфе «Свабоднага тэатру». У п’есе знайшлося месца пытаньням чалавечай годнасьці, сьмеласьці, жыцьця і сьмерці, вайны, сталеньня. І аб тым, што бывае, калі цябе ў вочы глядзіць такі ж самы чалавек, як і ты, але вы – на розных баках вайны. І што жорсткасьць – гэта праяўленьне слабасьці.

Але такія тонкасьці былі заўважны толькі гледачам. Міліцыянты ў свае біноклі бачылі на сцэне толькі людзей зь вінтоўкамі і нажамі, з ваеннай расфарбоўкай на твары. Ня цяжка здагадацца, аб чым падумалі ахоўнікі правапарадку.

«Легенды дзяцінства» таксама былі прадстаўлены ў новай форме. Акрамя чатырох актораў, свае гісторыі распавялі Рома і Алеся – звычайныя людзі, якія першы раз стаялі на сцэне. А апынуліся яны там пасьля кастынгу, які быў абвешчаны «Свабодным тэатрам».

Ну а пасьля быў цудоўны вечар пад музыку dj Laurel. Сьвежае паветра, бегаюць дзеткі, зоркі на небе, госьці і акторы размаўляюць на самыя разнастайныя тэмы, людзі сьмяюцца і радуюцца жыцьцю – і нават ня верыцца, што хтосьці мог гэтаму перашкодзіць.

Толькі і застаецца, што пагадзіцца з Крысьціянам Бэнэдэці – прыгожа змагаецца «Свабодны тэатар», за што ўсім яго ўдзельнікам вялікі дзякуй. Пасьля такіх прэм’ер упэўніваесься, што яно таго вартае.

Фота з adeef.org­

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0796 seconds.